Вы тут

Аляксандр Вашчанка. Слова пра старэйшага Сябра


Слова Сябар я пішу з вялікай літары, бо Анатоль Вярцінскі, пра якога я хачу расказаць, сваёй творчасцю, грамадзянскай пазіцыяй, высакароднымі ўчынкамі і ўсім жыццём даказаў, што ён можа звацца Чалавекам з вялікай літары.


Упершыню з яго творчасцю я сутыкнуўся падчас вучобы ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага. Прыкладна ў 1970-м годзе выкладчык выразнага чытання А. Каляда на базе студэнтаў філфака і літмуза стварыў паэтычны тэатр «Жывое слова». Быў пастаўлены спектакль па вершах А. Вярцінскага. З гэтым спектаклем студэнты паспяхова гастралявалі. Вядома, былі і на роднай яму Лепельшчыне. Гэтай вандроўцы Анатоль Ільіч прысвяціў верш:

Выбраў харошую гадзіну ―

вясна дыхнула з усіх бакоў, ―

і еду да сябе на радзіму,

да лепяльчан, да землякоў.

На душы ў мяне вяснова.

І яшчэ ад таго мне святлей,

што побач ― гурт маладых людзей,

цэлы тэатр «Жывое слова».

Ужо тады мяне ўразіла сіла ўздзеяння паэтычнага слова майстра на гледачоў. Захацелася бліжэй пазнаёміцца з яго творчасцю. Прачытаў зборнікі вершаў Вярцінскага «Песня пра хлеб», «Тры цішыні», «Чалавечы знак». Знайшоў у іх шмат чаго сугучнага з уласнымі думкамі і пачуццямі, і з тае пары не прапускаў ніводнай новай кніжкі паэта.

Пазнаёміўся ж з Анатолем Ільічом у 90-я гады, калі ён працаваў літаратурным кансультантам у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Ён вельмі прыязна сустрэў свайго земляка (нашы вёскі Дзямешкава і Дварэц знаходзяцца кіламетрах у дзесяці), пачытаў мае спробы пяра, нешта паправіў. Даў слушныя парады, паспрыяў, каб некаторыя з вершаў надрукавалі, а пазней напісаў прадмовы да маіх першых кніг. Акрылёным выходзіў я пасля той сустрэчы. Ёсць рэдактары, пасля размовы з якімі хочацца спаліць свае опусы, а ёсць, добрае слова якіх дае штуршок для творчасці. Вось да такіх нешматлікіх і адносіцца А. Вярцінскі. Прыязнасць і дабрыня, бадай, самыя адметныя яго рысы. Ён не можа адмовіць нікому, таму адгукаецца нават на не зусім зручныя запрашэнні, бо іншы раз для сустрэчы з чытачамі прыходзіцца пераадольваць не адну сотню кіламетраў. Аднак вынік таго варты: у сэрцах слухачоў, можа, не адразу, але прарастуць парасткі высокага паэтычнага слова, а маленькія чытачы потым будуць усё жыццё ганарыцца тым, што бачылі і чулі Паэта.

Як вядома, Віцебшчына ў другой палове XX стагоддзя запаліла на небасхіле высокага пісьменства Беларусі тры найярчэйшыя зоркі: Рыгора Барадуліна з Ушаччыны, Генадзя Бураўкіна з Расоншчыны і Анатоля Вярцінскага з Лепельшчыны. Быццам тры дубы-асілкі непахісна і ўпарта яны адстойвалі ў сваёй творчасці ідэалы дабрыні і спагады. Мне пашчасціла арганізаваць для вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы № 3 горада Мінска, дзе тады працаваў, творчыя сустрэчы з імі. Назаўсёды занатаваны тыя сустрэчы ў летапісе школы, і былыя вучні з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць іх. Але час няўмольны: з трох сяброў-землякоў у жывых застаўся адзін Анатоль Ільіч.

Калі ў апошнія гады свайго жыцця народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч застаўся сам-насам са сваімі хваробамі і адзінотай, многія былыя сябры адвярнуліся ад яго. А. Вярцінскі ж кожны тыдзень заходзіў і гэтыя сустрэчы ператвараліся ў натхнёную размову аб лёсах нашай літаратуры і роднай мовы. Мне давялося некалькі разоў там прысутнічаць і калі б можна было тыя размовы аксакалаў айчыннай паэзіі занатаваць, то атрымалася б цікавейшая кніга, складзеная з малавядомых фактаў нашага літаратурнага жыцця. Адзін з прыкладаў. Ніл Сымонавіч кажа: «Я б з задавальненнем памяняў свой лепшы верш «Вы шуміце бярозы» на «Два полі» Анатоля, ды ён наўрад ці пагодзіцца...» Дарэчы, наступным прэтэндэнтам на званне народны паэт Беларусі пасля Н. Гілевіча быў А. Вярцінскі, але гэтага звання так і не дачакаўся… Але насамрэч ён даўно ўжо народны, бо яго паэзія па праву ўвайшла ў залатую скарбонку нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Анатоль Вярцінскі даўно вынайшаў для сябе галоўны закон гарманічнага існавання чалавецтва. Гэта Закон любові:

― Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць?

