Вы тут

Адкуль пайшлі назвы вёсак Дубочкі і Дубовы Лог?


«Зацікавіла рубрыка Ігара Капылова. Я з вёскі Дуброва Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Пра наша паселішча няшмат звестак з даўніны. Адлік вядзём ад 1592 года, але самога атласа, на якім была пазначана вёска, не бачылі. Цікава будзе даведацца пра паходжанне назвы нашай вёскі, прачытаць пра яе мінулае».

Людміла Бусел


На пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.

Тапонімы з асновай дуб надзвычай папулярныя ў Беларусі. Пра гэта сведчаць такія назвы, як Дубава, Дубавое, Дубавыя, Дубіна, Дубінкі, Дубіца, Дубішча, Дубкі, Дубнік, Дубнікі, Дубное, Дубовікі, Дубовы Лес, Дубовы Лог, Дубоўцы, Дубочкі, Дубы, Дубяні, Дубянцы і многія іншыя, распаўсюджаныя фактычна па ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Вельмі часта сустракаюцца і назвы, якія паходзяць ад наймення дубовага лесу — дубровы: Дуброва, Дубрава, Дуброўка. Многія з іх ужываюцца як састаўныя, з кампанентам, што характарызуе дубраву: Белая Дубрава, Доўгая Дубрава, Зялёная Дубрава, Красная Дубрава, Мокрая Дубрава, Новая Дубрава і іншыя. Яшчэ больш аналагічных тапонімаў было ў старажытнасці. У першую чаргу папулярнасць такіх назваў абумоўлівала земляробчая практыка беларусаў, лёс якіх быў цесна звязаны з суровымі рэаліямі лясіста-балоцістага краю. Падчас старажытнай падсечна-агнявой сістэмы земляробства культурнае асваенне зямлі пачыналася з выбару ляснога ўчастка. Перш чым распачаць церабленне лесу, земляроб прыглядаўся да дрэўных парод, якія раслі тут, бо яны служылі прыкметай урадлівасці або неўрадлівасці глебы. Найлепш радзіла зямля пасля дуба. Акрамя таго, дубы мелі шырокае гаспадарчае выкарыстанне пры пабудове жылля, пры апрацоўцы шкур жывёл, у народнай медыцыне. У беларускай міфалогіі дуб выступаў сімвалам вечнага жыцця, а ў фальклоры ўспрымаўся як дрэва лёсу. Дуб часта ўзгадваецца ў розных відах вуснай народнай творчасці: казках, песнях, баладах, загадках і замовах.

Упершыню Дуброва ўпамінаецца ў 1592 годзе як дзяржаўнае паселішча, якое належала да маёнтка Бабруйск Рэчыцкага павета Вялікага Княства Літоўскага. Вёска Дуброва абазначана на Генеральнай карце «Беларускія землі ў ХVІ стагоддзі», змешчанай у «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» (с. 139). У старажытных пісьмовых крыніцах вёска мела другі варыянт назвы — множналікавую форму Дубровы. У часы Рэчы Паспалітай назва вёскі ўжывалася ў паланізаванай форме — Дамброва, якая праіснавала да канца ХІХ стагоддзя, пра што сведчаць дакументы перапісу насельніцтва 1897 года. У канцы ХVІІІ стагоддзя вёска належала каталіцкаму духавенству, з'яўлялася касцельным уладаннем. У часы Расійскай імперыі Дуброва згадваецца ў пісьмовых крыніцах як паселішча Чэрнінскай вобласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У другой палове ХІХ стагоддзя вёскай валодаў памешчык Адамовіч, пазней — памешчыца Лазоўская. На працягу ХІХ стагоддзя колькасць двароў і жыхароў нязменна павялічвалася: у 1850 годзе значылася 24 двары, у 1885 годзе — 65 двароў (515 жыхароў). У канцы стагоддзя ў Дуброве было 115 двароў з 753 жыхарамі. Дэмаграфічны рост адзначаецца і ў ХХ стагоддзі: у 20-я гады ў вёсцы быў 181 двор, а напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ўжо налічвалася 211 двароў і 795 жыхароў. На працягу сваёй гісторыі вёска з'яўлялася цэнтрам культурнага і гаспадарчага жыцця. Духоўнае жыццё падтрымлівалася царквой, культурнае — наяўнасцю школы, а эканамічнае — тым, што ў вёсцы працавалі вадзяны млын і кузня.

Пісьмовыя крыніцы засведчылі і трагічныя старонкі гісторыі вёскі. Дакументы захавалі сведчанні таго, што ў 1910 годзе вёску закранула эпідэмія халеры, у выніку якой памерлі 2 чалавекі, у змрочныя 30-я гады 22 вяскоўцы былі рэпрэсіраваныя. Але найбольш паселішча пацярпела ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі ў 1943 годзе нямецкімі карнікамі была спалена 181 хата і забіты 110 жыхароў. А ў баях за вёску і вакол яе, паводле энцыклапедычных даведнікаў, загінуў 1191 воін, у іх ліку Героі Савецкага Саюза М. Цеплякоў і С. Чыгладзэ.

Загаловак у газеце: Дубочкі і Дубовы Лог

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».