Вы тут

У ваколіцах Белавежскай пушчы актыўна развіваецца сельскі турызм


Нічога выпадковага не бывае — лічыць Таццяна Ісаева, гаспадыня аграсядзібы «Польскі маёнтак». Вось і хаце, якая ўзведзена ў вёсцы Белая ў 1929 годзе, проста наканавана было стаць аб'ектам сельскага турызму. Некалі яны з мужам фактычна выратавалі гэты будынак ад знікнення. А потым не аднойчы ўпэўніваліся, што зрабілі правільна, бо захавалі часцінку гісторыі вёскі.


Стар­шы­ня сель­са­ве­та Сяр­гей БА­ГА­ЛЕЙ­ША  і гас­па­дар ся­дзі­бы Сяр­гей ПІС­КУН  на па­ро­зе до­ма 1929 го­да па­бу­до­вы.

Скарбы старога дома

Муж і жонка Сяргей Піскун і Таццяна Ісаева жывуць у вёсцы Селішчы. Пра тое, што спадчыннікі прадаюць стары дом у суседняй Белай, даведаліся выпадкова. Суседзі сказалі, што пакупнік ужо ёсць — ён мае намер разабраць будынак і вывезці яго на свой дачны ўчастак. Таццяна Мікалаеўна ведала, што дом узведзены недзе ў 20-х гадах, што тут некалі была школа, потым жылі людзі. Тады ў яе нарадзілася нават яшчэ не ідэя, а думка, што з гэтага можна зрабіць «разыначку» — гэта ж частка гісторыі вёскі, і немалая. Яна стала прасіць гаспадароў не прадаваць дом патэнцыйнаму дачніку. І ўгаварыла. І купіла сама.

Вядома, дом вельмі стары. Ён запатрабаваў вялікіх капіталаўкладанняў, бо давялося многа перарабіць, умацаваць, адрамантаваць. Цяпер ад былой хаты засталіся фактычна толькі сцены. У кухні ўдалося захаваць столь з таго самага, 1929 года. А калі падчас рамонту залезлі на гарышча, то зразумелі, што купілі скарб. Пад кучай старых рэчаў знайшлі чыгунок... Не, не з залатымі манетамі.

У пасудзіне было нешта старанна закручана ў пажоўклую газету і зверху засыпана мелам. Дасталі, а там — стос пісьмаў з фронту. Лісты, напісаныя прыгожым почыркам, расказваюць пра жыццё салдата на вайне.

Мяркуючы па тым, што некаторыя пасланні датуюцца летнімі месяцамі 1945 года, можна меркаваць, што аўтар пісем, франтавік Валодзя Брачук застаўся жывым. Як і чаму гэтыя пісьмы аказаліся ў чыгуне, Таццяна не ведае. Гаспадары дома мяняліся. Але ж нехта вельмі беражліва хаваў тыя франтавыя лісты.

Пакуль Таццяна і Сяргей не вырашылі, як будзе аформлена іх музейная экспазіцыя, прысвечаная дому. Але яна дакладна будзе. Тым больш што ёсць фотаздымкі, класныя журналы, іншыя дакументы са школы, якая за польскім часам размяшчалася менавіта тут. Ёсць шмат кніг, можа, са школьнай бібліятэкі, можа, з якой іншай. Напрыклад, дарэвалюцыйнае выданне твораў Пушкіна і Лермантава, адзін том «Вайны і міру» 1928 года, падручнік рускай гісторыі 1917 года. Старшыня Камянюцкага сельскага Савета Сяргей Багалейша адкрыў яго наўгад і доўга цытаваў нам параграф, прысвечаны расійскаму дамастрою. Здаецца, многае вядома на гэты конт, але ад фактаў, што прыводзіць падручнік 1917 года, мурашкі па скуры бегаюць. Тут жа вырашаецца, што з гэтага можна зрабіць асаблівы раздзел будучага музея, звярнуць увагу на каштоўнасць дабра і любові ў сямейных адносінах.

Ёсць у Таццяніным куфэрку і дакументы 30-х гадоў. Напрыклад, дазвол гаспадару на ўтрыманне каня. І такое, аказваецца, трэба было атрымліваць у сельскай адміністрацыі. Конь тады быў цяглавай сілай, якая дапамагала карміць сям'ю.

Знайшлася ў доме і талерка са свастыкай, на якой пазначаны 1940 год. Вайна не абышла гэтыя мясціны, а што было ў доме падчас акупацыі, гаспадарам яшчэ давядзецца высветліць. Для будучага музея гаспадыня сядзібы збірае мясцовыя ручнікі і фартухі. Няма падстаў сумнявацца, што Таццяна сфарміруе цікавую экспазіцыю, якую будзе з задавальненнем паказваць гасцям.

Кузня за грант

— Турысты прыязджаюць розныя, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Адным патрэбны еўраўмовы, іншыя цэняць аўтэнтычнасць. Іх прываблівае вясковы дом, дзе сустракаюць гаспадары, а ранкам ставяць на стол кубак свежага малака. У нас ёсць падсобная гаспадарка, карова, куры, іншая жыўнасць.

