Вы тут

Жонкі паслоў гандлявалі нацыянальнымі стравамі і напоямі


Нацыянальныя строі, духмяныя стравы, адмысловыя вырабы з тканіны, керамікі, металу і шкла, неймаверна прыгожыя музыка і танцы розных краін і шматмоўны натоўп людзей, вочы якіх разбягаліся ад хараства і разнастайнасці. У такой атмасферы праходзіў у сталіцы Беларусі дабрачынны кірмаш, арганізаваны ўдзельніцамі Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў.


Філасофія клуба, які яднае дам з розных краін свету, заснаваная на прынцыпах сяброўства, талерантнасці і ўзаемнай зацікаўленасці, праявіла сябе на свяце ў поўнай меры. Каля большасці пасольскіх сталоў дыпламаты прысутнічалі цэлымі сем’ямі і без цырымоніі расказвалі пакупнікам пра тавары, прывезеныя з радзімы, частавалі стравамі, якія праз адну былі прыгатаваны імі ўласнаручна.


Ліенэ МАКСІМА, жонка латвійскага консула з дачкой прадстаўляла рукадзельныя вырабы, створаныя блізкімі людзьмі з Рыгі і Латвіі. Шкарпэткі, напрыклад, вязала бабуля дачкі Ліенэ, а брошкі рабіла сяброўка. Мядовы торт дома гатавалі самі.

Прадукцыю кампаній Хайнекен і Філіпс і вінтажныя ўпрыгажэнні можна было набыць на стале пасольства Галандыі, якое сёлета дэбютавала ў Беларусі, узяўшы ўдзел у дабрачыннай акцыі. Ірына Ван Ооствеен, жонка часовага паверанага пасольства Галандыі, запэўніла, што ў наступным годзе пасольства падрыхтуецца больш актыўна.

Тыквеннік, баніца, лукумкі і іншыя балгарскія прысмакі гатаваліся рукамі Вольгі ГАНЕВАЙ, жонкі пасла Балгарыі ў Беларусі, якая ў гэтым годзе таксама ўпершыню ўдзельнічала ў айчынным калядным кірмашы.

Маргерыта РАМАНЬЁЛІ, жонка намесніка пасла Iталii, расказвала наведвальнікам пра традыцыйныя італьянскія калядныя прысмакі: пасту, віно, прашута, ліманчэла, панетонэ і іншыя.

На стале, за якім гаспадарыла Ілка ДЭТМАР, жонка пасла Германіі ў Беларусі, панаваў перадсвяточны настрой. Пакупнікі набывалі традыцыйную нямецкую калядную выпечку і ласункі, а таксама разнастайныя ўпрыгажэнні на ёлку.

Шакоціс – нацыянальнае літоўскае печыва - здзіўляла незвычайнай формай у выглядзе дрэва. А традыцыйныя літоўскія настойкі разыходзіліся з зайздроснай хуткасцю. Разнастайная салодкая выпечка і мясапрадукты з індычкі цудоўна дапаўнялі пасольскі стол. Дарэчы, кексы з яблыкамі і тварагом і печывам гатавала сама Вайдэле ПУЛОКІЕНЭ, жонка пасла Літвы ў Беларусі.

– Спонсары з Польшчы падтрымалі наш удзел у кірмашы і падаравалі нам мясныя вырабы, шакалад, калядныя сувеніры для ўпрыгожвання ёлкі, польскую музыку, а таксама керамічныя вырабы, створаныя рукамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, – расказала пра сваю прадукцыю Цецілія ПАЎЛІК, жонка пасла Польшчы ў Беларусі.

Кнігі для розных узростаў і на розныя чытацкія густы традыцыйна дэманстравала пасольства Вялікабрытаніі. “Кнігі – гэта ўвогуле тэма нашага пасольства, а ў наступным годзе мы будзем яшчэ і пачэснымі гасцямі на кніжнай выставе”, - паведаміла Ірына СВІРЫДАВА, каардынатар стала пасольства Вялікабрытаніі, дадаўшы, што больш за ўсё чытачы цікавяцца дзіцячай літаратурай на англійскай мове.

Каму (традыцыйную эстонскую зерневую сумесь з васьмі кампанентаў) і глінтвейн Керсці СУУРСААР, жонка намесніка пасла Эстоніі прадала ледзьве не ў першыя хвіліны кірмашу. Прапаноўвалі за эстонскім сталом таксама сыр ручнога прыгатавання з эстонскіх хатніх фермераў і лікёр на травах “Стары Талін”. У мэтах адраджэння дзіцячых забавак мінулага эстонскае пасольства прадставіла рызінкі са схемамі-інструкцыямі, як скакаць.

– У былыя часы мы ў гэта гулялі, а сучасныя дзеці забываюцца пра такія забавы. Аднак апошнім часам у нас гэтая гульня зноў становіцца папулярнай, і дзяўчаткі скачуць на пераменах у школах, –  расказала яна.

