Вы тут

Дыспетчар забяспечыць кантроль


Сістэма аператыўна-дыспетчарскага ўпраўлення Беларускай энергасістэмы ўтварае тэхналагічную аснову функцыянавання электраэнергетыкі. Структурна яна ўяўляе сабой чатырохузроўневую сістэму кіравання: нацыянальны дыспетчарскі цэнтр РУП «ОДУ», цэнтральныя дыспетчарскія службы абласных энергасістэм, аператыўныя дыспетчарскія службы філіялаў электрычных сетак абласных энергасістэм і раённыя дыспетчарскія службы раённых электрычных сетак абласных энергасістэм.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства электраэнергетыкі «ОДУ» ажыццяўляе функцыі нацыянальнага дыспетчарскага цэнтра аб'яднанай энергетычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, забяспечвае бесперапыннае цэнтралізаванае аператыўна-дыспетчарскае кіраванне аб'яднанай энергасістэмай і яе паралельнай работай з электраэнергетычнымі сістэмамі замежных дзяржаў.


— Гісторыя аператыўна-дыспетчарскага ўпраўлення Беларускай энергасістэмы бярэ свой пачатак у далёкім 1947 годзе, — расказвае генеральны дырэктар РУП «ОДУ» Валерый ГАРАВІКОЎ. — Падчас рэарганізацыі электраэнергетыкі Савецкага Саюза для паляпшэння аператыўнай работы і ўдасканалення структуры аператыўнага кіравання энергасістэмамі ў лістападзе 1988 года ў складзе тэрытарыяльнага энергетычнага аб'яднання «Беларусэнерга» было створана ў якасці структурнай адзінкі Аб'яднанае дыспетчарскае ўпраўленне энергасістэм Беларускай ССР. Такім чынам, аператыўна-дыспетчарскае ўпраўленне аб'ектаў электраэнергетыкі вось ужо амаль 70 гадоў каардынуе работу электрастанцый і электрасетак для надзейнага і якаснага энергазабеспячэння спажыўцоў — не толькі самых актыўных, да ліку якіх адносяцца буйныя вытворчыя прадпрыемствы, але і самых дробных, якія, заходзячы ў кватэру або рабочы кабінет, нават не задумваюцца, хто і як забяспечвае святло і цеплыню.

Паводле слоў намесніка галоўнага інжынера Дзмітрыя КУДРАЎЦА, дыспетчары нацыянальнага дыспетчарскага цэнтра аб'яднанай энергасістэмы (дзяжурная змена) кругласутачна задаюць рэжым работы для дванаццаці самых буйных электрастанцый па краіне — Мінскіх ЦЭЦ-3, ЦЭЦ-4 і ЦЭЦ-5, Светлагорскай і Наваполацкай ЦЭЦ, Бярозаўскай і Лукомльскай ГРЭС, Магілёўскай ЦЭЦ-2, Бабруйскай ЦЭЦ-2, Гродзенскай ЦЭЦ-2, Мазырскай ЦЭЦ і Гомельскай ЦЭЦ-2. Кругласутачная работа аператыўнага персаналу галіны, на якой заняты дыспетчары ўсіх узроўняў абласных энергасістэм і РУП «ОДУ», забяспечвае зладжаную, надзейную і эканамічную работу электрастанцый, электрычных і цеплавых сетак.

«Ніводзін аб'ект не можа працаваць усляпую, без дыспетчара. Бо электраэнергія — гэта не тое, што можна пакласці на склад, неабходна вырабіць столькі, колькі будзе ўжыта, — тлумачыць начальнік дыспетчарскай службы
Аляксей СКАЛЬЧУК.
— Значыць, дыспетчар, для таго каб забяспечыць баланс, павінен кантраляваць, калі, дзе неабходна павялічыць выпрацоўку электраэнергіі, а калі знізіць падачу. Гэта магчыма на падставе адпаведнай інфармацыі, аналізу энергетычных і электрычных рэжымаў, прагназавання аптымальных графікаў работы асноўных станцый Беларускай энергасістэмы і рэжымаў работы сістэмастваральнай сеткі 220—750 кВ (з улікам выканання рамонтных работ на абсталяванні электрастанцый і электрычных сетак) для забеспячэння надзейнай і эканамічнай работы энергасістэмы.

