Вы тут

Страсці па Кармэн: палкасць на вастрыі канька


Наш карэспандэнт пабывала на рэпетыцыі лядовага мюзікла.

Жывое гучанне, пад’ёмныя краны, старажытная вежа са звонам, металічны бляск канькоў, лёд і полымя, святло і цені, каханне і нянавісць, жыццё і смерць, нарэшце, новая надзея... Поўнае кантрастаў лядовае шоў знакамітага фігурыста і паспяховага прадзюсера Ільі Авербуха “Кармэн” прыехала ў Мінск-арэну.


Чэмпіён свету па фігурным катанні Аляксей Ціханаў падчас рэпетыцыі ледовага мюзікла “Кармэн”.

З чаго пачынаецца тэатр на лёдзе? Пасля прэм’еры лядовага мюзікла “Кармэн” беларускі глядач ведае: дакладна не з вешалкі. Распрануцца ў гардэробе ніхто не наважыўся, бо замарожаная пляцоўка патыхала холадам на трыбуны. Але атмасфера спектакля – гарачая. Здавалася, такая колькасць зорак фігурнага катання на адной арэне здольная растапіць лядовае поле! Перад мінчанамі выступала каманда Ільі Авербуха: спартсмены з сусветным прызнаннем, чэмпіёны краіны, чэмпіёны свету, алімпійскія чэмпіёны. Таццяна Наўка, Раман Кастамараў, Аляксей Ягудзін, Таццяна Тацьмяніна, Максім Марынін, Аксана Домніна, Максім Шабалін, Марыя Пятрова, Аляксей Ціханаў, Албена Дэнкава, Максім Ставіскі, Маргарыта Драбязка, Павілас Ванагас, Алена Лявонава, Андрэй Хвалько і шмат іншых імёнаў, вядомых не толькі аматарам спорта і фігурнага катання.

Кармэн у выкананні Таццяны Наўкі – зграбная, рухомая, палкая… бландзінка. Творчы калектыў гэты момант не збянтэжыў. Тлумачаць, што Кармэн – гэта стан душы, а не колер валасоў, таму рабіць з алімпійскай чэмпіёнкі брунэтку не мае сэнсу. Дарэчы, класічны вобраз ракавой жанчыны ў кінематографе пачынаўся менавіта з бландзінкі.

Двукратная чэмпіёнка свету Албена Дэнкава і бронзавы прызёр Алімпійскіх ігр Максім Шабалін падчас рэпетыцыі ледовага мюзікла “Кармэн”.

Выканаўца ролі тарэадора (адзін з цэнтральных вобразаў шоў) чатырохразовы чэмпіён свету Аляксей Ягудзін расказвае пра ўражанні ад Беларусі, як кожны масквіч: у вочы кідаецца чысціня і адсутнасць затораў на дарогах. Жартуе, што на спектакль ён, бы Чацкі, патрапіў “з карабля на бал”: фігурыст прыляцеў у Мінск незадоўга да прэм’еры.

– Са спектаклем “Кармэн” мы выступалі больш за 90 разоў, але хвалюемся перад кожным шоў. Людзі прыходзяць за асалодай ад пастаноўкі, і наша асноўная задача – зрабіць так, каб гледачы апынуліся ў той казцы, якую хацелі ўбачыць, – расказвае Аляксей. – Такія праекты, як “Кармэн”, атрымліваюцца толькі праз сумесную, нават сямейную працу цэлага калектыва. Кожны яго ўдзельнік – індывідуальнасць, і часам мы ўсе праяўляем ініцыятыву, прапануем нешта сваё.

Дзеля мюзікла “Кармэн” Мінск-арэна на некалькі дзён пераўтварылася ў ледзяную сцэну.

Што ж у выніку атрымалася? Іскрыстая, бы ільдзінкі з-пад канькоў фігурыстаў, феерыя несумяшчальнага: тэатр, фігурнае катанне, харэаграфія, музыка, акрабатыка, вакал, цырк і нават фаер-шоу. Часам цяжка было прасачыць сюжэт “Кармэн” – той “Кармэн”, пра якую пісаў Прэспэр Мэрымэ і складаў музыку Жорж Бізэ. На сцэне разгортваўся яркі і насычаны расповед пра Іспанію: згадалі карыду, Свята Кветак і камічнага-трагічнага персанажа Сэрвантэса – на лёдзе паказалі сцэну змагання з ветракамі ідальга Дон Кіхота. Дадалі да спектакля і элементы сучаснасці: дэкарацыі старажытнай іспанскай архітэктуры спалучаліся з чырвонымі пад’ёмнымі кранамі, а каня сярэдневечнага рыцара ахоўвала… сігналізацыя. Сцэнаграфія “Кармэн” увогуле трымалася на высокім ўзроўні. Статычныя элементы ўражвалі сваімі памерамі, асабліва калі ўлічыць, што для мюзікла Мінск-арэну пераўтварылі ў ледзяную сцэну. Для спектакля падрыхтавалі і мноства рухомых дэкарацый, з якімі паспяхова ўзаемадзейнічалі артысты. Цікава, што светавы малюнак у пастаноўцы – паўнавартасны ўдзельнік шоў.

Рэпетыцыя ледовага мюзікла “Кармэн”.

Тэхнічная складанасць нумароў уражвае. Лёд гарэў пад нагамі фігурыстаў не толькі метафарычна, але і ў самым прамым сэнсе! Акрабатыка, лядовы балет, сальта на каньках і мноства складаных піруэтаў ад фігурыстаў-чэмпіёнаў – лязо канькоў трымала гледачоў у напружанні не горш за лязо нажа. Прыемна, што выступленне суправаджала жывая музыка: сярод дэкарацый пабудавалі пляцоўку для музыкантаў. На працягу шоў эмацыйны напал ад партый герояў узмацоўваўся падтрымкай харэаграфічнага калектыва горада Сочы, спевамі Святланы Свецікавай, Сяргея Лі ды іспанкі Вольгі Дамінік Тэробы.

Нягледзячы на тое, што напрыканцы ледовага спектакля Кармэн загінула, трагічнага настрою не засталося: Ілья Авербух і яго творчы калектыў скончылі мюзікл на пазітыўнай ноце – яны прыехалі ў Мінск, каб ствараць свята, а не засмучаць гледачоў.

Рэпетыцыя ледовага мюзікла “Кармэн”.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Алены Шукалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».