― Любіць.

― Што значыць зямное шчасце здабыць?

― Любіць.

Гэтая тэма чырвоным радком праходзіць праз усю ягоную творчасць:

Люблю зямлю,

дзе ёсць дзіцячая казка,

дзе ёсць дзяцінства

і ёсць маладосць.

Люблю зямлю,

дзе ёсць жаночая ласка,

і дружба ёсць,

і многае іншае ёсць.

Як слушна заўважае Вольга Русілка: «сцверджаная паэтам «усепланетная сістэма любові», сістэма «пачуццёвых струн» трымаецца найперш на бязмежнай самаахвярнасці Маці, вобраз якой ствараецца з асаблівым драматычным лірызмам і сімвалічнай узвышанасцю».

Мы жывём, каб вяртацца,

і лепшага шляху няма.

Мы жывём, каб вітацца.

«Мама! Дзень добры, ма…»

Ну, а раптам напасці,

бяда ў той хаціне старой?

Ну, а раптам няшчасце ―

і маці ў зямлі сырой?

Мы жывём, каб вяртацца.

А куды тады вернешся ты?

З кім ты будзеш вітацца,

як тады, да бяды?

Светлы вобраз маці, Александрыны Рыгораўны, у А. Вярцінскага мае не толькі індывідуальны, але і агульначалавечы пачатак, бо «лёс маткі-салдаткі» і працаўніцы быў тады лёсам большасці славянскіх жанчын. А пакутлівы матыў страты самага блізкага чалавека да гэтага часу незагойным болем гучыць у сэрцы паэта:

Вось твой лясок.

Вось твой пясок.

Вось твае сосны.

Твая яма.

Пачуць бы яшчэ раз:

«Сынок».

Паклікаць бы яшчэ раз:

«Мама».

Да Закона любові А. Вярцінскі прыйшоў праз наймацнейшую тэму ўспамінаў маленства ― тэму вайны. Бацька быў на фронце, Лепельшчына знаходзілася пад акупантамі, а адзінаццацігадовы Анатоль, які яшчэ мала ўсведамляў небяспечнасць сваіх дзеянняў, падвозіў ноччу партызан у Саснягоўскую пушчу, а ў цэнтры вёскі на дрэве наклеіў лістоўку з заклікам «Ідзіце ўсе ў партызаны! Біце ворагаў!» Аднойчы міма Дзямешкава ішлі карнікі. Праз некаторы час вяскоўцы пачулі страляніну, убачылі чорныя клубы дыму. Назаўтра даведаліся, што суседнюю вёску Кісялёва карнікі спалілі, а жыхароў ад старога да малога забілі. А яшчэ пачулі жахлівы аповед пра тое, як некалькі дзён «дыхала» магіла, куды карнікі скідалі кісялёўцаў, і як крычаў на вогнішчы здзічэлы певень.

Гэты трагічны выпадак паслужыў А. Вярцінскаму сюжэтам для шчымлівай «Балады пра спаленую вёску і жывога пеўня». Вайна для паэта нешта страшнае і дзікае, што выходзіць за нормы чалавечай этыкі і маралі. Адказваючы на пытанне анкеты, «які след пакінула ў вашай асабістай памяці вайна?» ― ён зазначыць: «Вайна наклала глыбокі адбітак на нашу псіхалогію, на наша светаадчуванне, вызначыла ў значнай ступені нашу маральна-філасофскую арыентацыю; вядома не толькі ў негатыўным, але і ў станоўчым сэнсе, у сэнсе нашай большай жыццястойкасці, больш устойлівага аптымізму».

Нельга абысці тэму кахання ў яго творчасці. А. Вярцінскі з яго знешнасцю галівудскага акцёра і шляхетнымі манерамі разбіў не адно жаночае сэрца, але ўсё жыццё з ім побач каханая жонка Ада Сямёнаўна, якая падарыла яму сына Яўгена і дачку Аляксандру і заўсёды была надзейным тылам сямейнага дабрабыту. Анатоль Ільіч лічыць, што не павінна быць на зямлі пакутлівай жаночай адзіноты, незапатрабаванай пяшчоты, неадбыўшагася кахання, і ў сваёй інтымнай лірыцы, як ніхто іншы, дакранаецца да самых патаемных і глыбінных струн душаў сваіх гераінь, бо для паэта каханне ― знак далучанасці да галоўнай таямніцы жыцця:

Мужчына. Жанчына. Чаканне.

