Вы тут

Падводзім вынікі года разам з дэпутатамі Саветаў розных узроўняў


Канец снежня — час, калі мы не толькі марым аб падарунках пад ёлкай, але і падводзім вынікі. Узгадваем наша даўнішняе жаданне, якое мы загадалі пад бой курантаў, і думаем: а што мы сёлета зрабілі, каб яно збылося? Вынікі гэтага года мы падвялі разам з дэпутатамі Саветаў розных узроўняў.


Для некаторых 2016 год стаў доўгачаканым. У аграгарадку Бабінічы, напрыклад, пабудавалі і адкрылі станцыю па абезжалезванні вады. Праграма «Чыстая вада» ў рэспубліцы фарміруецца на пяцігодку, і  жыхары каля дзесяці гадоў чакалі, калі іх сельсавет уключаць у гэты праект. Расказвае старшыня Бабініцкага сельскага Савета дэпутатаў Віцебскага раёна Валянціна ВАРОНА:

— Дзякуючы дэпутату аблсавета Юрыю Дзядзёлу, мы нарэшце трапілі ў гэтую праграму. Увогуле ў Віцебскім раёне сем станцый. У гэтым годзе ў вёсцы Палудзеткі ў нас прайшла комплексная рэканструкцыя вуліц Цэнтральнай і Лясной. Яны былі пашыраныя, пакладзены новы асфальт, з'явіліся пешаходныя дарожкі, наладзілі асвятленне... Колькасць жыхароў на тэрыторыі нашага сельсавета стабільная, ад нас не імкнуцца з’язджаць у буйныя гарады. Ёсць квартал пад забудову катэджамі — людзі там селяцца і прапісваюцца. У гэтым годзе ў нас нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Увогуле маем 35 шматдзетных сем'яў, прычым у дзевяці з іх сёлета нарадзілася па трэцяму.

Люд­мі­ла ЭСА­НА­ВА: «Ка­лі на­ра­джа­ец­ца дзі­ця — гэ­та заў­сё­ды доб­рая на­ві­на».

«Калі нараджаецца дзіця — гэта заўсёды добрая навіна», — гаворыць Людміла ЭСАНАВА, старшыня Здзітаўскага сельскага Савета дэпутатаў Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У іх у гэтым годзе яшчэ ў двух бацькоў свята — нарадзілі па пятаму дзіцяці. Такіх вялікіх сямей на тэрыторыі сельсавета таксама пяць, што сімвалічна.

А вось ў сям’і Краўчанкаў з Лоеўскага раёна дзесяць дзетак. Яны атрымалі дыплом трэцяй ступені ў конкурсе «Сям'я года». Пра гэта расказала старшыня Лоеўскага раённага Савета дэпутатаў Гомельскай вобласці Аксана ЮКОЎСКАЯ. Сёлета ў яе раёне адбыўся фестываль творчых людзей старэйшага пакалення «Спадчына» і адкрылася майстэрня «Сувеніры Лоеўскага краю» ў межах праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». А ў мінулую пятніцу ў населеным пункце Суткоў усталявалі мемарыяльную дошку вядомаму ўрачу, Герою Савецкага Саюза Яўгенію Клумаву. Мерапрыемства адбылося падчас выязнога пасяджэння абласнога Савета дэпутатаў.

Старшыня Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Гродзенскай вобласці Міхаіл ПІСАРЫК адзначае, што гэты год увогуле прайшоў спакойна. Мы годна правялі выбары ў Палату прадстаўнікоў  і Савет Рэспублікі. Кожны год мясцовыя жыхары дастойна прадстаўляюць раён на конкурсах. Так, сёлета на абласных «Дажынках» першае месца сярод маладых вадзіцеляў на адвозе зерня заняў Аляксандр Зайцаў, кіроўца СВК імя Варанецкага Бераставіцкага раёна.

