Вы тут

Мы выходзім разам у снегапад


Ну вось, як і абяцала, пра снег. І не толькі пра яго. Сёння прачнулася, глянула ў акно, а снег ідзе, буйныя сняжынкі ляцяць коса, ну, памятаеце, як у «Іроніі лёсу». І ў ранішняй цемры ўсё выглядае незвычайным, казачна-белым, нават людзі, якія крышку прыгінаюць галовы і рухаюцца, здаецца, хутчэй, чым заўсёды ў гэты час.


Праўда, не ўсе любяць снег, як я. Не любіць яго наш дворнік, што, уздыхаючы, шырокай лапатай зграбае з тратуараў былое снежнае покрыва. І нават дзяўчына на прыпынку, маладзенькая, прыгожая, незадаволена моршчыць тварык: «Вой, гэтыя сняжынкі мне нават у рот ляцяць!» На што старэйшая жанчына, відаць маці, толькі ўсміхаецца: «А я пехатой прайду два прыпынкі, каб палюбавацца снегападам». І праўда, у нас ён бывае рэдка. І калі сустракаем Новы год пад дождж альбо жалімся адно аднаму на шэрую, няўтульную зіму, успамінаю сонечную балгарскую Албену, дзе ў гатэлі побач з намі жылі турысты з Сахаліна. Кіраўнік іхняй групы неяк спытаў: «Брэст — гэта ж недзе на крайнім захадзе. А ці бачылі вы снег, ці ведаеце, што такое снег?» І нібы сурочыў: прымусіў успамінаць яго дзіўнае пытанне ледзь не чвэрць стагоддзя. Але за апошнюю пяцігодку зімы ўсялякія былі, прырода не раз выпраўляла ўласныя хібы. Яна нібы знарок пазбаўляе нас на некаторы час магчымасці любавацца белай прыгажосцю, каб потым абдарыць ёю.

А можа, і не гэтую прыродную з'яву мы любім, рэч зусім у іншым. Хемінгуэй некалі напісаў: «Кожнаму з нас патрэбна, каб было каму сказаць: «Паглядзі, як падае снег!» І ведаць, што цябе абавязкова зразумеюць».

Хемінгуэя мы згадвалі з шаноўным ветэранам вайны Марыяй Пятроўнай Разанцавай, калі ў сваёй кватэры за кубкам чаю яна расказвала мне амаль неверагодную гісторыю кахання. Васямнаццацігадовай франтавой сястрой Маша Ражнова выратавала жыццё маладому салдаціку. Тым, каго проста выцягнула з поля бою, і лік згубіла. Гэты быў асаблівы. У пекле Арлоўска-Курскай дугі яны, маладыя, нявопытныя, гінулі дзясяткамі, сотнямі. І ён ляжаў белы, як мел, амаль без прыкмет жыцця. Доктар сказаў, што з такой стратай крыві аперацыю ён не перажыве, і чамусьці пашкадаваў яго. Сказаў: «Ну што, Маша, будзем ратаваць яго, у цябе таксама першая група?» Запасаў крыві даўно не было, заставалася прамое пераліванне. Яна асабліва не рвалася, але і не пярэчыла. Колькі ўзялі крыві, не бачыла, пад канец страціла прытомнасць. Потым, калі ачулася, здаецца, ён сказаў колькі слоў, нешта накшталт падзякі. Яго прааперыравалі і перавялі ў шпіталь. Маша пайшла з часцю далей.

Яны сустрэліся выпадкова ў Маскве праз 35 гадоў пасля Перамогі. Для яе выпадкова. Ён, аказваецца, усё жыццё шукаў яе. Хоць дакладна не ведаў прозвішча, толькі імя ды нумар часці пятай танкавай арміі. Яна ведала, што завуць Коля, запомніла прозвішча хірурга, які яго аперыраваў. На сустрэчы ветэранаў ён пазнаў яе адразу, але быў настолькі ўзрушаны, што не змог зрабіць кроку, сказаць слова. Яна ж нічога не заўважыла.

Мікалай Іванавіч вярнуўся дадому ў Краснаярск, адтуль напісаў ёй ліст. Марыя Пятроўна да таго часу пахавала мужа, сын вырас, жыла адна ў Брэсце. Мікалай Разанцаў, таксама ўдавец, працаваў вядучым інжынерам КБ аднаго з закрытых ваенных заводаў у Краснаярску. Яны перапісваліся некаторы час. Потым ён прыехаў у Брэст і адразу зрабіў ёй прапанову. Пасля гэтага яна паехала ў Краснаярск пагасцяваць. Там і адбылося іх не зусім звычайнае вяселле. У самым прыгожым рэстаране горада сабралася КБ у поўным складзе — 13 чалавек. Усе вельмі любілі Мікалая Разанцава і кожны пастараўся расказаць пра свайго таварыша як мага лепей. Словам, зрабілі прэзентацыю для нявесты, нешта накшталт таго, як на пікніку ў Гошы у фільме «Масква слязам не верыць». Потым Мікалай Іванавіч пераехаў у Брэст, і яны пражылі разам 22 гады.

— Гэтыя гады сталі для мяне самымі шчаслівымі, — расказвала Марыя Пятроўна. — Ён быў вельмі стрыманы, памяркоўны, інтэлігентны чалавек і ўраўнаважваў маю прыродную актыўнасць, энергічнасць. Як цудоўна было адкрываць адно ў адным аднадумцаў! Я вельмі любіла падарожнічаць, абышла Карпаты, Крым, Каўказ, пабывала ў многіх краінах. Для мяне новыя дарогі як жыццё. Ён з-за дрэннага здароўя не мог раздзяліць мае паходы-падарожжы. Але з радасцю адпускаў мяне. Я прывозіла фотаздымкі, і мы перажывалі ўражанні ўжо ўдваіх, разам. Мы гулялі па вуліцах горада, і ён, як ніхто, умеў звярнуць маю ўвагу на прыгажосць жоўтай лістоты, парадавацца снегападу.

Зусім як у Эльдара Разанава:

Мы выходим вместе в снегопад.

И четыре оттиска за нами,

отпечатанные башмаками,

неотвязно следуя, следят...

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.