Вы тут

Карціна «Мімозы» заваявала «срэбра» кінафестывалю «Лістапад»


У кінапрэсы не было дэбатаў наконт уладальніка «Срэбра Лістапада».

Француз Олівер Лакс ужо дзесяць гадоў жыве ў ісламскім каралеўстве Марока — напэўна, гэта можа стаць ключом да лепшага разумення яго карціны «Мімозы», створанай у жанры роўд-муві і разбітай на тры часткі адпаведна пазіцыям для малітвы: схіліўшыся, стоячы, распасцёршыся. Вы толькі ўявіце: аранжавыя пустыні, гарачыя настолькі, што плавіцца экран, наўючаныя коні і стомленыя людзі пераадольваюць горныя ландшафты дзеля жадання шэйха памерці ў роднай Сіджыльмасе, адначасова ў сучасным гарадку натоўп людзей чакае, каму з іх сёння дадуць работу. Мараканская рэальнасць з яе беспрацоўем, дзікасцю, нецывілізаванасцю перамяжаецца містычным шляхам каравана (ці, можа, гэта маральны шлях авантурыста Ахмеда альбо ўласнае спасціжэнне жыццёвых глыбінь рэжысёрам). Два вымярэнні пранікаюць адно ў другое — не заўважыш. Гэтым разам дазволю сабе напісаць пра ўладальніка не «золата», а «срэбра» кінафестывалю «Лістапад», якім сталі «Мімозы», з той нагоды, што сама прымала ўдзел у прызначэнні гэтай узнагароды. Дзіўная карціна трапіла ў лік фаварытаў кожнага з пяці членаў журы кінапрэсы «Лістапада».


Дэбютны фільм Олівера Лакса «Усе вы капітаны» зняты ў 2010 годзе. Калі мінулая работа была добра прынятая, то «Мімозы» яшчэ і атрымалі вышэйшую ўзнагароду Тыдня крытыкаў у Канах — аднаго з найважнейшых аглядаў, што праходзіць паралельна Канскаму кінафестывалю. Эфектная загадкавая назва тлумачыцца проста: сцэнарый быў напісаны ў аднайменнай кавярні. Паралельна з «Мімозамі» брытанскі рэжысёр Бэн Рыверс зняў карціну «Неба дрыжыць, і зямля баіцца, і два вокі не браты адно аднаму», першая частка якой паказвае здымку за кадрам «Мімоз», а другая экранізуе апавяданне «Далёкі выпадак» Пола Боўлза, дзе Олівер Лакс выконвае галоўную ролю. Дзве карціны ў выніку адна другую дапаўняюць, але пра гэта пазней.

Бязмежжа пустынь, снежныя горныя вяршыні, караван і традыцыйнае шматслойнае адзенне, дзіўны персанаж Шахіб з яго жэстыкуляцыяй, голасам і манерай сябе паводзіць, які зусім невыпадкова далучыўся да каравана. Олівер Лакс добра разгледзеў мараканскі краявід, знайшоў у ім натхненне і ў выніку стварыў нешта неймавернае. Гэта падманліва простая, але з падтэкстам, гісторыя заварожвае — недакладныя межы паміж рэальным і містычным, паўтоны, паўсловы, паўнамёкі. Працуе гэта дзіўным чынам — ты не бачыш гэтыя ніці, затое адчуваеш іх на падсвядомым узроўні. Тут не месца дакладным матэрыям, тлумачэнням, катэгорыям і іншым страшным словам. «Мімозы», калі дазволіць сабе такое шаблоннае параўнанне, — гэта паэзія, прычым вельмі тонкая.

Караван трымае шлях на Сіджыльмасу і з той нагоды, што шэйх адчувае хуткую смерць, людзі вырашаюць скараціць яго праз горы, дарогі якіх ніхто не ведае. У рэшце рэшт, шэйх памірае, тады Ахмед абяцае за грошы давезці цела шэйха да яго радзімы і цягне за сабой яшчэ некалькі чалавек. Караван раздзяляецца — цела шэйха застаецца з Ахмедам. Ці трэба казаць, што жаданне памерлага выканана не будзе: душа яго не адправіцца на спачын, а працягне сваю вандроўку ў хуткім цячэнні горнай ракі.

Адны з самым захапляльных эпізодаў «Мімоз», можа, і кіно ўвогуле, — гэта фантастычныя праезды трох машын таксі па дарогах пустыні. Яны: гэтыя агні ад фар, узняты пыл, наравістасць — пад падабранае гукавое суправаджэнне выглядаюць тут як частка іншаземных, містычных цывілізацый. Куды яны едуць, чаму ўтраіх, як яны тут аказаліся? Для нашага непрызвычаенага да такіх антуражаў вока гэта ўвогуле іншапланетна. Сапраўды, у адным з аўтамабіляў той невыпадковы персанаж Шахіб атрымлівае заданне дапамагчы каравану і асабліва сачыць за Ахмедам. Зноў пытанні — хто дае яму даручэнне, хто ён сам, дзеля чаго трэба сачыць за караванам. У пэўным сэнсе гэтыя эпізоды становяцца варыяцыяй кіношнага штампа, калі прадстаўнікі мафіі, гангстарскіх і паўзаконных структур вядуць перамовы ў аўтамабілях. Гэтыя сцэны з адсылкамі паказальныя — пра штамп вы нават не ўспомніце, настолькі іншым, незнаёмым і дзіўным гэта выглядае.

Шахіб накіроўваецца за сваім «аб'ектам», які насамрэч не ведае дарогу да Сіджыльмасы (падмануў астатніх) і ўвогуле не вельмі перажывае за ўдалае выкананне місіі. Для простай гісторыі, ступень умоўнасці якой нам невядомая, ствараецца кантэкст маральны і рэлігійны. «Мімозы» — гэта, канешне, пошук. Гісторыя без відавочнага прытчавага выніку, дакладнай логікі і стандартнай мадэлі развіцця — яна ў пэўным сэнсе сімвалізуе, што трактоўкі і разуменне не могуць быць адназначнымі. Рэлігійны, кажуць, вестэрн. Галоўнае ў «Мімозах» — не вынік, а сам пошук, бо ён, трэба разумець, становіцца першапачаткам. Сам Лакс праз гэта праходзіць навобмацак, імправізацыйна, інтуітыўна — але ў дачыненні да стварэння фільма дыспазіцыя мяняецца, бо ў адрозненне ад жыццёвага адказу рэжысёр ведае, як стварыць сапраўднае кіно. Таму шлях у фільме становіцца самакаштоўнай з'явай.

А з той нагоды, што сам «пошук» — нешта недакладнае, няяўнае, неадчувальнае, карціна яму адпавядае і ў нейкай ступені сыходзіць ад рэальнасці. Калі фільм Рыверса становіцца побач з «Мімозамі», ён на гэты пошук адказвае цытатай аднаго з персанажаў, чытаць якую трэба адназначна: за дзёрзкі імпэт засведчыць сваё разуменне жыцця, рэлігіі, маралі і іншых складаных катэгорый чалавек можа і паплаціцца. Сэнс дарогі — у дарозе.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Спасцігнуць неспасцігальнае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».