Вы тут

Лыжы, санкі, снаўборды, канькі — дзе і колькі яны каштуюць?


Надвор'е ў краіне ўсё больш відавочнымі намёкамі нагадвае пра тое, што прыйшла пара перабірацца з трэнажорнай залы, басейнаў і іншых спартыўных пляцовак на снежныя схілы. Наперадзе амаль тры доўгія месяцы зімы, таму, каб перажыць холад бязбольна, весела і з карысцю для здароўя, лепш абраць для сябе актыўны адпачынак. Таму мы здзейснім віртуальны экскурс па гарналыжных комплексах сталіцы і найбліжэйшых да Мінска тэрыторыях, каб падзяліцца з чытачамі «Звязды» самымі цікавымі прапановамі спартыўных цэнтраў.


«Сонечная даліна»

Гэта месца ідэальна падыходзіць для тых, хто не валодае асабістым транспартам ці проста не жадае выбірацца за межы Мінска. «Сонечная даліна» знаходзіцца ў сталіцы, у Курасоўшчыне, і мае зручную транспартную сувязь з усімі раёнамі горада. Комплекс працуе ў будныя, выхадныя і святочныя дні да 22 гадзін. Там ёсць усё для актыўнага адпачынку і нават для свята, як для карпаратыўнага, так і для сямейнага. На працягу ўсяго года ў цэнтры можна зняць альтанку з мангалам, дзе добра ладзіць пікнікі. Такое задавальненне абыдзецца ад 8 да 16 рублёў у залежнасці ад дня і колькасці чалавек.

У «Сонечнай даліне» можна пакатацца на горных і бегавых лыжах, снаўбордзе і цюбінгу. У комплексе чакаюць не толькі лыжнікаў з вялікім вопытам, але і пачаткоўцаў. Штодня працуе малы (вучэбны) схіл, на ўсіх горках ёсць інструктары, гатовыя прыйсці на дапамогу. Для камфортнага адпачынку прадугледжаны, вядома, і пад'ёмнікі. Акрамя гэтага, спецыялісты гарналыжнага цэнтра забяспечваюць комплексны сэрвіс лыж і снаўбордаў.

Кошты:

  • пракат гарналыжнага камплекта (лыжы, абутак, палкі) або пракат камплекта для снаўборда (снаўборд, абутак) на гадзіну — 9 рублёў па буднях і 12 па выхадных. На ўвесь дзень камплекты можна ўзяць за 20 і 25 рублёў адпаведна;
  • пракат гарналыжнага камплекта для дзяцей (да 12 гадоў) на гадзіну — 5 рублёў па будных днях і 6 рублёў па выхадных. На ўвесь дзень гарналыжны камплект можна ўзяць за 12 і 13 рублёў адпаведна;
  • пракат лыжнага камплекта (лыжы бегавыя, абутак, палкі бегавыя) на дзень — 8 рублёў па буднях, 10 рублёў па выхадных;
  • пракат цюбінга (1 гадзіна) — 6 рублёў па буднях і 8 па выхадных.
  • Кошт пад'ёмніка — ад 2 да 16 рублёў у залежнасці ад часу і схілу.

«Сілічы»

Гэты гарналыжны комплекс знаходзіцца прыкладна на адлегласці 32 км ад Мінска ў Лагойскім раёне. Дабрацца туды можна як на асабістым аўтамабілі, так і на аўтобусе № 350, які ходзіць штодня з ДС «Славінскага». Сярод зімовых забавак у цэнтры даступныя катанні на горных і бегавых лыжах, цюбінгу, снегаходзе, а прыемным дадаткам комплексу з'яўляецца коўзанка, дзе аматары не снегу, а лёду могуць атрымаць асалоду ад коўзання на каньках (плануецца, што яна пачне работу ў канцы снежня). Акрамя таго, гарналыжны комплекс «Сілічы» прапануе масу аздараўленчых працэдур для цела і SРА. Тут можна скарыстацца як адкрытымі, так і закрытымі альтанкамі для барбекю (арэнда ад 40 да 130 рублёў у залежнасці ад месцазнаходжання і колькасці чалавек). Але, мабыць, самым важным адрозненнем гэтага комплексу з'яўляецца наяўнасць мноства лыжных трас, розных па працягласці, складанасці і экстрэмальнасці. Для пачаткоўцаў — аматараў лыжнага спорту працуе школа, дзе кожны можа навучыцца асновам катання на лыжах або снаўбордзе. З панядзелка па суботу комплекс працуе да 22 гадзін, у нядзелю да 20.00.