Шуканне. Блуканне. Час.

Жанчына. Мужчына. Спатканне.

Вітанне. Пытанне. Адказ.

Мужчына. Жанчына. Дыханне.

Сэрцабіццё. Забыццё.

Жанчына. Мужчына. Каханне.

Мужчына. Жанчына. Жыццё.

Я не збіраюся прааналізаваць напісанае паэтам: гэта ўжо зрабілі і яшчэ зробяць прафесійныя крытыкі і літаратуразнаўцы. Мне хочацца расказаць аб А. Вярцінскім як аб чалавеку, чалавеку простым, пазбаўленым усялякай высакамернасці.

Яму не аднойчы даручалі адказныя пасады. У 1977 годзе ў складзе дэлегацыі ўдзельнічаў у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У галоўнай падковападобнай зале небаскроба (хмарачоса, як сказаў бы Адам Мальдзіс) на Іст-Рывер, што ў Нью-Ёрку прадстаўнік Беларусі знаходзіўся паміж дэлегаткай ад Канады (справа) і мажным чонаскурым прадстаўніком Бурундзі. Адкрыў сесію міністр замежных спраў Шры Ланкі Хамід: «Прашу паважаных прадстаўнікоў захаваць мінуту маўчання, прысвечаную малітве або роздуму!» Гэта традыцыя. Гэта паўтараецца кожны год, пачынаючы з памятнага пасляваеннага сорак пятага ― года стварэння ААН.

У сваёй кнізе публіцыстыкі «Нью-Йоркская сірэна», за якую ў 1988 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, А. Вярцінскі піша: «Ёсць ёмістая слоўная формула, якая нарадзілася разам з гэтай міжнароднай арганізацыяй над свежымі яшчэ магіламі і руінамі мінулай вайны і якая, напэўна, можа найлепшым чынам выказаць агульны стан дэлегатаў Асамблеі, закліканай да мінуты маўчання. Вось яна:

«МЫ, НАРОДЫ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЙ, ПОЎНЫЯ РАШУЧАСЦІ

пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавецтву невыказнае гора…

зноў усталяваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць правоў вялікіх і малых нацый…

І Ў ГЭТЫХ МЭТАХ

праяўляць цярпімасць і жыць разам, у міры адзін з другім, як добрыя суседзі,

і аб’яднаць нашы сілы для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі…»

Чаканная, нібы высечаная на метале формула тычыцца ўсіх. Маўчыць уся зала. Але для нас, для тых, хто перажыў жахі вайны на ўласным вопыце, гэтыя, прасякнутыя разумнай, добрай воляй, пачуццём высокай адказнасці словы ― з прэамбулы Статута ААН ― асабліва зразумелыя і значныя. Для нас, хто страціў у вайне сваіх родных і блізкіх, хто прынёс на алтар перамогі над фашызмам дваццаць мільёнаў чалавечых жыццяў, гэтая мінута маўчання мае не толькі сімвалічны, цырыманіяльны, але і канкрэтны духоўны сэнс ― мы ўшаноўваем памяць паўшых. Мы ўшаноўваем памяць ахвяр вайны, і нашы думкі пра мір для жывых…»

Якія пранікнёныя і мудрыя словы! Яны асабліва важныя ў наш час, калі зусім недалёка ад нашых межаў ідзе вайна паміж братнімі славянскімі народамі, калі ў руінах Сірыя, калі да трэцяй сусветнай рукой падаць, і толькі агульная воля і сіла ўсіх народаў свету могуць яе спыніць…

А яшчэ я заўсёды думаю, калі Анатоль Ільіч выступае на прэзентацыі маёй чарговай кнігі (а ён ніколі не адмаўляе), што гэты чалавек некалі вёў рэй перад дэлегатамі ста пяцідзесяці краін (на той час) нашай блакітнай планеты Зямля, годна адстойваў інтарэсы роднай Беларусі ў ААН і ЮНЕСКА, а зараз ён гаворыць добрыя словы пра мяне. Ды гэта ж такі гонар!

