Вы тут

Медыцына сталічнага ўзроўню дайшла да глыбінкі


У Лёзненскім раёне няма праблем з кадрамі для медыцыны. Апошняя не саступае па якасці гарадскому ўзроўню. Бліжэйшая задача — пераход на электронныя карткі пацыентаў.


Калі ў пачатку размовы запытаў старшыню Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Тамару ДРЫЛЁНАК пра дзейнасць дэпутацкага корпуса, яна адзначыла практыку выязных пасяджэнняў.

— Кожны з дэпутатаў па чарзе расказвае пра сваю прафесійную дзейнасць. І паколькі народныя выбраннікі прадстаўляюць практычна ўсе галіны эканомікі, сацыяльнай сферы, вельмі карысна вывучыць іх вопыт. І праблемы, калі яны ёсць. Каб потым, зразумела, выпрацаваць шляхі рашэння. Нядаўна вывучалі такім чынам стан медыцыны ў раёне.

Цікава, што адначасова вечна занятым дэпутатам прапанавалі самім прайсці экспрэс-даследаванне стану іх здароўя. Высветлілася, што ў многіх павышаны ціск, у наяўнасці — сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Галоўны ўрач Лёзненскай Цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Варахобка (на фота)падкрэсліў, што кадравага голаду ў падуладнай яму «гаспадарцы» ўжо даўно няма.

Сакрэт вельмі просты: прадуманая прафарыентацыя. Маладыя землякі атрымліваюць дыпломы і вяртаюцца дамоў. У прыватнасці, ардынатуру праходзіць мясцовы стаматолаг. У раёне ёсць усе неабходныя спецыялісты, у тым ліку і вузкія.

— А калі ўсё ж трапляюць прыезджыя, вырашаем жыллёвае пытанне. І, паверце, мясцовая ўлада робіць гэта не дзеля «галачкі». Умовы пражывання нават у інтэрнаце дастойныя. Напрыклад, у жыллёвым блоку ёсць душавы пакой. І кватэры прадастаўляем, і дамы, — расказвае Ігар Варахобка.

Акрамя раённай бальніцы, ёсць дзве сельскія ўчастковыя — урача агульнай практыкі, столькі ж сельскіх урачэбных амбулаторый, 13 ФАПаў. Ва ўсіх установах працуюць каля 360 чалавек, у тым ліку і 45 урачоў. А колькасць насельніцтва Лёзненшчыны — каля 16 тысяч чалавек. Дарэчы, сёлета смяротнасць у раёне знізілася на 0,9%.

Падчас экскурсіі па бальніцы пераканаўся: умовы для лячэння вельмі добрыя.

— За пяцігодку праведзена вялікая работа па рамонце ўстаноў аховы здароўя. Поўным ходам ідзе рамонт паліклінікі ў Лёзна. Рамантавалі і ўчастковыя бальніцы, і ФАПы. Усяго засвоілі каля 4,4 мільярда рублёў (да дэнамінацыі). Набылі рознае абсталяванне: дэнтальны рэнтген-апарат, стаматалагічныя ўстаноўкі, велаэргаметр і гэтак далей. Штогод куплялі і «колы для хуткай», — кажа Ігар Варахобка.

На сёння, бадай, толькі перасадкай органаў у глыбінцы не займаюцца. Сёлета завяршаюць работу па пераходу на электронны рэцэпт. І актыўна рыхтуюцца да выкарыстання электронных картак, калі за некалькі імгненняў усе вынікі даследаванняў, інфармацыя пра прышчэпкі і іншае будуць «перакідвацца» на імянную картку.

Медыцына сталічнага ўзроўню ў правінцыі, такім чынам, не мара, а самая бліжэйшая перспектыва.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Лёзненскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».