Вы тут

Як незвычайна сустрэць Новы год?


Новы год у кожнага з нас атаясамліваецца з вялікай колькасцю традыцый: упрыгожыць ёлку і кватэру, падрыхтаваць прыемныя падарункі і паштоўкі, накрыць стол з любімымі стравамі, выпіць пеністага шампанскага, загадаць жаданне пад бой курантаў... Нягледзячы на тое, што ўсё, здаецца, звыкла і прадказальна, многія людзі ў глыбіні душы па-ранейшаму вераць у маленькае дзіва і спадзяюцца, што навагодняя ноч будзе незвычайнай, поўнай сюрпрызаў. Калі і вы з іх ліку, прапаную крышачку адысці ад агульнапрынятых рытуалаў і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Давайце адзначым Новы год — наадварот, бо правілы існуюць, каб іх парушаць!


* Вы заўсёды лічылі, што Новы год — сямейнае свята і прывыклі да хатніх пасядзелак? Адпраўляйцеся ў госці, закажыце стол у кафэ або рэстаране, калі ёсць хатка ў вёсцы — спраўляйце свята там. А можна ўвогуле радыкальна падысці да пытання: адправіцца ў навагодні тур па Еўропе або на гарналыжны курорт. Хочацца экзотыкі — забраніруйце нумар у гістарычным месцы: Мірскім або Нясвіжскім замку, рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы — там вас чакае чароўная атмасфера.

Калі, наадварот, звычайна на Новы год вы пакідалі родны дом, то прыйшоў час зладзіць хатнюю вечарынку і паклікаць гасцей да сябе.

* У вашым доме прынята ставіць жывую лясную прыгажуню? На гэты раз зрабіце ялінку сваімі рукамі ў выглядзе конуса і ўпрыгожце самаробнымі цацкамі, шышкамі, цукеркамі. Можаце стварыць сілуэт ёлкі на сцяне і прымацаваць да яго шаўковыя банцікі, рознакаляровыя зорачкі і бялюткія сняжынкі.

* Адмоўцеся ад усіх традыцыйных салатаў і гарачых закусак. Самы час пакаштаваць нешта новае і арыгінальнае. Скарыстайцеся рэцэптамі страў іншых краін свету. Напрыклад, у Англіі традыцыйна на святочны стол ставяць індычку, фаршыраваную гароднінай. А ў Румыніі абавязковай стравай лічыцца пірог, у якім «схаваны» манета, арэх або пярчынка. Знаходка абяцае ўладальніку ў будучым годзе стварыць сям'ю. Навучыцеся гатаваць тое, што даўно планавалі. Замест традыцыйнага шампанскага зрабіце свае кактэйлі.

* Дзед Мароз і Снягурка заўсёды радуюць сваім з'яўленнем. Толькі на гэты раз запрасіце да сябе Снежную Каралеву і Снегавіка (можна каму-небудзь пераапрануцца). Гэтыя казачныя героі абавязкова спадабаюцца гасцям.

* Звычайна навагоднюю праграму рыхтуюць дарослыя для дзяцей. А можа, прыйшоў час зладзіць ранішнік для дарослых? Папрасіце дзяцей (калі яны не зусім маленькія, вядома) падрыхтаваць забавы для мамы, таты, бабулі і дзядулі, а тыя няхай безадказна выконваюць усе самыя дзівацкія задумкі. Прапануйце пагуляць у «кракадзіла». Загадзя прыдумайце цікавыя словазлучэнні, напрыклад «ёлка, якая загарэлася», «надакучлівыя госці», «стомленая Снягурка». І не забудзьцеся пра маскарадныя касцюмы. Напэўна, такая забава прыйдзецца ўсім па душы.

* Як правіла, у навагоднюю ноч не сціхаюць залпы салютаў і петард. Адыдзіце ад правіла і запусціце ў неба паветраныя шары або нябесныя ліхтарыкі.

* Што ўсе робяць без пяці хвілін да 12? Правільна, слухаюць віншаванне Прэзідэнта. А вы запішыце ўласнае віншаванне для сям'і і сяброў і ўключыце ў патрэбны момант. Вось будзе нечаканасць!

* Самы прыемны момант для дзяцей, вядома, раскрываць падарункі. Цікавая ідэя — прапанаваць малым гульню-квэст. Схавайце падарункі недзе ў кватэры і зрабіце карту з загадкамі. Няхай пошук «навагодняга скарбу» стане сапраўднай прыгодай.

Наталля ЛЕАНОВІЧ

Загаловак у газеце: Новы год — наадварот, або Як незвычайна сустрэць свята?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.