Вы тут

Спецыялісты зафіксавалі ў Беларусі новы від птушак — чайку-бургамістра


А знайшлі птушку з важнай назвай арнітолагі на Паўночнай звалцы Мінска. Чайка з ганарлівым «прозвішчам» сустрэлася не ў самым рамантычным месцы: пляцоўка афіцыйна называецца палігонам цвёрдых бытавых адходаў «Паўночны». А аўтарам арніталагічнай сенсацыі стаў дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі, які разам з загадчыцай лабараторыі арніталогіі навукова-практычнага цэнтра (НПЦ) НАН Беларусі па біярэсурсах Ірынай Самусенка і бёрдвотчарам Таццянай Каржыцкай «палявалі» ў гэтым месцы на птушак.


Гэта было запланаванае мерапрыемства, бо супрацоўнікі НПЦ сёлета праводзяць арніталагічныя даследаванні на звалках сталіцы. Там яны ажыццяўлялі ўлікі колькасці крылатых для адсочвання сезоннай дынамікі, а таксама назіралі за акальцаванымі птушкамі. А калегі і аматары па меры сіл дапамагаюць ім, бо тэрыторыі палігона вялікія. Крумкачовыя птушкі даўно прыстасаваліся харчавацца на гарадскіх звалках, а вось чайкі сталі рэгістравацца тут у вялікай колькасці толькі ў апошняе дзесяцігоддзе.

Брыльянт «у пыле»

— Апошнія 10 гадоў я спецыяльна «паляваў» на гэты від. Гэтым разам на сметніку было каля 1000 толькі чаек. Убачыўшы патрэбную, я адразу з радасцю паклікаў да трубы сваіх спадарожнікаў — чайка дала сябе разгледзець і сфатаграфаваць. Першыя сумненні ў правільным вызначэнні хутка зніклі. Мы правялі на палігоне яшчэ дзве гадзіны, але больш бургамістра не сустрэлі, — расказвае Аляксандр Вінчэўскі. — Да канца дня мы прачыталі шэсць каляровых кольцаў на розных чайках: літоўскае, польскія і беларускія. Бургамістр можа пратрымацца ў Мінску адзін-два дні, а можа праседзець тут да вясны. Птушкі на звалках кормяцца і адпачываюць, потым ляцяць купацца на Нямігу, Мінскае мора або Чыжоўскае вадасховішча — ва ўсіх гэтых месцах можна іх сустрэць. Бургамістр добра адрозніваецца ад астатніх чаек адсутнасцю чорнага колеру на крылах.

Новы від мае вагу

Бургамістр — гэта другая па велічыні чайка ў свеце, бо размах крылаў у яе дасягае 158 сантыметраў, а вага — да двух кілаграмаў. Гэты від гняздуецца ў палярных абласцях кантынента, а зіму праводзіць звычайна ў Паўночнай Атлантыцы. Рэгістрацыі гэтага віду ўжо былі ў краінах-суседзях: Літве, Латвіі і Польшчы. Менавіта гэта давала падказку нашым арнітолагам, што птушка можа заляцець і ў Беларусь. Цяпер мы ведаем дакладна — гэта адбылося. Пацвердзіць вызначэнне віду і ўнесці бургамістра 330-м відам у спіс птушак Беларусі павінна Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК).

Вялікая белая, але не зусім добрая

Цікава, што сваю назву від атрымаў, хутчэй за ўсё, з-за таго, што бургамістр значна большы за іншых чаек, вылучаецца на іх фоне і выглядае больш важным. Таксама назву можна растлумачыць тым фактам, што прадстаўнікі гэтага віду любяць сяліцца паблізу птушыных кірмашоў і рэгулярна «спаганяць даніну» з іх насельніцтва ў выглядзе яек і птушанят.

Даведка: бургамістр, або вялікая палярная чайка, адна з самых буйных чайкавых птушак. Звычайна мае 64-65 см у даўжыню і вагу — 1,5-2 кг. Апярэнне бледнай афарбоўкі: асноўны колер белы, спіна і крылы блакітнавата-шэрыя, кончыкі крылаў белыя. Дзюба жоўтая, а ногі жаўтлява-ружовыя.

Від распаўсюджаны на паўночных марскіх узбярэжжах і астравах Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, дзе гняздуецца і застаецца пасля сезона размнажэння. На нашым кантыненце заўважаны ў Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Аўстрыі, Швейцарыі, Іспаніі, Партугаліі, Італіі, на Мальце, тэрыторыі былой Югаславіі, Румыніі, Малдове, Украіне.

А яшчэ спецыялісты АПБ прапануюць усім нам дапамагаць фіксаваць новых крылатых. Калі вы ўбачылі птушку з кольцам або проста незвычайную, — зрабіце фота і пакажыце арнітолагам. Раптам наступнае адкрыццё стане вашым? Фатаграфіі можна змяшчаць у базе даных «Біяразнастайнасць Беларусі».

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сапраўды сур'ёзная чайка

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.