Правільнае рашэнне дыспетчару дапамагае прыняць інфармацыя, атрыманая з праграмна-апаратнага комплексу прыёму, апрацоўкі і захоўвання тэлеметрычнай інфармацыі, што паступае з аб'ектаў аб'яднанай энергасістэмы Беларусі, сумежных замежных энергасістэм, і адлюстраванне яе ў рэжыме рэальнага часу на нацыянальным дыспетчарскім шчыце Беларускай энергасістэмы. Калі коратка, тут відаць, і якая нагрузка ў нашых электрасетках, і якая электрычная сувязь у пэўны момант з замежнымі краінамі.

У пачатку наступнага года завершыцца рэканструкцыя дыспетчарскай залы ў межах праекта «Рэканструкцыя дыспетчарскага шчыта галоўнага дыспетчарскага пункта Беларускай энергасістэмы». Гэта будуць новыя працоўныя месцы, з большымі магчымасцямі адлюстравання інфармацыі. Плануецца ўстанавіць спецыяльнае абсталяванне — 21 відэакуб. Атрымаецца відэасцяна агульным памерам 12 х 3,6 метра.

Істотную ролю ў рабоце дыспетчара па лакалізацыі і мінімізацыі наступстваў аварый у выніку пашкоджання энергетычнага абсталявання адыгрывае выбар уставак рэлейнай засцярогі і размяшчэнне сістэмнай супраць‑
аварыйнай аўтаматыкі, што ажыццяўляецца на падставе разліку токаў кароткага замыкання. Гэту работу выконваюць спецыялісты-рэлейшчыкі, якія разлічваюць устаўкі засцярогі і супрацьаварыйнай аўтаматыкі, выдаюць заданні на наладку прылад рэлейнай засцярогі. Іншыя службы РУП «ОДУ» — сувязі і вылічальнай тэхнікі таксама працуюць на дыспетчарскую службу.

Работа дыспетчара адказная і напружаная. Дарэчы, падрыхтоўка такога спецыяліста ажыццяўляецца на працягу паўтара года. У апошнія гады працягваюць укараняцца самыя прагрэсіўныя сродкі кіравання энергасістэмай, таму пастаянна падтрымліваецца высокі ўзровень кваліфікацыі персаналу.

Неабходна адзначыць ролю РУП «ОДУ» і ў арганізацыі перспектыўнага развіцця энергасістэмы, стварэнні ўмоў для інтэграцыі ў баланс энергасістэмы атамнай электрастанцыі, паляпшэння надзейнасці электразабеспячэння буйных прамысловых вузлоў нагрузак, стварэнні электраэнергетычнага рынку.

Без актыўнага ўдзелу спецыялістаў РУП «ОДУ» не абыходзіцца праектаванне і ўключэнне новых сучасных аб'ектаў генерацыі, абсталявання падстанцый сістэмастваральнай сеткі напружаннем 220—750 кВ. Сёння спецыялісты РУП «ОДУ» ўдзельнічаюць у працэсе інтэграцыі новага абсталявання падстанцый напружаннем 330 кВ «Паставы», «Мінск Паўночная» ў Беларускую энергасістэму. На заключным этапе знаходзіцца будаўніцтва і ўключэнне новых ліній электраперадачы, падключэнне комплекснага размеркавальнага прыстасавання з элегазавай ізаляцыяй 330 кВ Беларускай АЭС у межах рэалізацыі праекта «Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасці і сувязь з энергасістэмай». Значныя намаганні прыкладаюцца да распрацоўкі рэжымаў работы Беларускай энергасістэмы для падрыхтоўкі да выдачы магутнасці ад Беларускай АЭС, звязанай з працяглым адключэннем лініі электраперадачы 330 кВ.

За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, ініцыятыву і настойлівасць у вырашэнні задач калектыў РУП «ОДУ» неаднаразова быў узнагароджаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам энергетыкі. РУП «ОДУ» трапіла па выніках агульнарэспубліканскага праекта «Нацыянальны бізнес-рэйтынг» у Топ-100 прадпрыемстваў-лідараў Беларусі.

Святлана БАРЫСЕНКА, Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ

УНП 100059894

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».