Кошты:

  • пракат гарналыжнага або снаўборднага камплекта для дарослых (1 гадзіна) — 8 рублёў па буднях, 11 па выхадных. На ўвесь дзень камплект можна ўзяць за 22 і 27 рублёў адпаведна;
  • пракат гарналыжнага або снаўборднага камплекта для дзяцей (да 12 гадоў, на 1 гадзіну) — 4 рублі па буднях і 5,5 па выхадных. На ўвесь дзень — 11 і 13 рублёў адпаведна;
  • адзін спуск на цюбінгу — 1 рубель 50 капеек, пяць спускаў — 6 рублёў, 10 спускаў — 10 рублёў;
  • бегавыя лыжы — 8 рублёў за 1 гадзіну;
  • снегаход — 10 рублёў за 1 паездку (20,5 км).
  • Кошт пад'ёмніка — ад 2 да 50 рублёў у залежнасці ад часу і дня.

«Лагойск»

Гарналыжны комплекс «Лагойск» знаходзіцца на адлегласці 35 км ад Мінска і ўзвышаецца на 82 м. Акрамя асабістага аўтамабіля дабрацца туды вам дапамогуць аўтобусы (№№ 250, 251, 350, 351 з ДС «Славінскага»), якія ходзяць кожныя 20—30 хвілін. У будныя дні комплекс працуе з 14.00 да 23.00, у выхадныя — з 10 гадзін раніцы. Акрамя навагодніх карпаратываў, рэстарана і лазняў, цэнтр прапануе катанне на горных лыжах, снаўбордах і цюбінгах. У комплексе чакаюць аматараў актыўнага адпачынку з розным узроўнем фізічнай падрыхтоўкі, спецыяльна для гэтага прадугледжана гарналыжная школа і 5 трас з асвятленнем, схілы тут рознага ўзроўню складанасці з канатнай дарогай. Аматарам затрымацца на схіле даўжэй «Лагойск» падыходзіць ідэальна — па пятніцах і суботах тут арганізаваны начныя катанні (з 22.00 да 02.00).

Кошты:

  • пракат гарналыжнага або снаўборднага камплекта для дарослых (1 гадзіна) — 8 рублёў па буднях і 10 па выхадных. На ўвесь дзень камплекты можна ўзяць за 20 і 25 рублёў адпаведна;
  • пракат гарналыжнага або снаўборднага камплекта для дзяцей (1 гадзіна) — 4 рублі па буднях і 5 па выхадных. На ўвесь дзень камплекты можна ўзяць за 10 і 12 рублёў адпаведна;
  • начныя катанні — 12 рублёў за камплект і для дарослых, і для дзяцей (на 4 гадзіны).
  • Адзін спуск на цюбінгах — 2 рублі.
  • Кошт пад'ёмніка ад 2 да 20 рублёў у залежнасці ад часу, колькасці пад'ёмаў і дня.

«Якуцкія горы»

Парк актыўнага адпачынку «Якуцкія горы» размешчаны за 37 км ад Мінскай кальцавой дарогі ў Дзяржынскім раёне. Непадалёк ад самага высокага пункта краіны — Дзяржынскай гары. Каб даехаць туды на асабістым аўтамабілі, у навігатары дастаткова ўвесці назву вёскі Якуты, а вось дабрацца да парку на іншым транспарце праблематычна. Да 8 студзеня цэнтр плануе працаваць па буднях і выхадных днях, а далей толькі па пятніцах, суботах і нядзелях да 22 гадзін. Зімой у «Якуцкіх гарах» вы зможаце пакатацца на горных лыжах, снаўбордзе, цюбінгах, снегаходах і квадрацыклах, пагуляць у пейнтбол, зняць альтанку (ад 50 да 250 рублёў) і без праблем правесці сямейную або карпаратыўную ўрачыстасць. Дарэчы, пра гатоўнасць трас загадзя можна даведацца на сайце цэнтра. Цюбінгавая ўжо гатовая, а гарналыжная адкрыецца ў пачатку студзеня.

Кошты:

  • пракат гарналыжнага камплекта для дарослых першую гадзіну будзе каштаваць 5 рублёў, кожную наступную гадзіну 2,5 рубля (па буднях). Па выхадных — першую гадзіну 7 рублёў, кожную наступную 3 рублі;
  • пракат гарналыжнага камплекта для дзяцей першую гадзіну будзе каштаваць 3 рублі, кожную наступную гадзіну 1 рубель (па буднях). Па выхадных — першую гадзіну 3,5 рубля, кожную наступную 1,5 рубля;
  • пракат снаўборднага камплекта — першую гадзіну 6 рублёў, кожную наступную — 2 рублі (па буднях). Па выхадных — першую гадзіну 7 рублёў, кожную наступную 3 рублі;
  • пракат цюбінга — 10 рублёў;
  • пракат квадрацыкла (1 круг каля 900 м) — 5 рублёў;
  • туры на снегаходах (траса каля 6 км) — ад 5 да 45 рублёў у залежнасці ад умоў пракату;
  • пад'ёмнік — ад 1 да 11 рублёў у залежнасці ад дня і колькасці пад'ёмаў.

