Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Сіла мовы

Некалі ў ліхія пасляваенныя гады каля нашай гаротніцы цёткі Адаркі сталі круціцца евангелісты, хацелі яе ў сваё кола ўцягнуць, абяцалі дапамагчы — «усіх скорбей» пазбавіць... Ну яна і паслухала — паддалася, схадзіла да іх. Праўда, адзін толькі раз...

А яны ж не адступаюцца, зноў яе клічуць — ды гэтак настойліва, што жанчына спачатку пацярпела, памаўчала, а потым не стрымалася: узяла ды выдала — і дзе менавіта іх бачыла, і куды б ім лепей пайсці...

Толькі тады адчапіліся.

Я думаю, «божыя дзьмухаўцы» гэтыя «ваенгалісты» (як іх цётка Адарка звала) у параўнанні з сектамі, што цяпер на людзей «палююць». Ці не мода пайшла — нейкую новую рэлігію прыдумаць, месіяй сябе аб'явіць. А потым усіх, хто ў гэта паверыў (пазбавіўшы папярэдне рознага непатрэбнага багацця) проста ў рай павесці стройнымі радамі...

Я не без падстаў тое кажу. У найбліжэйшых гарадах што робіцца: у адным па вуліцах ходзяць нейкія хлопцы (з паголенымі галовамі, у жоўтых балахонах) ды распяваюць (калі правільна пачула?): «Хара-крышна, Хара-рама»... Другі «Сведкі Іеговы» аблюбавалі.

Адна з іх, з тых самых сведак (мая суседка расказвала), да яе на базары прычапілася. Так і так, маўляў, у рай прыводзяць толькі яны!..

А Марыя ж баба праваслаўная: выслухала ўсё, а потым у позу стала ды кажа:

— Калі вам паверыць, дык усе мае продкі ў пекле цяпер знаходзяцца... А што ж тады мне ў раі рабіць? Чаго я туды папруся? Адна... Не, ужо лепш да сваіх...

А тут неяк і я сама ледзь на «кручок» не трапіла. Валакуся ў хату са свайго гарода, чую — тэлефон разрываецца. Слухаўку зняла:

— Алё, — кажу ледзь жывая.

На тым канцы проваду як узрадуюцца!

— Здравствуйте! Меня зовут Ольга, — лапоча нейкая маладзіца. — Я слышу, как тяжело у вас на душе, и я могу вам помочь! Я расскажу вам о вечной жизни, о рае!

— Не, — перапыняю, — не трэба. У мяне на душы ўсё нармальна. Проста змарылася. Работы шмат у маім райскім садзе.

А яна ж пра гэта не слухае — далей сваё гне...

Я магла б перапыніць, успомніўшы цётку Адарку, але ж нешта развесялілася — «прыкінулася шлангам» ды пытаю:

— А самі вы якой веры будзеце?

Яна (бадзёранька так) :

— Мы — «Свидетели Іеговы».

— Але ж славянка?

— Да, здешняя.

— Гэта добра, — кажу ёй, — бо нам жа ёсць пра што пагаварыць?

Ну і панесла мяне, як таго Астапа: расказала дзеўцы пра паходжанне славян, пра культуру, пра наша язычніцтва, пабудаванае на гармоніі з Сусветам. Расказала пра багоў і багінь...

Потым спахапілася: нешта ж ніхто не пярэчыць? І не згаджаецца? Можа, чалавек «адключыўся», а я тут распінаюся?

Таму лагодненька так пытаю:

— Вы слухаеце?

— Вой, я так слухаю, так слухаю, — па-беларуску загаварыла спадарыня Вольга. — Шчыры дзякуй вам!

— А за што?

— За мову. Я ніколі не чула такой... жывой.

Тут ужо я, што называецца, «выпаўзшы з асадку», падзякавала: сказала дзяўчыне, што, калі яна захоча яшчэ пагаварыць па-беларуску, то хай тэлефануе — пагаворым і пра мову, і пра «Веды славян».

На тым і развіталіся.

А паклаўшы трубку, я па звычцы ўсё абдумала, расклала па палічках. І (гэта па-першае) заганарылася мовай (бач, як уплывае — нават на «агітатараў»!). А па-другое, «вынайшла» спосаб, як ад іх адчапіцца. Трэба сказаць, што мы, беларусы, радзіму і веру сваю не мяняем. А калі і гэта не спрацуе, то можна, як цётка Адарка, проста паслаць...

