Вы тут

З тысячы непаўналетніх дзяўчат 45 становяцца мамамі


Па статыстыцы, з тысячы непаўналетніх дзяўчат 45 становяцца мамамі. Яны баяцца нараджаць, закрываюцца ад усіх, не ведаюць, да якіх спецыялістаў звярнуцца па дапамогу, і ўвогуле саромеюцца прызнацца, што носяць дзіця. Праблемы ранняй цяжарнасці абмяркоўвалі на круглым стале па выніках праекта «Непаўналетнія і маладыя адзінокія мамы», арганізатарам якога выступіла грамадскае аб'яднанне «Здаровы выбар» пры падтрымцы Форума Сюд (Швецыя).


Па бацькоўскім сцэнарыі

«Зіна са шчаслівай шматдзетнай сям'і. Бацькі разам вось ужо 30 гадоў, гадуюць шасцярых. Першынца Зініна маці нарадзіла ў 15. Сама дзяўчына зацяжарыла ў старшых класах. Але лёс яе ўласнай сям'і склаўся не так удала. Бацька дзіцяці не затрымаўся: збег да іншай. Калі Зіна тэлефанавала яму, каб расказаць, што нарадзіўся сын, нават не падняў трубку. Дзяўчына вырашыла, што выхоўваць малога будзе адна, не стала падаваць на аліменты».

Прынята думаць, што ранняя цяжарнасць характэрная пераважна для дзяўчат з праблемных сем'яў. Але, па выніках даследавання арганізацыі «Здаровы выбар», усё не так адназначна. Часта мамамі становяцца школьніцы са шматдзетных сем'яў і тыя, чые маці самі нарадзілі ў юным узросце. Яны паўтараюць жыццёвы сцэнарый бацькоў.

Разам з тым сярод маладых мам шмат сірот. І перад імі паўстае жыллёвае пытанне.

— Нам не хапае прытулкаў для дзяўчат. Той, які ёсць у нашай арганізацыі, заўсёды запоўнены, — звяртае ўвагу на праблему юрыст цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» Кацярына ГУРЭЕВА. — Згодна з рэкамендацыямі Камітэта па правах жанчын і гендарнай роўнасці Еўрапейскага парламента, у кожным населеным пункце на 10 тысяч чалавек павінны быць два такія прытулкі. Яны звычайна ствараюцца недзяржаўнымі арганізацыямі, таму мы цяпер шукаем фінансаванне на адкрыццё крызісных пакояў.

З маці — шанцаў няма...

«У 15 гадоў Даша зацяжарыла. Маці, якая сама нарадзіла дачку ў 17, успрыняла навіну ў штыкі. Яна папракала Дашу, не прымала яе хлопца, будучага тату. Дома пастаянна былі скандалы, і дзяўчыне давялося пераехаць да бабулі. Праз пэўны час маці ўсё ж такі падтрымала дачку. Цяпер яна галоўны памочнік для маладой сям'і. А Даша ў свае 19 збіраецца ў найбліжэйшы час нарадзіць трэцяга».

Да мам-школьніц грамадства ставіцца негатыўна. Асабліва востра гэта сітуацыя праяўляецца ў малых гарадах і вёсках. Дзяўчат асуджаюць урачы, настаўнікі, родныя. Некаторыя бацькі разглядаюць раннюю цяжарнасць дачкі як сямейнае гора.

— Усе хочуць добрага жыцця для сваіх дзяцей і лічаць, што стаць маці ў такім узросце — значыць, зламаць сабе лёс, — спрабуе растлумачыць пазіцыю бацькоў педагог-псіхолаг Валожынскага дзяржаўнага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна ДОЎНАР-СЛІЗСКАЯ.

Не дзіўна, што дзяўчаты часта хаваюць сваю цяжарнасць. Спецыялісты расказваюць пра выпадак, калі маці пяцярых дзяцей да апошняга не здагадвалася, што адна з яе дачок у «цікавым становішчы». «Як я магла заўважыць? — апраўдвалася жанчына. — Яна ў сакавіку гуляла ў футбол, а ўлетку ўжо нарадзіла».

Па звестках Міжнароднай федэрацыі планавання сям'і, траціна дзяўчат, якія зацяжарваюць у школьным узросце, робяць аборт. І ў многіх выпадках гэта рашэнне маладая мама прымае пад націскам бацькоў. «Мы ведаем: калі дзяўчына прыйшла на перадабортнае кансультаванне з хлопцам, мы можам яе адгаварыць, але калі яна прыйшла з маці — шанцаў няма, — канстатуе старшыня цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» Вераніка СЯРДЗЮК. — Маці — вельмі важная, дамінуючая фігура. Варта было б праводзіць семінары і для бацькоў школьніц, уздзейнічаць на іх».

Не выпадаць з жыцця!

«З бацькам свайго першынца Саша была знаёмая з дзяцінства: жылі непадалёк. На момант цяжарнасці дзяўчыны яму было 25 гадоў. Але бацькоўства ў планы маладога чалавека не ўваходзіла. Нават калі тэст ДНК аказаўся станоўчым, усё, на што пагадзіўся хлопец, — плаціць аліменты... Бацька другога дзіцяці быў прыезджым. Як высветлілася пазней, у іншым горадзе яго чакала жонка і двое малых — з імі ён і застаўся.

Цяпер Сашы 19. Як толькі малодшаму сыну споўніцца тры гады, плануе выйсці на працу. Дзяўчына паспела атрымаць прафесію швачкі і агародніцы, таму працаваць будзе па спецыяльнасці».

— Пры раннім мацярынстве дзяўчына выпадае са свайго асяроддзя. Мы настойваем на тым, каб юныя маці захоўвалі за сабой месца ў каледжы ці ўніверсітэце, бралі акадэмічны водпуск. Ці хутчэй паступалі ў навучальную ўстанову, пакуль тэрмін цяжарнасці дазваляе, бо гэта вельмі важна для іх сацыялізацыі, — заўважае Кацярына Гурэева.

Таццяна Доўнар-Слізская расказвае, што некаторыя дзяўчаты, каб хутчэй пачаць зарабляць, адмаўляюцца ад вучобы ў каледжы і звяртаюцца ў службу занятасці, дзе іх могуць адправіць на кароткія курсы. Цяпер, дарэчы, згодна з новым законам аб занятасці насельніцтва, маладыя мамы могуць навучацца на гэтых курсах бясплатна, а значыць, у нядаўніх школьніц будзе больш шанцаў уладкавацца на працу.

Даведка

Праект «Непаўналетнія і маладыя адзінокія мамы» рэалізоўваўся са жніўня мінулага года ў Валожынскім, Мінскім і Пухавіцкім раёнах. У ім удзельнічала каля 30 дзяўчат. Мэтай было падтрымаць іх на пачатку мацярынства, умацаваць веру ва ўласныя сілы. Для юных матуль праводзілі псіхалагічныя трэнінгі, сустрэчы з вузкімі спецыялістамі: педыятарам, лагапедам, інструктарам ЛФК, юрыстам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Нарадзіць у 15 і не застацца з праблемамі сам-насам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».