Вы тут

У Палатоўскай школе педагогіку спалучаюць з этнаграфіяй


Гэта школа, бадай, нічым не саступае гарадскім. А ў творчых пошуках дзятвы і педагагічных адкрыццях перасягае многія з іх. Асноўны сакрэт поспеху — у краязнаўчым клубе «Спадчына», які дзейнічае ў школе каля 30 гадоў. І яго галоўная мэта — адраджэнне традыцый Палатоўскага краю.


Маленькія беларусы з вялікай літары

У вёсцы Палата Полацкага раёна першая школа была адкрыта ў 1924 годзе. У 1977-м пабудавалі новую. Сёння тут каля 80 вучняў. Ёсць і прышкольны інтэрнат. У ім жывуць з панядзелка па пятніцу дзеці з далёкіх вёсак. А з населеных пунктаў, да якіх параўнальна блізка, прывозяць на заняткі на школьным аўтобусе. Дырэктар Таццяна Васіленка ўзначальвае педагагічны калектыў трэці год. Школа для яе родная. У сталічнай ВНУ яна атрымала дыплом выкладчыцы геаграфіі.

Пад кіраўніцтвам настаўнікаў дзеці ў гэтай школе запісваюць абрадавыя песні, развучваюць іх і спяваюць. Іншыя цікавяцца ў старажылаў абрадамі і звычаямі, распрацоўваюць сцэнарыі для выступленняў перад землякамі. Юныя краязнаўцы вывучаюць і гісторыю вёсак, утварэння саўгаса «Палата». Энтузіясты стварылі запісы песень у альбомах, склалі дыялектны слоўнік. Сярод багатага матэрыялу ёсць і мянушкі жыхароў Палаты. Запісаны таксама народныя прыкметы, калыханкі.

Школьнікі могуць прадэманстраваць, як іх продкі святкавалі традыцыйныя святы, на Каляды «жанілі Цярэшку», ладзілі заручыны, вяселле... Падчас экспедыцый дзеці і педагогі сабралі шмат прадметаў побыту для школьнага музея.

Машына часу

Музей каляндарна-абрадавых традыцый быў створаны 15 гадоў таму. У 2001 годзе ён стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу, дзе вызначалі найлепшы этнаграфічны музей. Гэта імправізаваны драўляны дом, унутры якога госці трапляюць у старадаўнія часы нашых продкаў.

Самы «галоўны» экспанат — драўляны круг — сімвал сонейка. Ад яго цягнуцца 8 промняў. Іх колькасць выбрана невыпадкова. Яны сімвалізуюць Каляды, Вялікдзень, Масленіцу, іншыя галоўныя народныя святы. Адпаведныя назвы маюць і тэматычныя экспазіцыі.

— Усе экспазіцыі адлюстроўваюць гадавое свята колаў і абрадаў, інфармуюць пра побыт, культуру і заняткі беларусаў. У музеі прадметы становяцца сімваламі, якія набываюць аб'ёмную форму, атрымліваюць новае значэнне... Нядаўна ў экспазіцыі «Купалле» з'явіўся новы экспанат, які дае ўяўленне пра купальскі карагод. А ў «Каляды» дабаўлены бразготкі, якімі карыстаюцца падчас абраду, — расказвае Ядвіга Баева, намеснік дырэктара школы.

У музеі арганізуюцца і часовыя выставы, тэматычныя, якія прысвечаны каляндарным і царкоўным святам. Тут займаюцца і рэстаўрацыяй экспанатаў. Музей мае свае каталогі і прадметную картатэку. І цалкам заслужаны статус народнага.

Супрацоўніцтва з навукоўцамі і майстрамі

Дырэктар і яе калегі падкрэсліваюць: школьнікам вельмі падабаецца быць фалькларыстамі і краязнаўцамі. Ніхто іх не прымушае. Наадварот, просяцца самі! Акцэнт педагогамі робіцца менавіта на вучнёўскім пошуку, актыўнай творчай рабоце хлопчыкаў і дзяўчынак.

Школьны музей цесна супрацоўнічае з полацкімі музеямі: краязнаўчым, ручнога ткацтва Паазер'я. Работнікі апошняга сталі куратарамі, бо аказалі вялікую дапамогу ў стварэнні навуковай канцэпцыі школьнай «сялянскай хаты». Прафесіяналы аказваюць школе і дапамогу ў складанні каталогаў.

Юныя даследчыкі былі пераможцамі абласных конкурсаў: «Берагіня», «Ад прашчураў — да зор». У скарбонцы дасягненняў і дыпломы рэспубліканскай акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», абласной навукова-даследчай канферэнцыі «Эўрыка-2015», Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў. Школьны гурт «Знічка» ўзнагароджаны міжнародным дыпломам ЮНЕСКА «За захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі».

Экскурсіі ў музеі праводзяць школьнікі і настаўнікі. Майстры даюць тут майстар-класы.

Такім чынам, у вёсцы Палата, што на Віцебшчыне, можна зразумець, што такое сапраўдная Беларусь. Юныя грамадзяне на сваім прыкладзе ўсім гасцям даказваюць, што беларусы памятаюць свае традыцыі. І ёсць каму іх беражліва захоўваць і працягваць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сялянская хата... у школе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.