Акрамя працы ў ААН і ЮНЕСКА А. Вярцінскі узначальваў Таварыства Беларуска-кітайскай дружбы, вучыўся пісаць іерогліфы ў Пекінскім універсітэце, выбіраўся Дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-склікання, з’яўляўся намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, быў членам  Канстуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, галоўным рэдактарам штодыднёвіка «Літаратура і мастацтва». І яшчэ шмат дзе былі выкарыстаны талент, адказнасць і працаздольнасць Анатоля Ільіча.

Анатоль Вярцінскі — кнігалюб. Прычым, кнігалюб апантаны. У гэтым захапленні я яго саюзнік. Кнігі ў кватэры Анатоля ўсюды: у пакоях, на калідоры, на антрэсолях, ды і на летніку іх таксама хапае. І яны не стаяць мёртвым грузам у шафах, а «працуюць». Ён імі шчодра дзеліцца, прычым, не шкадуе «разбіць» любую серыю: «Табе патрэбна гэтая кніга? Для працы? Забірай!» Кнігі ён не толькі збірае, але і чытае, хоць часу для гэтага нестае:

Забрацца б на пустынны востраў,

за трыдзевяць зямель і вёрстаў,

узяўшы толькі стопку кніг.

І ― начытацца ўволю іх!

Жыве з адчуваннем унутранай еднасці з прыродай, якая для яго ― вясковага хлапчука ― арганічнае ўвасабленне райскага садуа, дзе так хораша жыць і працаваць. Таму думка аб адказнасці чалавека за будучыню прыроды пастаянна гучыць у яго вершах.

Косім траву ― яна не крычыць.

Яна маўчыць адчайна.

Мы пачынаем камень крышыць,

зацятае тое ж маўчанне.

Тое ж маўчанне, калі тапаром

мы дрэва зялёнае нішчым,

калі мы за жабры рыбу бяром

і б’ём галавой аб днішча.

Рыба набрала вады…

Затое, калі самім нам

бывае балюча, і тады

крычым мы крыкам нястрымным,

крычым мы не толькі ад болю свайго

яго было б нямнога, ―

крычым мы ад болю ўсяго

свету зямнога.

Адзінокая кінутая яблыня ў горадзе для А. Вярцінскага ператвараецца ў сімвал вясковага чалавека, які згубіўся і разгубіўся ў мегаполісе і якога могуць адагрэць толькі ласкавыя і пяшчотныя рукі:

Сумнае, трэба сказаць, відовішча ―

Яблыня ў горадзе,

на месцы былога дворышча.

Той дворык, той домік

пайшлі на знос.

І ў яблыні нашай такі вось лёс…

Ля тратуара, навідавоку

Стаіць яна, яблыня, ― збоку прыпёку.

Яе абыякава абцякае

Рака людская, гарадская.

Мы абавязкова сустракаемся з Анатолем Ільічом у сярэдзіне кожнага жніўня. Я частую яго мёдам з Лепельшчыны, а ён мяне — яблыкамі з уласнага саду. Мы абмяркоўваем вартасць кожнага гатунка, гаворым аб ураджаі яблыкаў і груш, а я думаю пра тое, што кожны чалавек, які саджае пладовыя дрэвы, нават не ўсведамляючы таго, хоча вярнуць сабе кавалачак эдэмскага райскага саду, адкуль ён некалі быў выгнаны.

У гэтым годзе на Віцебшчыне сады квітнелі так, што ад прыгажосці проста абрывалася сэрца. Прозай адчуванне гэтага хараства не перадаць, тут патрэбен паэтычны талент Майстра:

Не помню такога лета,

каб было столькі квета,

каб яблыні так квітнелі,

каб так цвілі сады.

Так хораша, так шчодра!

Каб так краналі пяшчотна

Душы маёй лады!

 

Нібы казала прырода

людзям майго народа:

«Ведаю, людзі добрыя,

Што радасці вам нестае.

Дык вось, мае любыя дзеці,

глядзіце на гэтую квецень,

глядзіце і любуйцеся,

і цешцеся, дзеці мае!»

Паэт ніколі не спыняецца на дасягнутым, ён жыве планамі і творчымі задумамі: «Ведаеш, яшчэ ёсць думкі, яшчэ хочацца напісаць пра Скарыну. Я так люблю пісаць у дождж…» Дык няхай цёплы грыбны дожджык спрыяе Вашаму паэтычнаму настрою, мой дарагі сябра і зямляк, а мы, прыхільнікі Вашага таленту, віншуем Вас з 85-годдзем, жадаем здароўя, сямейнага дабрабыту і чакаем Вашых новых твораў! І яшчэ: «Анатоль Ільіч, чакаю ў госці. Стаўлю бульбу варыць!»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? 

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.