Вы тут

Як Беларусі рэалізаваць Парыжскія пагадненні


Што неабходна зрабіць Беларусі для рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення.

Амаль уся дзейнасць сучаснага чалавека (татальная ўрбанізацыя, высяканне лясоў, сельская гаспадарка, прамысловасць, спажыванне прыроднага паліва, выпрацоўка энергіі, транспарт) выклікае выкіды парніковых газаў, якія ўтвараюць так званы парніковы эфект. Як вынік — на Зямлі павышаецца тэмпература, пачынаюць раставаць ледавікі, падымаецца ўзровень Сусветнага акіяна. Глабальны характар змянення клімату патрабуе максімальна шырокага супрацоўніцтва ўсіх краін і іх эфектыўнай дзейнасці. Іншага выйсця ў чалавецтва няма. Таму сёння паміж краінамі падпісваюцца пагадненні аб скарачэнні выкідаў, абароне навакольнага асяроддзя. Беларусь у гэтым кірунку не адстае ад развітых краін, актыўна пазіцыянуе сябе на сусветнай экалагічнай арэне.


«Інвентарызацыя» паветра

Пасля далучэння Беларусі да Парыжскага пагаднення ў краіне неабходна распрацаваць новыя дакументы, якія дазволяць у будучым правесці шэраг экалагічных мерапрыемстваў. Беларускія і еўрапейскія палітыкі, эколагі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый у Мінску селі за «круглы стол» (у межах сумеснай працы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і праекта Clіma East, фінансуемага Еўрапейскім саюзам), каб акрэсліць межы будучых планаў па рэалізацыі пагаднення.

Вольга Вавілонская, спецыяліст БелНДЦ «Экалогія», адзначыла, што ў краіне створана і актыўна працуе нарматыўна-прававая база, неабходная для рэалізацыі кліматычных пагадненняў. Нашы спецыялісты распрацоўваюць праграмы і меры для зніжэння выкідаў парніковых газаў, праграмы па адаптацыі і інш. Створана структура разам з групай нацыянальных экспертаў, якая прадстаўляе справаздачы па кліматычных пагадненнях.

БелНДЦ «Экалогія» — цэнтр, які ажыццяўляе інвентарызацыю парніковых газаў Беларусі (для гэтага быў створаны Кадастр парніковых газаў), праводзіць навуковыя даследаванні. У цэнтры працуе міжведамасная рабочая група па праблеме змянення клімату. Спецыялістамі цэнтра распрацавана сістэма адкрытага доступу да інфармацыі па пытаннях змянення клімату для насельніцтва. Міжнародныя эксперты праводзяць штогадовыя праверкі такіх дакументаў.

Важна, што меры, якія патрабуюцца для вырашэння праблем змянення клімату, будуць найбольш эфектыўнымі з экалагічнага, сацыяльнага і эканамічнага пунктаў гледжання ў тым выпадку, калі яны будуць заснаваныя на адпаведных навуковых, тэхнічных і эканамічных ведах і будуць пастаянна пераглядацца ў святле новых даных, атрыманых у гэтых галінах.

Першыя крокі да Парыжа

На працягу двух дзён работы «круглага стала» разглядаліся стратэгічныя падыходы па рэалізацыі Парыжскага пагаднення, пытанні па распрацоўцы дарожнай карты, развіцця ўзнаўляльнай энергетыкі, фінансавання і іншыя. Ірына Рудзько, кансультант упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды, паведаміла пра праект плана па рэалізацыі Парыжскага пагаднення ў Беларусі. Над яго стварэннем будуць працаваць спецыялісты Мінпрыроды, Мінэканомікі, Мінфіна, Мінпрама, Мінэнерга, Белстата, Акадэміі навук, аблвыканкамаў і інш. Плануецца распрацаваць:

— стратэгію доўгатэрміновага развіцця з нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў да 2050 года;

— нацыянальны план дзеянняў па павелічэнні абсорбцый парніковых газаў да 2030 года;

— праект нарматыўна-прававога акта аб падрыхтоўцы і зацвярджэнні нацыянальна вызначанага ўкладу Беларусі (на нашу краіну прыпадае 0,24% сусветных парніковых газаў);

— нацыянальны план дзеянняў у галіне адаптацыі да змянення клімату;

— стратэгію ўдзелу Беларусі ў фінансавых механізмах Парыжскага пагаднення;

— мерапрыемствы па ўдасканаленні інфармацыйнага забеспячэння падрыхтоўкі кадраў, мерапрыемствы па развіцці навуковых ведаў аб праблеме змянення клімату;

— нацыянальную справаздачнасць (кадастры, даклады, нацыянальныя паведамленні і г.д.).

У групу па распрацоўцы плана ўключаны і грамадскія арганізацыі (нагадваем, што любы экалагічны дакумент, згодна з сучасным заканадаўствам, узгадняецца з грамадскасцю і знаходзіцца ў адкрытым доступе на афіцыйных сайтах). Спецыялістаў розных сфер чакае вялікая і адказная праца. Астатнім застаецца сачыць за зменамі і спадзявацца на паспяховую рэалізацыю гэтага амбіцыёзнага плана.

Вольга ПРАЛЮК

pralyuk@zvіazda.by

Clіma East — рэгіянальны праект тэхнічнай дапамогі па падтрымцы дзеянняў, накіраваных на зніжэнне ўплыву чалавека на клімат у краінах Усходняга партнёрства і Расіі. Ён забяспечвае падтрымку ва ўдасканаленні палітыкі, стратэгій і рынкавых механізмаў у галіне змянення клімату, а таксама экспертную дапамогу і распрацоўвае стратэгіі па адаптацыі сельскай гаспадаркі.

Парыжскае пагадненне (падпісана 22 красавіка 2016 года) — дакумент Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, які рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы з 2020 года. Асноўная мэта дакумента — дамагчыся стабілізацыі канцэнтрацый парніковых газаў у атмасферы на такім узроўні, які б не дапускаў небяспечнага антрапагеннага ўздзеяння на клімат. Краіны-ўдзельніцы пагаднення вызначаюць свае ўнёскі ў дасягненне дэклараванай агульнай мэты ў індывідуальным парадку, пераглядаюць іх раз у пяць гадоў.

Загаловак у газеце: Калі цяпло — на пагібель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?