Соф'я КУСЯНКОВА,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.


У начную змену

Некалі ў студэнтаў навучальны год пачынаўся з бульбы.

Вось і ў тую восень нашу групу закінулі ўглыб Чэрвеньшчыны. Сталі размяркоўваць, рассяляць па хатах. Дзяўчат на кватэру бралі ахвотней, бо з імі, як лічылася, спакайней. А вось на хлопцаў, «попыту» амаль не было. Ужо думалі, што назад паедзем, але ж падахвоцілася адна бабуля. Сказала, што дровы ў яе не пасечаны, атава не скошана, гной у хляве... Так што, калі дапаможам, — яна аддзячыць. А спаць можам на сене, у гумне.

Выглядала гэта досыць рамантычна. Ды і спалася так...

А раніцай мы выйшлі на працу, на ток — пералапачваць сырую грэчку.

Дагэтуль памятаю вялізную гару зерня, цяжкую рыдлёўку. Спіны пад вечар не гнуліся, рукі — балелі. Але ж кармілі нас добра (штодня на сталах свежына, яшчэ цёплае малачко)... Да таго ж маладыя, здаровыя — павячэраўшы, мы беглі на танцы.

Усё, карацей, было як заўсёды, без прыгод, пакуль аднойчы наша гаспадыня не пажалілася, што занядужаў яе блізкі сваяк, што ёй — кроў з носу — трэба адлучыцца на дзень-другі... А тут, як на ліха, яшчэ і брага ў бочцы «паспела» — трэба гарэлку гнаць...

Мы, сямёра бэйбусаў, запэўнілі гаспадыню, што не зломкі, што ўсе яе хатнія справы бяром на сябе. А што да «вытворчасці самагону», то ў нас нават «ас» свой ёсць (адзін з хлапцоў бацькам дапамагаў)... А таму яна можа спакойненька ехаць і ні аб чым не думаць — «прадукт» мы захаваем...

Бабуля ўзрадавалася і сапраўды паехала, мы — узяліся за справу.

Перш-наперш наш «спец па самагонцы» склаў графік начнога дзяжурства. Паводле яго, кожнаму з сямі хлапцоў, пакуль іншыя спяць, належала гадзіну праседзець «ля апарата»: памаленьку падкідваць дровы і час ад часу каштаваць прадукт, каб, калі паслабее, уліць у чыгун новай брагі.

Вось за гэтым кожны з нашых дзяжурных сачыў вельмі строга...

У выніку чаго ці не кожны новы «зменшчык», перш чым прыступіць да працы, (літаральна) адцягваў папярэдніка, бо сам ён ісці не мог...

Але ж справу мы агулам зрабілі: да раніцы ўся чыста брага была перагнаная, а ўсе хлопцы — ніякія, бо страшэнна «стаміліся».

Праз яе, тую самую «стому», ніхто з нас не змог падняцца, ніхто не пайшоў на ток, каб лапаціць грэчку. На працу ў той дзень выйшлі толькі дзяўчаты...

Але ж яны нас нізавошта «не здалі» б выкладчыку (што выехаў быў у Мінск). Брыгадзірка пастаралася — змяюка, а не жанчына: тут жа сказала кіраўніку, што мы цэлы дзень прагулялі.

Выкладчык мусіў падацца ў нашу хатку, што, вядома ж, нам, жаўтаротым другакурснікам, дабра не абяцала. Наадварот — усё магло скончыцца калі не выключэннем з інстытута, то пазбаўленнем стыпендыі...

Разумеючы гэта, хітраваць ды падманваць мы не сталі: шчыра прызналіся ва ўсім.

Рэакцыя выкладчыка была досыць нечаканай.

— Не сапсавалі хоць брагу? — заклапочана спытаўся ён. — Можа, гадасці якой нагналі?

— Не! Ды што вы?! — абурыліся мы.

— Дык, можа, налілі б пробу зняць...

Мы тут жа ўнеслі трохлітровік, дасталі шклянку. Адну...

— Дык і сабе ж капніце... Я што — адзін каштаваць гэта буду?

Пакаштавалі разам.

