Вы тут

Як фільм "Розум" трапіў на вялікі экран?


У дзень, калі беларускаму кіно спаўняецца 92 гады, я лічу гэты тэкст — водгук на беларускую поўнаметражку «Розум» — сімвалічным. Што ў нас было — найлепшыя фільмы Уладзіміра Корш-Сабліна, Валерыя Рыбарава, Льва Голуба, Віктара Турава, Валерыя Рубінчыка, Міхаіла Пташука — і што ідзе ў пракаце сёння? На вялікім экране аказалася новая «незалежная» карціна, дэбютная работа бізнесмена Яўгена Курэнчаніна, «першы навукова-фантастычны фільм» беларускага кінематографа. Ён атрымаў у Мінску шырокі двухтыднёвы пракат, пры гэтым карціну плануецца паказаць не толькі ў сталіцы і больш таго — не толькі ў краіне. Люблю амбіцыйнасць, але задаюся слушным пытаннем, як гэты фільм (дарэчы, вельмі паказальны для нашага кантэксту) увогуле трапіў на вялікі экран?


Не так даўно агучвалася думка, што галоўнай праблемай сучаснага беларускага кінематографа — апроч матэрыяльных складанасцяў, існуючай сістэмы дзяржаўнага фінансавання, неразвітай індустрыі і іншага — з'яўляецца адсутнасць у тых, хто прыходзіць у кіно, думак. Думаючае, здольнае аналізаваць рэчаіснасць, пакаленне і сучасныя беларускія кінематаграфісты не часта спалучаюцца ў адной асобе. Фантастычны дэтэктыў «Розум» — ідэальная ілюстрацыя гэтага меркавання. Сэнсу ў карціне — у яе непрапрацаванай навуковай канцэпцыі, у няўдалым сюжэце, у спосабе апавядання — няма. Нечага новага — таксама, нават наадварот: «Розум» уяўляецца зборам дрэнна адаптаваных ідэй і штампаў з іншых фільмаў. Сувязь з вядомай карцінай «Пачатак» Крыстафера Нолана і замежным фантастычна-дынамічным кантэнтам, напэўна, заўважыць кожны (і гераіню завуць Нола), толькі беларускую карціну гэта не ўпрыгожвае. У час адсутнасці ў айчыннага кінематографа ўласнага твару гэтыя амажы — неканкурэнтаздольныя побач з галівудскім прадуктам — не патрэбныя на вялікім экране?

Галоўны герой Майкл Райт вяртаецца ў каманду, якая займаецца «глыбокім апусканнем» у мінулае дзеля здабывання інфармацыі. Вяртаецца ён, каб зрабіць паслугу Франка Фернандэсу і правесці яго ў мінулае. Кліент аказваецца няпростым і мае хітрасплецены план па падпарадкаванні сабе ўрада — амаль як па заваяванні свету. Ён жа замешаны ў знікненні дзяўчыны Майкла Райта, якую той спрабуе знайсці, але так і не знаходзіць (напэўна, маецца на ўвазе, што яна будзе знойдзена ў сіквеле «Розуму», толькі на гэта ніяк не намякаецца). Па ходзе дзеяння аказваецца, што галоўны герой разам з геніем у белым халаце распрацоўвае тэхналогіі вандровак у будучыню. Нягледзячы на недапрацоўкі, ён рызыкуе і разам з камандай адпраўляецца ў наступны дзень, каб абыграць Фернандэса. Гэта павінна быць самай напружанай часткай фільма, бо «дастаць» членаў каманды з будучыні будзе складана (хаця выглядае гэта проста, навушнікі дастаў — і ўсё). Ну, з напружанасцю не ўсё атрымліваецца, але каманда ў поўным складзе вяртаецца ў рэальнасць і фільм канчаецца агульнымі планамі галоўных герояў, якія быццам гатовы да будучых подзвігаў. Дзяўчына галоўнага героя не знойдзена, лінія процістаяння Фернандэсу не закончана, дыспазіцыя паміж здраднікамі, спецслужбамі, сябрамі, геніем, злодзеем, урадам не высветлена, але канец быццам добры. Ужо пасля прагляду я даведалася, што Яўген Курэнчанін плануе зняць працяг, але стыль сувязі паміж фільмамі ў такім выпадку ён абраў серыяльны. Натуральна, гледача аб гэтым трэба папярэджваць, бо адказы яму цікава атрымліваць усё ж у межах адной карціны.

