Вы тут

Паўтара тыдня ў Віцебску гучалі класічныя музычныя творы


Гэта ўжо даўняя снежаньская традыцыя: каля кас Віцебскай абласной філармоніі чэргі. Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага прайшоў у абласным цэнтры ў 28-ты раз. Сёлета ён быў прысвечаны 110-му дню нараджэння Дзмітрыя Шастаковіча. Фэст завяршыўся 13 снежня. У прэстыжнай культурнай падзеі ўзялі ўдзел музыканты, музыказнаўцы з Ізраіля, Латвіі, Расіі, Беларусі.


Як пажартаваў знаёмы публіцыст, інтэлігент з вялікай літары проста не можа не ведаць хто такі Салярцінскі. Сусветную славу ён атрымаў як музыказнаўца, музычны і тэатральны крытык, тэарэтык балета. Ён ведаў, не паверыце, больш за 25 моў і каля сотні дыялектаў. Іван Іванавіч даследаваў пытанні эстэтыкі і псіхалогіі. Сябраваў з Дзмітрыем Шастаковічам, які прысвяціў яго памяці другое фартэпіяннае трыа.. А нарадзіўся ў Віцебску ў снежні 1902 года.

Сын музыказнаўцы Дзмітрый Іванавіч, дарэчы, сцвярджае, што менавіта бацька падказаў Шастаковічу пісаць сімфоніі. На той час лічылася, што гэты жанр «бесперспектыўны», «мінулага стагоддзя». Але Іван Іванавіч, пачуўшы яшчэ юнаком у Віцебску выступленне сімфанічнага аркестра, марыў, каб з'явіліся сучасныя сімфоніі.

Дзмітрый Іванавіч Салярцінскі шмат гадоў узначальваў Вялікую канцэртную філарманічную залу ў Санкт-Пецярбургу. Ён заўсёды з задавальненнем прыязджае ў Віцебск і не толькі падчас фэсту. Тут у памяць яго бацькі ўсталяваны помнік. Музычнае вучылішча носіць імя І.І. Салярцінскага.

У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва «Арт-прастора» прэзентавала выставу фота «Бакавы зрок» унука Шастаковіча. Яго таксама завуць Дзмітрый. І гэта ўжо другая выстава нашчадка славутага Маэстра. Уважлівыя прыхільнікі творчасці Шастаковіча заўважылі, што ўнук — копія дзеда.

А ў філармоніі адбылася выстава плакатаў студэнтаў кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта «Гульня ў класіку». Яны напісалі, як ім бачыцца музыка.

«Шастаковіцкі» канцэрт, на якім прагучалі Элегія і Полька для струннага квартэта, дзве п'есы для струннага актэта і іншыя творы, стаў магчымым у рамках праекта па абмену «Францыя — Беларусь». З нашага боку падтрымку аказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол у Французскай Рэспубліцы, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка.

Раней, у верасні, гэты канцэрт пачулі на радзіме продкаў Шастаковіча ў вёсцы Шэметава Мядзельскага раёна. Па сведчанні мясцовых краязнаўцаў, сам Дзмітрый Шастаковіч наведваў Шэметава ў 1939 годзе.

На закрыцці фэсту слухачам вельмі спадабаўся канцэрт фартэпіяннай музыкі. Публіку віртуозным выкананнем Бетховена, Шумана, Пракоф'ева пакарыў лаўрэат міжнародных конкурсаў Мікіта Мндаянц (Расія).

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Геніям прысвячаецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.