Вы тут

Эканамічны рост — за кошт інавацый


Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў даў інтэрв'ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву «Reuters».


Адносіны з Захадам: трэнд на паляпшэнне

«Адбываецца пэўная актывізацыя дыялогу па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. За апошнія два месяцы ў мяне адбыліся перспектыўныя сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў шэрагу дзяржаў. Таму мяркуем, што мы дастаткова цікавыя нашым партнёрам. Абазначыўся трэнд, тэндэнцыя на паляпшэнне, а хутчэй на аднаўленне эканамічных адносін, якія былі яшчэ гадоў 7-8 таму», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Праграма МВФ: не любой цаной

«Перамовы ідуць канструктыўна. Нам удалося фармалізаваць асноўныя пытанні, датычныя ўмоў прыцягнення, індыкатыўных паказчыкаў, папярэдніх умоў», — заўважыў Андрэй Кабякоў.

Праўда, засталіся дзве складаныя групы пытанняў. Адна з іх датычыцца змены тарыфаў ЖКГ, а другая — удасканалення функцыянавання дзяржсектара эканомікі. «Супярэчнасцяў у частцы канцэптуальных падыходаў няма. Гаворка ідзе больш пра тэрміны. У прынцыпе, мы імкнёмся да таго, каб пачаць праграму ў першай палове 2017 года. Але не любой цаной. Мы хочам рабіць пераўтварэнні, якія неабходна рабіць, якія мы бачым і па якіх мы згодныя з МВФ. Але яны павінны адбывацца з адэкватнай хуткасцю, без цяжкіх сацыяльна-эканамічных наступстваў для грамадзян», — перакананы кіраўнік урада.

Супрацоўніцтва з Расіяй: паміж добра і яшчэ лепш

Беларусь разлічвае на дасягненне кампрамісу з Расіяй па пытанні паставак нафты і газу. «Мы разлічваем на тое, што па выніках актыўнага дыялогу, які цяпер ідзе, мы дасягнем кампраміснага выніку, — адзначыў прэм'ер-міністр. — Павінны быць супастаўныя, а лепш — роўныя ўмовы паміж суб'ектамі гаспадарання для таго, каб можна было весці размову па ўсіх чатырох свабодах эканамічнага саюза, а не разынкі з булкі выкалупліваць і лічыць, што астатнія павінны з гэтым пагаджацца».

На думку Андрэя Кабякова, Беларусь і Расія змогуць прыйсці да адзінага рашэння. «Наша супрацоўніцтва павінна ўлічваць інтэграцыйны складнік. У адваротным выпадку інтэграцыя проста не будзе працаваць», — сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік урада падкрэсліў, што Беларусь цікавіць не столькі цана на газ, колькі розніца ў цэнах паміж Беларуссю і Расіяй. «Калі ў рэгіёнах, якія знаходзяцца побач з Беларуссю, цана на газ у два з лішнім разы ніжэйшая, чым у Беларусі, то цалкам зразумела, што канкурэнтаздольнасць тавараў, якія вырабляюцца ў нас, будзе заведама горшая, чым на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, — адзначыў ён. — Таму гаворым: мы не супраць, калі вы ў сябе паднімеце цэны да ўзроўню, супастаўнага з беларускім, мы вам пытанняў не будзем задаваць. Але калі вы не можаце падняць у сябе ўнутры, тады прывядзіце цэны для Беларусі ў адпаведнасць з вашымі цэнамі. Тым больш што на гэта ёсць уся дагаворная прававая база, якая падпісана яшчэ ў 2011 годзе».

Па гэтых пытаннях краіны актыўна вядуць перагаворы з лета мінулага года. «Мы знаходзім пэўныя развязкі. У кастрычніку мы лічылі, што практычна ўсе пытанні вырашылі. Потым нашы партнёры змянілі сваю пазіцыю, гэта запатрабавала дадатковага раўнда перагавораў», — нагадаў Андрэй Кабякоў.

«Я не сказаў бы, што ў нас дрэнныя адносіны складваюцца з Расіяй у энергетычнай сферы. Размова ідзе хутчэй не паміж вельмі дрэнна і добра, а паміж добра і яшчэ лепш», — перакананы прэм'ер-міністр.

Нафтавая дыверсіфікацыя: разглядаюцца ўсе варыянты

Беларусь усебакова прапрацоўвае пытанне аб дыверсіфікацыі паставак нафты. «Такую дыверсіфікацыю мы вядзём, і гэта натуральна ва ўмовах краіны, якая не мае ўласных крыніц нафты, дастатковых для забеспячэння сваіх патрэбнасцяў», — адзначыў кіраўнік урада.

Гэта тэндэнцыя звязана не толькі з абмежаваннямі паставак расійскай нафты, якія былі ў другім паўгоддзі 2016 года. «Гэта вынік тых рашэнняў, якія прыняў урад Расійскай Федэрацыі», — канстатаваў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што «ўмовы пастаўкі нафты праз пэўны прамежак часу выраўнуюцца для Беларусі як члена інтэграцыйнага аб'яднання з усімі іншымі пастаўкамі нафты, якія існуюць у свеце».

«Заўсёды трэба мець магчымасць альтэрнатывы, каб можна было параўноўваць. Такой альтэрнатывай з'яўляецца азербайджанская нафта і не толькі. Мы разглядаем усе варыянты», — заўважыў кіраўнік урада.

Эканоміка — у «плюс», інфляцыя — у «мінус»

Налета ў Беларусі будзе забяспечаны эканамічны рост. «У выпадку захавання стабілізацыйных тэндэнцый у краінах — асноўных гандлёва-эканамічных партнёрах Беларусі і таго, што нам удалося зрабіць, каб стабілізаваць сітуацыю з пункту гледжання інфляцыйна-дэвальвацыйных працэсаў, мы разлічваем, што выйдзем на эканамічны рост у наступным годзе. Мы яго ацэньваем прыкладна ў 1,7 працэнта», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Інфляцыя працягне сваё зніжэнне. «Сёлета яна будзе крыху меншай, чым у прагнозе, парадку 11 працэнтаў. На наступны год наш прагноз каля 9 працэнтаў. Гэта дазволіць нам мець працэнтныя стаўкі па крэдытах банкаў на ўзроўні 17—18 працэнтаў. Пасля 33 працэнтаў, якія мы мелі на пачатак 2016 года, гэта істотны крок наперад. Мы мяркуем, што каля $5,5 мільярда ў нас будуць ЗВР (па выніках 2017 года), яны трохі прырастуць — без праграмы з МВФ», — заўважыў прэм'ер-міністр.

Эканамічны рост будзе забяспечвацца ў першую чаргу на базе інавацыйных праектаў. «Прыкладна палову прыросту — 0,9 працэнта — дасць традыцыйная эканоміка. Гэта (1,7 працэнта) наш базавы сцэнарый. Але бюджэт мы сфарміравалі зыходзячы з кансерватыўных перадумоў, каб не паўтарыць сітуацыю 2016 года. Базавы сцэнарый — гэта $45 за бараль. Кансерватыўны — гэта $35», — паведаміў кіраўнік урада.

Метадаў, звязаных з адміністрацыйным абмежаваннем цэн, не будзе. «Гаворка ідзе пра манетарнае рэгуляванне і абмежаванае змяненне цэн натуральных манаполій. Тарыфы ЖКГ, пасажырскія перавозкі — гэтыя рэчы мы будзем рэгуляваць, зыходзячы з магчымасцяў бюджэту і рэальнай сітуацыі па інфляцыі. Астатняе — манетарнае рэгуляванне, мы праводзім умерана жорсткую грашова-крэдытную палітыку», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.