Вы тут

Беларусі неабходна больш актыўна пазіцыянаваць сябе ў свеце


Нацыянальны сход іграе найважнейшую ролю ў вывучэнні новых рынкаў, у пошуку партнёраў за мяжой. Баляслаў ПІРШТУК, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, упэўнены: Беларусі неабходна больш актыўна пазіцыянаваць сябе ў свеце.


«Асваенне» Амерыкі

Расказваючы пра вынікі ўдзелу ў 32-й асамблеі Лацінаамерыканскага парламента, віцэ-спікер ніжняй палаты звярнуў увагу на важнасць таго, што сёлета мы атрымалі там статус назіральніка.

— Мы мелі магчымасць пачуць, чым жывуць нашы калегі, партнёры ў гэтым велізарным рэгіёне, і нам далі магчымасць выступіць там, абазначыць уласную пазіцыю, — адзначыў Баляслаў Пірштук. — Наша задача ў лацінаамерыканскім рэгіёне — садзейнічанне гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. Хачу нагадаць, што з многімі краінамі кантынента ў нас закладзены дастаткова трывалы фундамент супрацоўніцтва. Перш за ўсё, за кошт сустрэч і перамоў кіраўніка нашай дзяржавы з кіраўнікамі такіх дзяржаў, як Венесуэла, Бразілія, Куба, Эквадор... Для нас гэта аснова, і нам цяпер прасцей прасоўваць свае інтарэсы ў гэтых рэгіёнах.

Па словах Баляслава Пірштука, нават на гэтым мерапрыемстве, куды наша краіна была запрошана ўпершыню і дзе было не так шмат прадстаўнікоў бізнесу, атрымалася завязаць карысныя кантакты.

— Кіраўнік дэлегацыі Эквадора хоча шчыльна папрацаваць па пастаўках нашай тэхнікі — перш за ўсё трактарнай, а таксама мінеральных угнаенняў. Са свайго боку, яны прапануюць нам свае адмысловыя лекавыя прэпараты, якіх няма ў нас у краіне і якія мы імпартуем. Амерыканскі партнёр прапанаваў папрацаваць у рэчышчы арганізацыі невялікіх адукацыйных, гуманітарных праектаў. Безумоўна, мы з задавальненнем прымем такія прапановы. У якасці пілотнага паспрабуем літаральна напачатку наступнага года дамовіцца, каб іх прадстаўнікі прыехалі да нас у краіну, мы прапануем рэгіён, канкрэтны населены пункт, і там адпрацуем такія пілотныя схемы, якія ў будучыні можна будзе пашырыць.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» пра магчымых новых партнёраў у гэтым рэгіёне, Баляслаў Пірштук падкрэсліў: у кожнай краіны — свае асаблівасці. Мы мала што зараз ведаем пра Чылі, Перу, але яны ўяўляюць для нас цікавасць — калі добра вывучыць патрэбы гэтых краін.

Азіяцкі напрамак

— Не так даўно — напрыканцы лістапада — я ўдзельнічаў у парламенцкай канферэнцыі ў Казахстане, — расказаў Баляслаў Пірштук. — Для нас вельмі цікавы патэнцыял Казахстана. За 25 гадоў незалежнасці ВУП краіны вырас больш чым у 10 разоў. Прамыя інвестыцыі перавысілі 200 млрд долараў. Гэта наглядны прыклад таго, як можна ў складаных эканамічных умовах развівацца.

Па словах намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў, казахстанскі бок праяўляе вялікую цікавасць да тых падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне.

— У іх новым складзе парламента сфарміравана працоўная група па ўзаемадзеянні з нашым Нацыянальным сходам.
З 107 дэпутатаў у гэту групу запісалася 53 дэпутаты! Уяўляеце? Хоць па іх рэгламенту максімальная колькасць павінна быць 25. Мы дамовіліся са спікерам парламента Казахстана, што напачатку наступнага года ён здзейсніць афіцыйны візіт у нашу краіну — гэта хутчэй за ўсё будзе студзень-люты, дата ўдакладніцца пазней.

Пазітыўны прагноз па ЕС

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды» пра перспектывы парламенцкага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, Баляслаў Пірштук прызнаўся, што ўпэўнены ў пазітыўным развіцці адносін Беларусі і ЕС у 2017 годзе. Ён звярнуў увагу, што ў сферы эканомікі ў Беларусі і ЕС няма праблем. На думку парламентарыя, у 2017 годзе і ў іншых сферах «адносіны будуць выглядаць нашмат перспектыўней, чым было да гэтага часу».

У сакавіку нашу краіну наведае старшыня Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Крысцін Муттонен. Падчас візіту будзе абмяркоўвацца падрыхтоўка да правядзення чарговай сесіі ПА АБСЕ, якая павінна адбыцца ў Мінску 5-9 ліпеня 2017 года.

— Вызначым непасрэдны фармат, дэталі, тонкасці, мерапрыемствы, — паведаміў Баляслаў Пірштук.

Паводле яго слоў, Беларусь ужо прыступіла да арганізацыйных мерапрыемстваў сесіі, змястоўная ж частка будзе вызначана ў наступным годзе. Чакаецца, што ў беларускую сталіцу прыбудуць каля 700 удзельнікаў, у тым ліку звыш 500 парламентарыяў з 56 краін свету.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вектары руху

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.