Вы тут

Наталля Кульгавая. Хвароба ХХІ стагоддзя


Сучаснае чалавецтва, нягледзячы на пастаяннае развіццё, увесь час сутыкаецца з праблемай новых захворванняў. Адной з масавых хвароб ХХІ стагоддзя навукоўцы называюць стрэс.

Дыягназ пацыенту паставіць не складана. Чалавек прачынаецца з ад­чуваннем, што ўсю ноч цягаў мяхі з бульбай, а ў вочы яму пры гэтым сыпалі пясок. Ён паводзіць сябе агрэсіўна, шмат лаецца ці наадварот становіцца маўклівым. Не хоча нічога рабіць і марыць пра тое, каб яго ніхто не чапаў. Стрэсаголік мае зменлівы настрой і нестабільны апетыт: ён ці ўвогуле губляе смак да ежы, ці пачынае есці як не ў сябе.

Амаль для кожнага з нас такі стан арганізму настолькі звыклы, што часта мы нават не звяртаем на яго ўвагі. Тым не менш, вучоныя лічаць стрэс галоўнай прычынай развіцця мноства захворванняў. Нездарма ў народзе кажуць: усе хваробы ад нерваў.

Калі паглядзець на статыстыку, у той ці іншай ступені ад стрэсу на працы пакутуе больш за 90 працэнтаў насельніцтва нашай краіны. Прыкладна 30 працэнтаў работнікаў знаходзяцца ў напружанні штодня, каля паловы — сутыкаюцца
з падобнымі сітуацыямі час ад часу.

А каб засцерагчы сябе ад стрэсу, прапаноўваем вам прытрымлівацца наступных правілаў:

· Рыхтуйцеся да раніцы напя­рэдадні вечарам (каб не шукаць паў­гадзіны згубленую шкарпэтку);

· Прызначайце сустрэчы загадзя (не прымушайце людзей чакаць і думаць пра вас дрэнна);

· Не спадзявайцеся на сваю памяць (нездарма ж чалавецтва прыдумала штодзённікі);

· Навучыцеся часцей ад­маўляць людзям (на ўсіх мо­цы не хопіць);

· Расстаўляйце прыярытэты ў сваім жыцці (зразумейце, што «разарвацца» вы не здолееце);

· Пазбягайце негатыўных асоб (абыходзьце іх за не­калькі кіламетраў);

· Выкарыстоўвайце час разумна (узгадайце першы пункт);

· Не забывайце своечасова паесці (навакольныя спужаюцца, калі ваш жывот пачне з імі размаўляць);

· Вырашайце вялікія задачы маленькімі порцыямі (піць ваду ж прасцей глыткамі, чым залпам);

· Глядзіце на праблемы як на часовыя складанасці (чорная паласа заўсёды змяняецца белай);

· Баўце час з дзецьмі (зносіны з малечай і гульня ў канструктар здымаюць стрэс, можаце праверыць);

· Дарыце ласку хатнім жывёлам (яны адкажуць вам тым жа);

· Заўсёды шукайце ў дрэнным добрае (з аптымізмам, безумоўна, прасцей ісці па жыцці);

· Уключайце ў свой штодзённы расклад вольны час (сон – гэта не вольны час);

· Верце ў сябе (завучыце, як мантру: «я самы прыгожы, самы разумны, самы лепшы», паўтарайце яе кожны дзень перад люстэркам);

· Стаўце мэты (і запісвайце іх у штодзённік, каб не забыцца);

· Уяўляйце сябе пераможцам (і прагаворвайце прыведзеную вышэй мантру);

· Часцей абдымайцеся з сяб­рамі і роднымі (абдымкі зробяць вас шчаслівымі);

· Вучыцеся дыхаць павольна і спакойна (вы ж не сабака);

· Увесь час бярыцеся за не­шта новае (але не кі­дайце гэта адразу);

· Пазбаўляйцеся шкодных звычак (лепш набывайце доб­рыя);

· Перастаньце разводзіць плёт­кі (стварайце іх);

· Імкніцеся да дасканаласці, а не да ідэалу (магчыма, што дасканаласць і стане для вас ідэалам);

· Рабіце зарадку (а можаце проста патанцаваць);

· Заўсёды прадумвайце план «Б» (а лепш і «В», і «Г»);

· Ведайце свае слабасці і не бойцеся паказваць іх іншым (яны могуць прыняць гэта за моцны бок вашага характару);

· Пішыце лісты сябрам, якія зараз далёка (і адпраўце ім поштай канструктар);

· Памятайце, што заўсёды ёсць выбар (а часам да­волі шырокі);

· Пакіньце спробы выправіць іншых (не псуйце сабе нервы);

· Высыпайцеся, як след (без захаплення, канешне ж);

· Менш размаўляйце і больш слухайце (так вы зберажэце сілы);

· Шчодра хваліце людзей (і частуйце цукеркамі);

· Часцей усміхайцеся (нічога страшнага, калі нехта пакруціць ля скроні);

· Ніколі не губляйце пачуцця гумару (тут вам дапаможа «Вожык»).

 

Наталля КУЛЬГАВАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.