Вы тут

Анатоль Зэкаў. Зямля для нас — агульны дом


Беларусы

 

Згараем мы ў варожым полымі —

і ўжо не ўратавацца быццам.

Ды нас не ўзяць рукамі голымі,

як і не ўзяць у рукавіцах.

 

Стараемся з агню звек выскачыць,

хоць, бы вуглі ў ім, пачарнелі,

ды, як ні паляць нас, мы звычныя —

дасюль яшчэ вунь не згарэлі.

 

І хоць адзін калі з нас выжыве,

дык не звядзецца род ніколі:

і мову не адымуць прышлыя,

і нас саміх не заняволяць…

 

 

Настальгія

 

Пры якім ні быў бы чыне,

хто б цябе як ні ўзвялічваў,

настальгія па Айчыне

за мяжой душу казыча.

 

Дух Айчыны, ён нязводны.

Наша ў тым і падабенства:

адтаем, як вее родным,

чым і веяла з маленства.

 

 

* * *

 

Па пашпарце і сын мой родам

з маёй Патапаўкі, адтуль,

дзе, як і ўсюды, з кожным годам

дзяцей нашмат менш, чым бабуль.

 

З адных крыніц пілі ваду мы,

адна нас песціла зямля,

ды мне і сыну часам сумна,

што згадваем яе здаля.

 

 

* * *

 

Дах для зямлі — не проста дах,

бо дахам — неба для зямлі.

Ды і зямля — не проста гмах,

які прапрашчуры ўзвялі.

 

Зямля для нас — агульны дом,

і ў доме тым нам жыць усім.

Калі ж дом раптам мы ўзарвём,

то і загінем разам з ім.

 

Не можам мы таго не знаць,

аднак, гуляючы з агнём,

ці не пара нам перастаць

падкладваць дровы

пад наш дом?

 

 

* * *

 

А гады ўжо ляцяць,

і за спінаю — смерць.

Шмат хацеў бы сказаць,

ды наўрад ці паспець,

 

і наўрад ці адкрыць

тое ўсё, што ў душы.

Век імкліва ляціць

да апошняй мяжы.

 

Для каго гэта ўжо

я жыццё ўсё бярог?

Што за тою мяжой,

адно й ведае Бог.

 

 

* * *

 

Не зарастае быллём

памяць

             і голаў не тлуміць.

Жыць можна з сытым валлём

і ні пра што больш не думаць.

 

Ды як, не думаўшы, жыць,

памяць адрынуўшы раптам?

Жыць — як само набяжыць?

Можна і так.

                     А ці варта?

 

 

Акоп

 

Праўнукам ветэрана вайны

Івана Яўхімавіча Зэкава

 

Капаюць акоп у мірныя дні

нашчадкі ваеннага прадзеда.

Унукаў, бабуля, у тым не віні,

бо ім гэта ў спадчыну дадзена.

 

Калі ад блакады стагнаў Ленінград,

акоп не адзін прадзед выкапаў,

каб потым ніколі не трапіў снарад

ў акоп да Мацвея з Нічыпарам,

 

каб сніліся ім толькі мірныя сны

і каб іх мінулі часы неспакойныя…

Капаюць акоп у мірныя дні

Іванавы праўнукі —

праўнукі воіна.

 

 

Паэзія

 

А што паэзія?

                        Лязо.

Па ім, нібы па мінах, ходзіш

і, шапялявячы «няўзо?»,

«няўжо» сапраўднае знаходзіш.

 

Няўжо паэзія — лязо,

і, рыфмы кінуўшы на рыфы,

               праз шапялявае «няўзо?»

яна жыве спрадвек для рыфмы?

 

 

* * *

 

Туга — хвароба невылечная,

і дні ўсе ёй спаўна аздоблены.

Пара задумацца пра вечнае

і дарабіць, што недароблена.

 

Пара, адкінуўшы мізэрнае,

на болей важным засяродзіцца,

бо ўжо і сілы не бязмерныя,

дый ці на ўсё іх раптам хопіць,

 

зрабіць яшчэ так многа хочацца

і ні на кроплю не раскаяцца,

пакуль жыццёвы век не скончыцца,

які імкліва ўсё ж канчаецца.

 

 

* * *

 

Адмераў веку Бог нямнога —

жыцця канчаецца сувой,

і ўжо жыццёвая дарога

вядзе мяне на фініш мой.

 

Я, зрэшты, смерці не баюся —

няхай ступае на парог! —

хіба што на сябе злуюся,

бо шмат чаго зрабіць не змог.

 

Шкадую сёння я пра тое,

што, непрыкаены ў жыцці,

я час разменьваў на пустое,

а штось галоўнае ўпусціў,

 

што, можа, быў зашмат лянівы,

у працы не згараў датла,

што не зрабіў цябе шчаслівай,

такой, якой ты быць магла.

 

І хоць вядуць мяне на фініш

мае жыццёвыя гады,

ды рады я, што свет не згіне —

і будзеш жыць на свеце ты.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».