Вы тут

«Гусей — кармі і сцеражы: На шлях — ні-ні! У ваду — не лезці...»


Што было, — было: па адной вясковай вуліцы гусі хадзілі. А тут, як на ліха, машына і...

Не паспела затармазіць: адну асобіну збіла, астатнія — ходу, у двор...

Кіроўца (чалавек яшчэ) услед за імі падаўся. Кажа:

— Прабачце, гаспадынька, я, відаць, вашу гуску збіў? Можа, глянеце?

Выйшла кабета за весніцы, паглядзела.

— Не, — сказала, — гэта не мая, у мяне такіх пляскатых зроду не было.

А вось іншых — шэрых ці белых, круглых, спаважных, нават... пісьменных шмат — і было, і ёсць. Сведчаннем таму

Гэты здымак — з Беларусі,

Дзе чытаюць нават гусі!

Напісалі: нельга ў воду, —

Чарадой шукаюць броду.

Во, якія паслухмяныя — на думку сужэнцаў Астроўскіх з Мінска. Ці якраз наадварот, як лічыць спадар Анатоль Гарачоў з в. Даўнары Іўеўскага раёна:

Надпіс, можа, і не хлусіць:

Рэчка — з кепскай славаю.

Калі ж гусі з Беларусі,

Усё адно паплаваюць!

Ёсць і кампрамісны варыянт: гэта значыць, паплаваюць гусі, але ж далёка не ўсе, як мяркуе спадарыня Раіса Васільева з Гомеля. Яна, уважліва паглядзеўшы на здымак, не проста прыдумала подпіс, а намалявала карціну, прычым з дыялогамі. Накшталт — спынілася гэта чарада на беразе, пад забараняючым «знакам», і гамонку вядзе:

— Не было ж такога зроду:

Нам, гусям, ды нельга

ў воду?..

Ў гусака свае законы:

— Мне пляваць! Я сам

вучоны:

Там у кайф купаецца,

Дзе забараняецца!

...Я спытаю ў вас хутчэй:

— Бачыў хтось такіх...

людзей?

Ну, вядома ж... І, згадзіцеся, не толькі па тэлевізары ў крымінальнай хроніцы. Яны побач з намі жывуць: то вуліцу перабягаюць на чырвонае святло, то, напіўшыся, транспартам кіруюць, то бензінам дровы ў печцы падпальваюць, то па тонкім лёдзе ходзяць, а то проста з моста ў ваду, а потым...

Мае рацыю спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:

Каб не каяцца да скону

Ты не плюй на забарону

І не кідайся з разгону

Безаглядна ў кар'ер...

Лепей добранька правер.

Задачка для тых, хто не хоча правяраць: Косця заплыў за буйкі на 10 метраў, Валера — на 20. Каго вадалазы знойдуць раней?

Адгадалі? Значыць, пагодзіцеся, што ў якасці подпісу пад верхнім здымкам могуць быць і вось гэтыя радкі ад спадарыні Чыгрынавай:

Мудры бабчын гусак,

Каб адвесці бяду,

Маладых забіяк

Не пускае ў ваду.

Правільна робіць. Але ж цікава, чаму: што з вадой той сталася?

Успамін з канверта — зноў жа ад спадарыні Чыгрынавай: «Каля нашай вёскі некалі была сажалка — чыстая-чыстая, бо жывілася выключна крыніцамі. Да таго ж яе з трох бакоў атуляў лес і хіба з паўночнага прасціралася поле. Карацей — прыгажосць была невыказная: усіх, хто прыязджаў у госці, вяскоўцы вадзілі ў гэты райскі куточак, каб паказаць ды і самім яшчэ раз палюбавацца. Больш за тое — рыбакі любілі пасядзець там з вудамі, дзеці — пакупацца ды пазагараць, парачкі — памілавацца...

І толькі аграному ўсё гэта было непатрэбна: яму ворыўнай зямлі не хапала, хацелася плошчы пасяўныя пашырыць. Вось і аддаў ён загад узараць тое поле — аж да самай сажалкі. Трактарысты пярэчыць не сталі: зрабілі, як загадаў. Потым туды ж прывезлі пратраўленае зерне і калійную соль.

Мяхі з ёй, пэўна, лепш было б паставіць паводдаль і не на раллю. Бо ноччу пайшоў дождж, і ручайкі з атрутай пацяклі ў ваду. Назаўтра па берагах сажалкі ляжала мёртвая рыба. А потым памерла і яна сама».

Людзі праўду кажуць, што ўсё прырода сцерпіць, але ж і адпомсціць.

У адным высакагорным санаторыі пацыент паскардзіўся, што яму цяжка дыхаць. «Ды быць не можа! — здзівіўся доктар. — У нас жа — найчысцейшае паветра!..» — «Вось-вось, найчысцейшае, — кажа хворы. — А я прывык бачыць, што ўдыхаю».

І, вядома ж (як лічаць сужэнцы Астроўскія), што ўжываю:

Мы вадзіцу з крамы п'ём,

Хоць ля возера жывём...

Там — калі б ні ўзялі пробы —

То атрута, то мікробы.

Спадар Віктар Сабалеўскі з Узды нават «прозвішча» іх ведае:

Прыязджаць на Нарач

модна...

Хоць бывае й там «псіхоз»:

Выганяе з гладзі воднай

Злосны дзед Цэркарыёз.

Кажа: нечага купацца,

Гэта месца — для гусей.

Людзям — толькі любавацца,

А паплаваць — у басейн.

Трэба сказаць, што гэта — не найгоршае месца яшчэ (асабліва зімой). А вось летам...

...Ну якое там купанне, —

Мусім плёскацца ў ванне!