Драматургія, матываванасць, цэласнасць, завершанасць, мантаж, навізна, дынаміка, драматызм, гукавы рад — няўдалыя, і гэта ўсё, што трэба ведаць уласна пра фільм. Варта было б адразу пасля прагляду і ўсведамлення, што гэта прахадная работа, забыць пра яе і ніколі не ўспамінаць. Мы маглі б гэта сабе дазволіць у звычайных умовах, але не ў той сітуацыі, калі кожны беларускі поўнаметражны фільм, што трапляе ў сталічны пракат, становіцца ў нейкім сэнсе падзеяй. У тых звычайных умовах я б палічыла, што не трэба прысвячаць гэтай карціне цэлы тэкст, але ж «Розум» у нечым для нас тыповы, а яго аўтар — сапраўды з прэтэнзіяй: шырокі пракат і размовы пра тое, як у Беларусі можна здымаць добрае кіно, маючы на ўвазе, напэўна, сваё. Мяркуючы па некаторых апублікаваных выказваннях, для аўтара адбор пракатчыкаў важнейшы за адбор на Нацыянальны конкурс міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», куды яго не ўзялі. Толькі здаецца, у гэтым выпадку выбар сталічнага вялікага экрана не з'яўляецца знакам якасці.

«Розум» працягнуў тэндэнцыю не толькі адсутнасці думак, але і стаўлення да кіно як да атракцыёну (а гэта, прабачце, мысленне пачатку XX стагоддзя), а не як да трапяткой матэрыі мастацтва ці нават прыбытковага прадукту. Так часта нашы аўтары ідуць за падманліва прыгожым словам «кіно». Захапіцца паспяховымі, сусветна вядомымі, куражнымі дэтэктывамі і трылерамі — вельмі лёгка, мне гэта пачуццё зразумелае. Але чаго нельга ўхваляць, дык гэта амбіцый стварыць нешта падобнае па форме, але без сэнсу. На гэты раз мы абышліся далёка не «малой крывёй»: незразумелыя прычынна-выніковыя сувязі, дрэнна пабудаваныя сцэны боек, невыдзеленыя флэшбэкі, недацягнутая эмацыянальнасць, недарэчнасць некаторых сцэн (герой хаваецца за дрэвам, але тырчыць з-за яго напалову) і галоўная закадравая фраза гэтага фільма, якая дазволіла прапусціць цэлую сцэну, — «Няма чаго расказваць, як мы змагаліся, вынік такі...»

«Першы навукова-фантастычны беларускі фільм» хоць шмат у чым паказальны для беларускага кінематографа, у яго чамусьці не ўпісваецца. «Розум» — гэта рэч для сябе і для аўтара, такой яна і павінна была заставацца. Тым не менш у Дзень беларускага кіно ў сталічных кінатэатрах можна ўбачыць беларускі дэтэктыў, створаны без дзяржаўных грошай, з моцным энтузіязмам. Ролі выканалі Павел Латароў, Павел Харланчук (адзіны персанаж, што размаўляе на беларускай мове), Алег Гарбуз, Аляксандр Гладкі, Мікалай Кірычэнка, Аляксандр Раманаў, Лізавета Фалей, Аляксей Цітарэнка. Дарэчы, цікавыя касцюмы для герояў стварыў дызайнер Апці Эзіеў, і трэба аддаць належнае: здымачная група сфарміравала максімальна ўмоўную прастору з прыемнымі намёкамі на беларускасць.

І ўсё ж не, не фільмы кшталту «Розуму» — наш шлях.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ці сапраўды «розум»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?