Вы тут

Галоўныя рызыкі старасці і як іх пазбегнуць


Мінскі доктар-герыятр Ірына Токарава расказала нам пра адзін выпадак. Неяк яна прыйшла ў госці да пажылой жанчыны, у якой старэнькая мама, добра за 80. І ў гэтай жанчыны яшчэ ёсць 40-гадовая дачка. Далей прыводзім аповед ад першай асобы: «І вось пры мне жанчына пытаецца ў сваёй дачкі: «Таня, хто купіў гэтыя страшныя сінія астры і паставіў у ваду?» А тая ёй паказвае знакамі: маўляў, цішэй. І шэптам кажа: «Бабуля купіла». І гэтая жанчына адразу закрычала на ўвесь пакой: «Мама, якая ты малайчына! Якія цудоўныя кветкі ты купіла! Якое хараство!..»

Многія як агню баяцца старасці, але ж састарэць — значна лепш, чым памерці маладым. Асабліва калі побач з вамі блізкія людзі і калі яны будуць такімі ж чулымі і далікатнымі, як жанчына з гэтай гісторыі.


Чым нас палохае старасць?

«Моладзь лічыць: каб старасць не была страшная, трэба шмат зарабляць і да пажылога ўзросту стаць забяспечаным чалавекам. А вось і не, — сцвярджае Ірына Токарава. — Вядома ж, старасць палохае перш за ўсё хваробамі, калі людзі маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе. Але не менш, а то і больш страшнымі з'яўляюцца адзінота, дэфіцыт зносін і самарэалізацыі, страта сэнсу жыцця».

Асабліва цяжкім, паводле слоў спецыяліста, такі стан бывае ў мужчын. Жанчыны знаходзяць для сябе хатнія заняткі, і яны ім даюць нейкі сэнс. А вось для мужчын адзінота — гэта вельмі цяжка. Заўважана, што мужчыны, якія застаюцца ў сталым узросце адны, як правіла, мала жывуць.

— Вельмі цяжка прадстаўнікі дужага полу перажываюць незапатрабаванасць, адсутнасць былой значнасці, — разважае наша суразмоўніца. — Дапусцім, чалавек быў начальнікам. Сыход на пенсію такімі людзьмі перажываецца вельмі хваравіта, многія не бачаць сэнсу ў далейшым існаванні. Хоць здараецца так, што нехта пачынае нешта будаваць, канструяваць на дачы, хтосьці ідзе ў ветэранскую арганізацыю і займаецца грамадскай дзейнасцю — гэта спрыяльныя варыянты развіцця падзей. Трэба ісці ў людзі, камунікацыя вельмі важная.

Дарэчы цяпер, згодна з заявамі Сусветнай Арганізацыяй аховы здароўя, лічыцца, што здароўе — гэта не толькі стан нашага цела, але і душэўны, сацыяльны стан. Гэта не менш значныя кампаненты. Цяпер нават, калі даследуюць доўгажыхароў, то не ставяць на першае месца біялагічныя пытанні — прыярытэт аддаецца сацыяльным фактарам.

Нафарбавацца, нават вельмі ўдала, — не значыць памаладзець...

Да пажылога ўзросту ўсе прыходзяць па-рознаму, і ў кожнага чалавека працэс старэння вельмі індывідуальны. Яго хуткасць залежыць ад генетыкі, полу, ладу жыцця, навакольнага асяроддзя, сацыяльна-псіхалагічных фактараў і іншых прычын, у лік якіх уваходзяць стрэсы і перанесеныя хваробы.

— Многія жанчыны лічаць: калі яна падфарбавалася, пры гэтым сама хударлявая і выглядае маладзей свайго ўзросту, то яна маладая, — кажа Ірына Токарава. — Але гэта далёка не так. Таму што і маладосць, і старасць вызначаюцца функцыянальным станам арганізму, і ў першую чаргу — станам сардэчна-сасудзістай сістэмы. Чалавек, у якога «букет» захворванняў, вядома, будзе старэць хутчэй, асабліва калі ў яго праблемы з сэрцам і сасудамі.

У нас людзі пачынаюць задумвацца пра сваё здароўе і клапаціцца пра сябе дзесьці пасля 40 або 50 гадоў, а то і толькі пасля выхаду на пенсію. Але рабіць гэта трэба значна раней — для таго, каб заўчасна не пастарэць.

Трэба дакладна ўяўляць сабе фактары рызыкі заўчаснага старэння. Гэта перш за ўсё маларухомы лад жыцця. А цяпер паглядзіце на нашу моладзь, якая аддае перавагу камп'ютару і нават сустракаецца ўсё часцей з дапамогай камп'ютара — у скайпе, а не ўжывую. Усім ім пагражае ў будучыні заўчаснае старэнне.

Важны фактар рызыкі — працяглыя стрэсы, якія да таго ж часта паўтараюцца. І нерацыянальнае харчаванне... Зноў жа паглядзіце, як харчуюцца нашы студэнты, хто наведвае ўстановы, дзе прадаюць фаст-фуд? А нашы пажылыя людзі? Ім трэба абмежаваць ужыванне салёных, вострых, салодкіх страў і страў з вялікай колькасцю тлушчаў. Больш аддаваць перавагу садавіне, агародніне, антыхалестэрынавай дыеце (ужыванне рыбы, малака і малочных прадуктаў, прадуктаў, якія змяшчаюць вітаміны А, С і Е).