А бліжэй да вечара нашы знерваваныя дзяўчаты не маглі паверыць вушам: пад вясёлае ды гучнае «Касіў Ясь канюшыну...» мы, сямёра малайцоў на чале з выкладчыкам (любіў ён беларускія песні!), крочылі на танцы.

І назаўтра таксама здзівілі, бо да грэчкі дзяўчат не падпусцілі зусім: самі пералапацілі яе, самі дасушылі.

Брыгадзірка нарадавацца не магла. Але ж зразумела ўсё па-свойму.

— Вось бачыце, — сказала выкладчыку, — падсыпалі ім перцу з імберцам, дык і толк ёсць. А то ж зусім распусціліся...

Выкладчык (ён тады быў дацэнтам, пазней стаў прафесарам) толькі падміргнуў нам.

...А што да бабулі, то дровы ёй мы, вядома ж, пасеклі, атаву скасілі, гной выкінулі, нават платы паправілі.

М. Камароўскі,

г. Орша.


Свінства без... свінства

Ці не ўсе наваспечаныя гараджане, сумуючы па вёсках ды родных хатах, некалі спалі і бачылі, як займеюць лапікі зямлі, як пабудуюць дачы, як паробяць ля іх гароды, як будуць не толькі адпачываць, але і нешта вырошчваць...

Да драбніц у памяці той час, калі мара наша збылася, калі мы кожную вольную гадзіну стараліся правесці на сваім (!) участачку зямлі. Працы там хапала напоўніцу, бо трэба ж было падымаць дзірван, нешта сеяць, палоць, паліваць...

Платоў паміж участкамі тады не ставілі — проста нацягвалі дрот. Будавалі спачатку адрыны — для захоўвання інструмента.

Больш спрытныя, праўда, замахваліся на дамкі, хлеўчукі таксама ляпілі.

У выніку непадалёк ад нас пачулася спачатку кудахтанне ды кукарэканне, а потым і ... рохканне. Гэта наша суседка, Аляксандраўна, дзвюх свінак завяла. Хацела, каб лепей елі ды хутчэй раслі. А пра нешта іншае думак не мела, хоць свінні ёсць свінні — яны ж жывы не будуць, каб свінства не зрабіць. Альбо шкоды якой...

Неяк да нас данёсся шум. За дротам, па суседчыных градах, бегала свінка, а за ёй гаспадыня з матыкай. Хацела, мусіць, пераняць, загнаць у хлеўчык, ды не тут тое было: свінка, што называецца, «адрывалася» на волі: яна, падлезшы пад дрот, тапталася... па нашым гародзе.

Што тут пачалося — не перадаць! Мае ўнукі пакідалі цацкі і з крыкам панесліся следам.

Свінка на хаду нешта рвала — капустачку, моркву, бурачкі... Дзеці бязлітасна ўсё тапталі. А як рагаталі: праз імгненне ўжо не разабраць было, хто ад каго ўцякае, хто даганяе...

Сілы былі няроўныя, і свінню ў хуткім часе загналі.

Але ж шкоды тая нечаканая госця нарабіла ну вельмі шмат — пасеваў як не было.

Праўда, бачачы шчаслівыя твары ўнукаў, я шкадавала зусім не град. Не паверыце: шкадавала, што свінка так хутка... збегла.

А ўжо дзеці як шкадавалі!..

Незабыўныя імгненні шчасця.

Раіса Васільева,

г. Гомель.


Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Ад яе ж — напамін, што сёлета «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» ў рубрыцы «Алё, народ на провадзе!» не проста друкуюцца. Яны — апроч гэтага — удзельнічаюць у конкурсе — на самую смешную, самую цікавую, самую мудрую...

Для таго, каб тройку, пяцёрку, дзясятку вось гэтакіх вызначыць, працуе аж два журы — вялікае чытацкае і маленькае рэдакцыйнае. Яны і будуць падводзіць вынікі — недзе ў пачатку студзеня.

Гэта значыць, што час яшчэ ёсць: і ваша гісторыя можа паспець у апошні «вагон».

Так што пішыце, дасылайце. І, вядома ж, выпісвайце «Звязду» — газету нашых прадзедаў, дзядоў, бацькоў і, хочацца верыць, унукаў.


 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.