Бо мікробы і хваробы

Нам ніяк не даспадобы!..

Ну а гускам што рабіць?

Ні нырнуць, ні корм здабыць.

Шкадуе птушак спадарыня Соф'я Кусянкова з в. Лучын Рагачоўскага раёна. І, вядома ж, не без падстаў:

Сёння гвалт у чарадзе:

— «Быць бядзе!»

ды «Быць бядзе!»

Бо ў раку, паўз агароды,

З фермы хлынулі адходы...

Гускам страх не толькі

плыць,

Нават лапкі памачыць!

Лічыць так спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў. Цалкам лагічная здагадка і ў спадара Мікалая Старых з Гомеля:

Знюхаў наш гусак смурод...

Кажа: «Побач — ёсць завод.

Каб здаровымі застацца,

Лепш і праўда не купацца —

Лёгка гэтак сказаць,

а вось зрабіць...

Кінуў заклік «грамацей»:

«Вадаём — не для гусей!»

Ну а тым — нырнуць ахвота

Тым — на сушы —

не пражыць...

«Грамацея» б па суботах

У парылку не пусціць!

Строгае пакаранне ў спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў!

Ад яго ж і наступныя разважанні: «Забароны ў жыцці, безумоўна, патрэбны: на брыдкаслоўе, курэнне, браканьерства, наркотыкі, на распіццё спіртных напояў у пэўных месцах... Але ж шмат абмежаванняў шкодных, тых, што адбіваюць усякае жаданне працаваць, перашкаджаюць чалавеку дзейнічаць, будаваць свой дабрабыт і нават жыццё».

Выснову гэтую спадар Валерый «ілюструе» наступнымі радкамі:

Купіць свінак селянін —

Забарона! Каранцін!

Афрыканская чума!

І... свіней ужо няма.

Ён завёў быў

дома качак, —

З вадаёмам перапоны...

Перспектываў больш

не бачыць:

Што ні крок, — то забароны!

«А таму, — працягвае спадар Гаўрыш, — не трэба спяшацца з такімі забаронамі. Трэба ўважліва аналізаваць наступствы, шукаць іншыя варыянты дзеянняў».

Гэта, вядома ж, цяжэй, чым «шыльду» прыбіць да жывога (!) дрэва, але... бяспечней, бо, можа ж стацца, што гусі пачуюць словы спадара Міколы Кісяля з Мінска:

— Хопіць вам гагакаць,

Горка ў пер'е плакаць.

Лепш — падняцца ў неба

Ды к «шыльдапісаку» —

Дзеўбануць дзе трэба

Гэтага сабаку!

Месцазнаходжанне аднаго з іх (пісак ці сабак) ведае спадарыня Ніна Бурко з в. Капланцы Бярэзінскага раёна:

Рыбак заядлы, Аляксей

Перахітрыў-такі гусей,

Калі прыбіў цвікамі, зрання,

Што забаронена купанне.

І сталася — яго рака!

Адзін «купае» чарвяка!

Трэба разумець, не проста так. Зараз — без гусей, без перашкод, у поўнай цішы — рыбы сабе наловіць, потым ля вогнішча стане юшку варыць...

Дарэчы, неяк на пах яе да аднаго вось такога рыбака цыганку прынесла. Падышла ды кажа: «Брыльянтавы, дай руку, паваражу табе». Ён працягнуў. Жанчына глянула і гаворыць: «Ой, даражэнечкі, бачу, што захварэеш ты: дызентэрыя пачнецца... Ад прыбіральні нікуды не адыдзешся. Можа, нават у бальніцу загрыміш». — «Што — такія дрэнныя лініі?» — пытае рыбак. — «Не, такія брудныя рукі...»

А дзе мікробы, там, як вядома, хваробы — нікому не патрэбныя. Таму скончыць агляд нашай конкурснай пошты хочацца іншымі цалкам лагічнымі тут радкамі спадара Віктара Сабалеўскага:

Апусцілі дзюбы гусі:

«На вярхах» узгоднена,

Што ў рэках Беларусі

Плаваць забаронена.

Не таму, што там чума

Ці які гвінейскі грып —

Набліжаецца зіма

І гусак ужо асіп.

А таму з купаннем давядзецца пачакаць — лета, цяпла, водпуску, мора...

Фо­та Ана­то­ля Кле­шчу­ка.

Кажаце, доўга? І сапраўды: святы (на думку спадара Васіля Мірончыка з Бабруйска) куды бліжэй. Ды яшчэ і якія! Да такіх, калі не кабанчыка, то, як мінімум

Гусей — кармі і сцеражы:

На шлях — ні-ні,

у ваду — не лезці...

Але ж,

як да Каляд дажыў,

То смачна з яблыкамі з'есці!

Хто б спрачаўся — мы не будзем. Як і з вызначэннем пераможцаў.

Такім чынам, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі да папярэдняга конкурснага здымка (на ім, нагадаем, было як мінімум чатыры кабеты ў беларускіх нацыянальных строях і адна, можна сказаць, без ніякага... «Звязда» 29 верасня г.г.) напісалі спадары Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны, Іван Астроўскі з Мінска, а таксама спадарыні Раіса Васільева з Гомеля, Любоў Чыгрынава з Мінска і Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны. З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае — рэдакцыйнае.

Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2017 года накіроўваецца ў вёску Лучын, што на Рагачоўшчыне.

Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады ёсць варыянты, як той казаў: першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс, можна некалькі — трапных, дасціпных, кароткіх (не больш за 8 радкоў) і даслаць у рэдакцыю.

Поспехаў!

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі гэтым разам не прайшлі строгі конкурсны адбор, але наступным... Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.