У многіх раёнах прайшло шмат мерапрыемстваў і ў сферы культуры. Наталля РАДЗЕВІЧ, старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў, расказвае, што ў іх раз на два гады праходзіць аматарскі фестываль краязнаўчых фільмаў. Сёлета ён адбыўся ўжо чацвёрты раз. Да яго падключыліся і рэжысёры-аматары з іншых раёнаў, напрыклад са Слонімскага і Наваполацкага. Акрамя гэтага, прэзідыум раённага Савета дэпутатаў падтрымаў ідэю аб адкрыцці класа імя Івана Лашуткі ў сярэдняй школе № 3 г. Вілейкі ў рамках праекта «Незабыўныя імёны Вілейшчыны». Стэнды расказваюць пра творчы шлях Івана Іосіфавіча. Гэты выдатны паэт у свой час працаваў там завучам. Ва ўрачыстым адкрыцці прыняў удзел дыктар Белтэлерадыёкампаніі Алег Вінярскі — даўні сябра паэта. Да таго ж Вілейскі раён пачаў рыхтавацца да Новага года. Так, падчас традыцыйнага шэсця Дзедаў Марозаў 23 снежня загарацца ліхтарыкі на галоўнай ёлцы горада і пройдзе святочны канцэрт. А нароўні з вырашэннем надзённых задач — такіх, як, напрыклад, зімовае забеспячэнне дарог, — дэпутаты раённых і сельскіх Саветаў будуць удзельнічаць у навагодняй акцыі і выпішуць дзіцячыя часопісы і газеты для хлопчыкаў і дзяўчынак з малазабяспечаных сем'яў.

Мі­ха­іл ЖА­ЛУ­ДОЎ: «Па­ра­да­ва­лі сё­ле­та на­шы га­ра­джа­не: плы­вец Ігар Бо­кій  за­ва­я­ваў шэсць за­ла­тых і адзін брон­за­вы ме­даль на Па­ра­а­лім­пій­скіх гуль­нях».

Насычаным на святы быў год у Бабруйску. «Парадавалі сёлета нашы гараджане, — расказвае старшыня Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў Міхаіл ЖАЛУДОЎ. — Дар’я Навумава, выпускніца школы алімпійскага рэзерву нашага горада, заваявала сярэбраны медаль на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра, а плывец Ігар Бокій — шэсць залатых і адзін бронзавы на Параалімпійскіх гульнях». У наступным годзе Бабруйск стане культурнай сталіцай краіны, але і сёлета жыццё горада было насычана мерапрыемствамі. Так, адкрылі помнік пісьменніку, сцэнарысту і кінарэжысёру Эфраіму Севелу. Ён быў ураджэнцам Бабруйска і ў сваёй кнізе апавяданняў «Легенды Інваліднай вуліцы» пісаў пра жыццё ў родным кутку. А тым часам горад не стаіць на месцы. Па словах Міхаіла Жалудова, сёлета было адноўлена 200 тыс. м2  асфальтавага пакрыцця. Разам з жыхарамі пабудавалі дзве новыя спартыўныя пляцоўкі ў мікрараёнах. Пачаў працаваць Парк моладзі, але яго добраўпарадкаванне яшчэ будзе працягвацца. У горадзе адкрыліся тры гандлёвыя цэнтры, у якіх стварылі 265 новых працоўных месцаў. Вырашаюцца і штодзённыя праблемы: на сесіі гарсавета ўздымалася пытанне па прафілактыцы ўжывання наркотыкаў. Раней у Бабруйску не праводзілі экспертызу, бо не было неабходнага абсталявання, і прыходзілася накіроўваць узоры ў Магілёў. Сёлета гэта праблема была вырашана. Сярод астатніх навін, якія запомніліся ў гэтым годзе, Міхаіл Жалудоў адзначыў выбары ў Маладзёжны парламент другога склікання і новы помнік у выглядзе бамбардзіроўшчыка СУ-24 у авіягарадку.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Такі насычаны год!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.