Умовы для пражывання ў іх таксама ёсць, маюцца на ўвазе гарачая вада і санвузлы. У наяўнасці і печка, дзе можна пасядзець ля агню. Адметнасцю сядзібы з'яўляецца кузня, дзе гаспадар вырабляе розныя прылады і сувеніры з жалеза. На ўладкаванне кузні пайшлі сродкі гранта, атрыманага дзякуючы праграме развіцця сельскіх тэрыторый і народных промыслаў ПРААН. Са сваім планам развіцця кавальскага рамяства яны выйгралі грант у памеры 15 тысяч долараў. Цяпер у гэтай кузні ладзяцца майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.

За час існавання сядзібы ў Белай пабывалі госці з Ізраіля, ЮАР, вядома, з Расіі, але найбольш тут прымалі суайчыннікаў.

Таццяна з Сяргеем прызналіся, што любяць стасункі з беларускімі турыстамі, асабліва з тымі, хто цікавіцца прыродай. Тут жа пушча побач. «Нават уздоўж дарогі можна знайсці дзясятак раслін-чырванакніжнікаў, — расказвае Таццяна Ісаева, — вельмі цікава паказваць іх гасцям, расказваць пра нашу пушчанскую прыгожасць». Нядаўна гаспадары «Польскага маёнтка» набылі яшчэ аднаго каня выключна для катання гасцей. Зараз той конік праходзіць навучанне на каняферме ў Столінскім раёне.

На бу­доў­лі  но­ва­га  аб'­ек­та.

Выжывае мацнейшы

Таццяне як адной з першапраходчыц аграэкатурызму ў раёне не раз даводзілася кансультаваць пачаткоўцаў. Яна кажа, што пры любой нагодзе ўгаворвае спадчыннікаў вясковых людзей не прадаваць бацькоўскія альбо дзедавы хаты, а пастарацца зрабіць з іх нешта цікавае. У Белай ужо дзве аграсядзібы на ўсяго паўсотні жыхароў, а магазін вясковы не закрываецца. Яго, дарэчы, любяць наведваць турысты. А гэта дадатковы стымул для гандлёвай установы — адпавядаць. Да гэтай пары былі з інтэрнэтам перабоі, але хутка павінны і гэтую праблему вырашыць. Усяго можна дабіцца, калі захацець, лічыць гаспадыня аграсядзібы са стажам.

Пагаджаецца з ёй старшыня Камянюцкага сельскага Савета Сяргей Багалейша. У названым сельсавеце зарэгістравана 22 сядзібы — гэта прыкладна палова ўсіх падобных аб'ектаў у раёне. А на ўездзе ў вёску Камянюкі брэсцкі прадпрымальнік пачаў будаўніцтва цэлага агратурыстычнага гарадка.

— За такую актыўнасць мы павінны быць удзячныя Белавежскай пушчы, — разважае кіраўнік мясцовай улады. — Вёскі сельсавета знаходзяцца на яе тэрыторыі. Тут проста грэх было б не займацца агратурызмам. Хоць варта прызнаць, што не ва ўсіх атрымліваецца аднолькава паспяхова. Некаторыя людзі рэгіструюцца, прыводзяць у парадак дамы, потым прымаюць некалькі груп гасцей і паніжаюць актыўнасць, а то і зводзяць яе ледзь не да нуля. Ну вось, напрыклад, не пашанцавала гаспадару з гасцямі: заехала кампанія, якой больш важныя не пушчанскія краявіды ды нацыянальная кухня, а беспрабуднае п'янства. Наступствы адпачынку ў такім выпадку вымяраюцца не толькі разбітым посудам і запэцканымі мэбляй ды падлогай, але і поўным расчараваннем гаспадароў.

Варта зазначыць, што праблемных пастаяльцаў адразу і не вылічыш, каб адмовіць ім на стадыі электроннай перапіскі. І гэта адна са складанасцяў сельскага турызму. Але найбольш настойлівыя і паслядоўныя часовыя цяжкасці пераадольваюць і рухаюцца далей.

Дарэчы, Камянецкі раён па колькасці агратурыстычных сядзіб займае першае месца ў вобласці.

— На сённяшні дзень у раёне дзейнічае 42 аб'екты сельскага турызму, — расказала метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга КРАСЬКО. — Мы пастаянна праводзім семінары, нарады для гаспадароў, дзе спецыялісты падатковых, юрыдычных службаў, банкіры даюць дзелавыя парады па развіцці сваёй справы. Памочнікамі для нас з'яўляюцца і такія вопытныя гаспадары, як Таццяна Ісаева.

Некаторыя працуюць цікава, творча. Напрыклад, сядзіба «Тры калодзежы» ў Баранцах можа служыць узорам культуры і еўрапейскага сэрвісу. Умовы пражывання і адпачынку там створаны на самым высокім узроўні. А сядзіба «Валерыя» — астравок народных традыцый. Яе гаспадыня радуе гасцей сапраўднай старабеларускай, ці, правільней сказаць, старапалескай, кухняй. Для гэтага яна ездзіць па навакольных вёсках, запісвае рэцэпты ў бабуль, запрашае іх да сябе на майстар-класы.

У нас ёсць славутасць і раскручаны брэнд — Белавежская пушча, — які дапамагае прыцягваць турыстаў. Але каб захаваць і пацвердзіць свой імідж, гаспадарам трэба круціцца, ствараць нешта асаблівае, арыгінальнае. Выжыве той, хто палюбіць гэту справу, лічыць Вольга Красько.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Як стары дом аграсядзібай стаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».