Доўгія сталы ад пасольства Сірыі былі цалкам застаўлены блюдамі з нацыянальнай стравай патаер. Каб было зразумела чытачам, умоўна гэта можна назваць піражкамі мудрагелістага выгляду з рознымі начынкамі, напрыклад са шпінатам і зернем граната, або спецыяльнай усходняй спецыяй затар. На ўра ішлі фалафель – шарыкі з дробленага гароху нут, прысмакі з сырам, пасыпаныя фісташкамі і іншымі арэхамі, хаміс – страва з баранінай і ялавічынай і іншыя.

Пасольства Казахстана прадставіла рэчы рознага кшталту. Этнічную музыку, керамічныя вырабы, лялек у нацыянальных строях, традыцыйную страву баўрсакі – печыва на малацэ і дражджавым цесце. Апошняе, дарэчы, гатавала жонка пасла.

– Рыхтаваліся разам. Сын дапамагаў рабіць анёлачкаў шчасця, мыла ручной работы варыла сама з дапамогай дачкі, упакоўвалі ўвогуле ўсім пасольствам, – расказала Ева MIГАСОВА, жонка пасла Славакіі ў Беларусі. – А шыкоўныя шары-ўпрыгажэнні на ёлку майстравала мая сяброўка.

Традыцыйны торт без цукру і хрусткія ружовыя крэветачныя чыпсы з Кітая вельмі ўпадабаліся беларускім дзецям. Як расказалі дыпламаты, рыхтаваліся да мерапрыемства ўсім пасольствам: ад жонкі пасла да повара. Разнастайныя ўпрыгажэнні, вырабы з бамбуку, палачкі для ежы, нацыянальныя строі і сапраўдныя шоўкавыя тканіны – гэта сціплы і няпоўны спіс рэчаў, якія яшчэ прапанаваліся кітайскім бокам.

– Наш хрусталь раскупілі яшчэ да пачатку кірмашу, ды і керамікі засталося няшмат. Налетатрэба будзе больш прывезці, – падзялілася Івана ЭКЕРТАВА, жонка пасла Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі. – Затое можна яшчэ паласавацца традыцыйным чэшскім півам і Бехераўкай.

Марына МАРОЗАВА, жонка ганаровага консула Мексіканскіх аб’яднаных штатаў, на кірмашы была са сваёй дачкой і мамай. Пакупнікоў сюды прываблівалі сарапэ – вузкі міні-абрус на стол, понча, самбрэра ды дробныя ўпрыгажэнні.

– Усё прывезена непасрэдна з Мексікі, усё сапраўднае. Нашы соусы, асабліва сальса і гуакамоле, пайшлі ўлёт. І самбрэра ніводнага не засталося. Тым больш што мы актыўна таргуемся і ўступаем, – расказала яна.

Прыхваткі ў форме матрошак, кухонныя ручнікі ў бела-блакітных колерах, стылізаваныя пад гжэль і сапраўдныя вырабы гжэль...

– Практычна ўсё паціху разбіраюць. Асабліва хусткі і цукеркі, – пракаментавала гаспадыня ўсяго гэтага хараства Юлія КАЗАНЦАВА, жонка ваеннага і ваенна-паветранага аташэ пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

Хоць у Беларусі і няма пасольства Даніі, да кірмашу гэтая краіна далучылася ў асобе Габрыелы ТЭМЕЛ, жонкі намесніка прадстаўніка турэцкіх авіяліній. Яна сама прыгатавала традыцыйны дацкі калядны кекс і печыва з клубнічным варэннем і сырам. А таксама сабрала вялікі святочны кошык з рэчамі, якія традыцыйна дораць у Даніі тым, каму хочуць падзякаваць.

Сярод стэндаў замежных пасольстваў, арганізацый і кампаній знайшоўся і беларускі. Ён арганізаваны сіламі Чэрвеньскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, з якім у жаночага клуба даўнія цёплыя адносіны. Творчы калектыў прадставіў вырабы сваіх выхаванцаў: вязаныя рукавіцы, мыла ручной работы, рэчы і дробныя цацкі з бісеру і ніцяў. А таксама творчасць персаналу інтэрната: творы скрапбукінгу, карціны і вышыванне.

Своеасаблівы беларуска-румынскі праект атрымалася зрабіць і ў жонкі пасла Румыніі ў Беларусі Надзі МАШАНУ:

– На нашым стале румынскае віно “Фецяскэ Рэгалэ” і цуйка, якую мы з мужам робім самі з яблыкаў і грушаў з нашага саду, а таксама традыцыйная кераміка з Харэзу і Кукуценя, стравы з Марамуреш (мястэчка на паўночным захадзе Румыніі). Джэмы з яблыкаў, якія я таксама гатую сама і дадаю туды карыцу, гваздзіку, ізюм, крышачку лімона і рому, сёлета зроблены з беларускіх яблыкаў, 100 кілаграмаў якіх падараваў мне Анатоль Бутэвіч, беларускі пісьменнік і першы пасол Беларусі ў Румыніі. А для аздаблення стэнда нашага пасольства і продажу Цэнтральны батанічны сад зрабіў прыгожы тапіярый з кветак.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Місія ў імя дабрыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».