Гарналыжны цэнтр «Веста»

Спартыўна-аздараўленчы комплекс «Веста» знаходзіцца за 30 км ад Мінска па кірунку брэсцкай трасы. Дабрацца туды можна як на асабістым транспарце, так і на электрычцы (15—20 хвілін хады да цэнтра) ці на маршрутцы. «Веста» (гарналыжны комплекс) працуе штодня да 21-й гадзіны. Цяпер цэнтр прадстаўляе не толькі летнія, але і зімовыя забавы. Гарналыжны комплекс уключае ў сябе вялікі гарналыжны спуск (абсталяваны бугельным пад'ёмнікам), навучальны спуск, спуск для цюбінгаў і дзіцячую горку. Хто аддае перавагу больш спакойнаму адпачынку, можа пакатацца на каньках або бегавых лыжах.

Кошты:

  • пракат гарналыжнага камплекта для дарослых (1 гадзіна) — 7 рублёў па буднях і 10 па выхадных. На ўвесь дзень камплект можна ўзяць за 20 і 25 рублёў адпаведна;
  • пракат гарналыжнага камплекта для дзяцей (1 гадзіна) — 3,5 рубля па буднях і 4,5 па выхадных. На ўвесь дзень камплект можна ўзяць за 10 і 12 рублёў адпаведна;
  • пракат снаўборднага камплекта для дарослых (1 гадзіна) — 6,5 рубля па буднях і 9,5 па выхадных. На ўвесь дзень камплект можна ўзяць за 20 і 25 рублёў адпаведна;
  • пракат снаўборднага камплекта для дзяцей (1 гадзіна) — 3,5 рубля па буднях і 4,5 па выхадных. На ўвесь дзень камплект можна ўзяць за 10 і 12 рублёў адпаведна;
  • пракат цюбінга (1 гадзіна) — 7 рублёў па буднях і 8 па выхадных;
  • пракат бегавых лыж (1 гадзіна) — 6 рублёў для дарослых і 5 для дзяцей;
  • кошт пад'ёмніка — ад 3 да 21 рубля ў залежнасці ад часу, колькасці пад'ёмаў і дня;
  • пракат канькоў (1 гадзіна) — 4 рублі для дарослых і 3 для дзяцей;
  • аднаразовае наведванне коўзанкі — 3,5 рубля.

Напрыканцы адзначым, што амаль ва ўсіх прыведзеных комплексах маюцца снежныя пушкі, якія дазваляюць забяспечваць трасы снегам практычна ў любое надвор'е, таму не засмучайцеся калі паездка ў Букавель або Куршавель пакуль не па кішэні. На лыжах можна
пакатацца таксама ў Раўбічах пад Мінскам, у Баярах Маладзечанскага раёна, Мазыры, Магілёве і Рубе Віцебскай вобласці.

* Для падрыхтоўкі матэрыялу выкарыстана інфармацыя сайтаў гарналыжных комплексаў.

Да тэмы

Віталь Грыцэвіч, намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі:

— Нашы тураператары прапаноўваюць вельмі шырокі выбар зімовага адпачынку як для нашых грамадзян, так і для замежных. У першую чаргу іх прыцягвае кошт, у нас даволі танныя туры ў параўнанні з іншымі напрамкамі. Ну і, вядома, турыстычная галіна не стаіць на месцы — развіваецца, з'яўляецца ўсё больш новых праграм. Адзін з самых прывабных на сёння кірункаў — спартыўны турызм. Гарналыжныя комплексы ў Сілічах, Лагойску, Мазыры дазваляюць казаць пра тое, што калі раней людзі для занятку любімым відам спорту выязджалі за межы краіны, то цяпер маюць магчымасць займацца гэтым у Беларусі. Прытым за значна меншыя грошы, чым за мяжой, а вось сэрвіс нашых комплексаў не саступае замежным.

За 9 месяцаў 2016 года Беларусь наведалі 3 мільёны 257 тысяч турыстаў. Сярод тых, хто ўязджае ў краіну, у лідарах расіяне, украінцы, літоўцы, палякі і латвійцы. З больш далёкіх еўрапейскіх краін найбольш часта да нас прыязджаюць немцы. Сярэдняя працягласць знаходжання турыста ў Беларусі — 5 дзён. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў на тэрыторыі СНД.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сезон адкрыты!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.