Што можа ашчаслівіць пажылога чалавека

Пажылы чалавек мае патрэбу ва ўвазе і спагадзе, кажа наша суразмоўніца. У сям'і нельга ад яго адгароджвацца, пазбаўляць хатніх абавязкаў. Калі ў сям'і нешта абмяркоўваюць, напрыклад рамонт, трэба спытаць і меркаванне пажылых сваякоў, калі яны жывуць з вамі. Вельмі важна, каб з імі раіліся, лічыліся... На лецішчы можна спытаць пажылую маму: «Як тут лепш разбіць кветнік?» Убачыце: гэта простае пытанне зробіць яе шчаслівай...

— Кажуць, характар у старасці псуецца...

— Ён не псуецца, — адказвае Ірына Токарава. — Значыць, у чалавека і быў такі характар. Проста з узростам чалавек можа часам стаць больш адчувальным да крыўдаў, напрыклад. Вядома, хваробы таксама адбіваюцца на характары. Ён значна мяняецца пасля перанесенага інсульту. Такія людзі могуць станавіцца раздражняльнымі, плаксівымі.

Але ў цэлым, калі ніякіх сур'ёзных хвароб няма, то проста з узростам у чалавека пачынаюць праяўляцца тыя рысы характару, якія ў яго былі і раней, але ў маладым і сярэднім узросце ўдала ўтойваліся. Калі жанчына была зайздрослівая, і ў маладосці ёй гэта ўдавалася хаваць, то ў сталым узросце згаданая рыса робіцца ўжо відавочнай. Такая жанчына можа галасіць: «Ага, у Валі і Любы ёсць дача, машына, пенсія немалая... А ў мяне нічога гэтага няма...» Яна сапраўды гэтак жа зайздросціла ў маладосці, але гэта было ўтоена ад навакольных.

Як забяспечыць сабе шчаслівае старэнне

Па-першае, звярнуць увагу на сваё здароўе. І пажадана як мага раней. Кожнаму трэба кантраляваць сваю вагу, артэрыяльны ціск і ўзровень халестэрыну і цукру ў крыві.

Кожны дзень прагулкі — 30 хвілін пешшу. Пажадана, калі дазваляюць суставы, у хуткім тэмпе — дзесьці 90 крокаў у хвіліну. Яшчэ лепш — займацца скандынаўскай хадой або фітнесам.

Па-другое, важная грамадская актыўнасць — зазірніце ў мясцовы ТЦСАН і запішыцеся ў які-небудзь гурток. Пазнаёмцеся бліжэй з суседзямі — гэта вашы зносіны. Няхай вы не станеце дружбакамі, але пазбегнеце сацыяльнай ізаляцыі. Звярніце ўвагу, колькі летам у добрае надвор'е ходзіць пажылых людзей каля дома, у парку... Можна падысці да іх, пагутарыць. Аднадумцаў, якія вас выслухаюць, можна знайсці.

Па-трэцяе, вельмі важна асвойваць нешта новае. Гэта добра ўплывае на здароўе мозгу. Якія людзі выглядаюць у старасці маладзейшымі? Перш за ўсё — творчыя, навукоўцы. Паглядзіце на артыстку Веру Васільеву, якой сёлета будзе 92 гады... Яна, дарэчы, сказала, што да гэтага часу не мае праблем з памяццю, бо аднойчы зразумела: на суфлёраў спадзявацца нельга, і таму дасканала завучвала кожную сваю ролю. Дарэчы, у пажылым узросце вельмі карысна вучыць на памяць вершы, тэксты песень.

І важна быць аптымістам. Да такіх людзей і навакольныя цягнуцца...

Чым заняцца на старасці гадоў?

Ды чым заўгодна. Спяваць у хоры, асвоіць музычны інструмент, танцаваць у фальклорным ансамблі або вывучыць таямніцы танга. Выдатна падыходзяць віды спорту, якія прымушаюць мозг працаваць, — шахматы, шашкі, більярд.

Добра падыдуць і заняткі маляваннем, лепкай, вышываннем, пляценнем карункаў, вязаннем. Нарэшце, калі вам даспадобы разгадванне, а можа быць, і складанне рэбусаў, крыжаванак, лагічных загадак — гэта таксама творчы занятак. Завучванне на памяць вершаў, калекцыянаванне прыказак і прымавак, літаратурная творчасць... І нават проста перабіраць ружанец і ўспамінаць пры гэтым словы малітваў — гэта ўсё на карысць вашаму настрою, а значыць, і здароўю.

«Навучыся маліцца і любіць!..»

«...Якой нязноснай пацыенткай аказалася вясёлая старая, якой яна стала злоснай нэндзай, як пакутавала ад бяссоння, як баялася смерці; колькі доўгіх начэй ляжала яна, стогнучы, нібы ў вар'яцкім пакутлівым трызненні, абложаная прывідамі таго будучага свету, пра які і слухаць не хацела, калі была ў добрым здароўі. Уяві сабе, юная чытачка, мітуслівую, сябелюбную, агідную, няўдзячную, няверуючую старую ў пакутах ад болю і страху, ды яшчэ без парыка! Уяві яе сабе і, пакуль ты яшчэ не састарэла, навучыся маліцца і любіць!» (У. Тэкерэй. «Кірмаш пыхлівасці».)

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шукайце новыя сэнсы ў жыцці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.