Вы тут

У беларускіх ваўкоў з GPS-датчыкамі з'явіўся свой блог


Новы прыродаахоўны праект Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» дапаможа бліжэй пазнаёміцца з самым цікавым і асцярожным драпежнікам краіны.

У Беларусі здаўна называюць ваўка шэрым разбойнікам, бо гэты драпежнік — выдатны паляўнічы на буйную дзічыну — аленевых і дзікоў. Тым не менш, самі ваўкі маюць патрэбу ў абароне, упэўнены шматлікія эколагі і навукоўцы. З гэтай мэтай і з'явіўся блог «4 ваўкі», у якім змешчана шмат цікавай інфармацыі пра гэту жывёлу, а таксама тут можна сачыць за перамяшчэннем па Белавежскай пушчы ваўкоў, пазначаных адмысловымі ашыйнікамі-трэкерамі.

Трэкеры былі надзетыя на ваўкоў у рамках міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці, якую рэалізуюць з 2013 года Нацыянальны парк «Белавежская пушча» сумесна з Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія) і арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Праект здзяйсняецца для даследавання ваўкоў, а таксама для «рэабілітацыі» гэтага віду, паколькі да іклатых драпежнікаў у Беларусі ставяцца негатыўна.


Перадатчык на шыі

Спецыяльныя ашыйнікі перадаюць каардынаты прысутнасці ваўка па мабільнай сувязі. На карце, змешчанай на сайце vouk.by, любы жадаючы можа ўбачыць маршруты драпежнікаў і апісанне некаторых пунктаў іх месцазнаходжання, да якіх дабраліся даследчыкі па слядах. Уся гэта інфармацыя стала даступнай дзякуючы «разумным» ашыйнікам, якія маюць у сваёй сістэме два модулі: GPS (уключаецца па графіку і фіксуе перамяшчэнні жывёлы) і GSM (перадае інфармацыю ў выглядзе SMS-паведамлення адзін раз на тры гадзіны). Калі ж у момант перадачы воўк знаходзіцца па-за межамі пакрыцця сотавай сеткі і даслаць паведамленне не атрымліваецца, новая спроба будзе зроблена толькі праз суткі. У такім рэжыме ашыйнік можа працаваць каля года (затым ён проста спадае з шыі, дзякуючы спецыяльнай зашпільцы). Па словах кіраўніка праекта Віктара Фенчука, «маркіраваныя» ваўкі ратуюць астатніх сабратоў — у рамках праекта з 2015 года ў Белавежскай пушчы ўведзены мараторый на паляванне на ваўкоў.

Сёння пастаянныя сігналы прыходзяць толькі ад ваўчыцы, яшчэ адзін воўк адпраўляе SMS нерэгулярна. У гэтым годзе планавалася пазначыць яшчэ трох жывёл, але ўдалося злавіць толькі аднаго драпежніка — зрабіць гэта складана, бо ваўкі вельмі асцярожныя жывёлы, і чалавек іх можа ўбачыць рэдка. У наступным годзе ашыйнікі плануецца надзець на сем ваўкоў.

Воўчы блог

Першапачаткова праект не прадугледжваў стварэння спецыялізаванага сайта, але ў працэсе даследавання навукоўцы атрымалі столькі цікавых даных, што яны патрабавалі шырокага распаўсюджання. У выніку вырашылі стварыць сайт, да гэтай працы падключыліся валанцёры — работнікі з ІT-кампаніі EPAM.

На сайце размяшчаецца папулярная інфармацыя аб даследаваннях і ваўках, якія носяць ці насілі ашыйнікі. Таксама на карце паказаны перамяшчэнні звяроў — можна ўбачыць, дзе быў воўк, чым займаўся і чым харчаваўся. Межы воўчых уладанняў, як даведаліся з гэтага праекта супрацоўнікі пушчы, значна адрозніваюцца. Самкі, напрыклад, далей за 200 км звычайна не ходзяць, у той час як тэрыторыя самцоў можа перавышаць 1000 км. Воўчыя зграі ў пушчы, па словах Віктара Фенчука, налічваюць 6—8 асобін. Менавіта такія зграі траплялі ў аб'ектывы ўстаноўленых у Нацпарку фотапастак, але некаторыя егеры сцвярджаюць, што бачылі зграі па 11—12 асобін.

Лес без ваўка — несапраўдны лес

На працягу года ў рамках гэтага даследавання навукоўцы даведаліся, як ваўкі выкарыстоўваюць, дзеляць тэрыторыю з іншымі зграямі і як уздзейнічаюць на лес, свой арэал пражывання.

Асноўнай здабычай ваўкоў у Белавежскай пушчы з'яўляецца алень. Капытныя аказваюць вялікі ўплыў на лес, бо харчуюцца маладымі парасткамі дрэў. Такім чынам, Нацыянальны парк сёння сутыкаецца з сур'ёзнай праблемай аднаўлення масіву, значныя сродкі выдзяляюцца на падтрымку маладых дрэў. Вялікая папуляцыя аленя значна ўплывае на разнастайнасць лесу. Капытным прыходзяцца да смаку маладыя дубы і клёны, якія пасля пашкоджання часта гінуць. Такім чынам, дубоў і клёнаў становіцца ўсё менш, а грабаў, устойлівых да пашкоджанняў, больш.

Для аховы маладых дрэў ад капытных прымяняюцца розныя метады (агароджы, рэпеленты), але абаронцам лесу можа выступіць і воўк, адзначае Віктар Фянчук. Гэта было дакладна вызначана з дапамогай эксперымента з выкарыстаннем фотапастак. Каля некаторых пастак, дзе пасвіліся алені, быў раскладзены воўчы памёт — гэта імітавала блізкае месцазнаходжанне звяроў. Пах драпежніка прымушаў аленяў адчуваць сябе насцярожана — яны падымалі галовы. Знаходзячыся ў такім становішчы, алені аб'ядалі толькі верхнія часткі дрэўцаў, моцна іх не шкодзілі. Акрамя таго, капытныя адчуваюць насцярожанасць у месцах, дзе ёсць шмат паваленых дрэў і буралому, паколькі ў такіх умовах жывёлам складана своечасова ўцячы ад драпежніка. Інтэнсіўнасць пашкоджання маладога лесу ў такіх месцах значна (на 20%) зніжаецца. Пры гэтым ваўкі не зніжаюць колькасць аленяў у лесе, яны проста запавольваюць прырост папуляцыі.

Віктар Фянчук адзначыў: прыйшоў час зразумець, што воўк — не шкодны драпежнік і не канкурэнт у паляванні на аленя, а важны элемент экасістэмы.

Вольга ПРАЛЮК

pralyuk@zvіazda.by

Фота з архіва ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»

Загаловак у газеце: Навошта ваўку GPS?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.