Емяльянаў-Шыловіч Алесь Віктаравіч нарадзіўся 23 студзеня 1987 г. ў Крычаве. Скончыў біялагічны факультет Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2013).
Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Дзеяслоў», «Верасень», «Тэрмапілы», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», альманаху «Тэксты», калектыўных зборніках. Аўтар кнігі вершаў «Парасонечнасць» (2014). Творы перакладаліся на польскую і сербскую мовы.
Пераможца (2-е месца) конкурса перакладу паэзіі Віславы Шымборскай на беларускую мову (2015). Рэдактар літпартала Textura.by.
Алесь Емяльянаў-Шыловіч. Вершы
Паветраны транспарт
* * *
Заінелыя целы асенняга лісця,
залатыя, бурштынавыя, кармазінавыя,
з брунатнымі ёднымі плямамі,
шаргацяць пад нагамі,
чакаюць,
пакуль першыя промні раніцы
слізгануць па шурпатай паверхні
і ўваскрасяць мерцвякоў,
а вецер уздыме іх на апошні танец.
Ці бачыў ты апошні танец
пажоўклага лісця?
Прыгожа й жахліва,
жахліва ведаць,
што танчыш апошні раз.
07.01.2012 ад Р. Х.
…і апоўначы ў вокнах тваіх не патухне святло
дзесь на ўсходзе сталіцы, на сёмым паверсе
трое ў белых адзеннях збяруцца ў цябе за сталом,
як сказана ў адной з распаўсюджаных версій
звяжуць рукі за спінаю, і, невядома чаму,
на пытанне імя ты адкажаш: марыся
дадасі, што язэп сышоў яшчэ год таму —
не паверыў, што сын ад святога з’явіўся;
і цябе забяруць на малочна-чырвоным аўто,
бо такую адну пакідаць небяспечна…
па-ранейшаму ў вокнах тваіх не патухне святло
й будзе лялька ў калысцы спяваць: «Святы вечар…»
ліст
начны сусед
сунеразмоўца мой
ліхтар
сем месяцаў амаль
мы не сварыліся
штоночы зазіраючы ў пакой
ты мне нічым не дакучаў
нічога не прасіў
а ў падарунак кожны раз
святло мне пакідаў
але мне час
бывай, стары,
не хілі галавы.
адліга
здымі пальчаткі —
на далонях снег,
не расстае,
агнём жывым гарыць.
апёкі пакідае —
мае непрыхаваныя пачуцці.
даруй, што балючыя —
пачуццё раставання снегу
вымагае шчырысці.
Падарожжа
Н. Ф.
і паменшаны ў дваццаць пяць тысяч разоў,
я на гомельскай мапе шукаю цябе.
нада мной замест неба і пацерак-зор
толькі шэрая столь, лямпы млосная бель
я па рэйках расстання праз горад іду,
і на чоўне чакання плыву цераз Сож.
мы з табою звязаныя рыфмамі душ,
ты палесская птушка, паўднёвы мой сон.
Білетніца
Маладой і прывабнай паненцы няўцям, —
чаго гэты дзяцюк надакучлівы хоча?
Проста мовіць, што ейныя срэбныя вочы
адкрываюць сабою вытокі быцця;
з імі неба бліжэе й лягчэе ўздых —
абагрэюць і жарсным жаданнем атруцяць,
бо калісьці й Адам спакусіўся на іх,
і чакае юнак трапятлівы той міг,
каб яшчэ раз праехаць па гэтым маршруце.
перасоўванне
кватэра пустая нібы Калахары
жоўты лінолеум і шпалеры
асабліва пэдкрэсліваюць
гэту метафару
апошнія дзесяць гадоў
я пачуваюся
бядашчым беларускім бедуінам
які не першы раз
пакідае кавалак чужое прасторы
з нядаўняй пары
вандруйма ўтраіх
і ствараем чарговы аазіс
у чыёйсьці панэльнай пустэльні
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.