Вы тут

Цёмны бок жыцця дарэвалюцыйнага Мінска


Які вялікі пісьменнік-класік не закранаў тэму прастытуцыі ў сваіх творах? І сапраўды, глеба прыдатная, бо драматызму ў гісторыях дзяўчат, якія свядома ці несвядома выбралі гэтую «ніву», залішне. Мы пастараліся высветліць, наколькі супадалі літаратурная выдумка і рэальнасць жыцця ў канцы XІX — пачатку XX стагоддзя, дзе ў Мінску размяшчаліся «вясёлыя» кварталы і якім паўставаў зборны вобраз тагачаснай «жрыцы кахання».


Зарабіць на пасаг

Тое, што гэтая прафесія атрымала назву найстаражытнейшай, ні для каго не сакрэт. А вось з доказамі таго, што яе гісторыя налічвае тысячагоддзі, знаёмы нямногія. Аднак пра гэта згадваў яшчэ Герадот: ён сцвярджаў, што егіпецкі фараон Хеопс прымушаў дачку займацца прастытуцыяй і менавіта на гэтыя грошы пабудаваў сабе піраміду. Яна, у сваю чаргу, таксама не разгубілася: пэўную частку заробку адклала на ўнушальнае пахавальнае збудаванне для сябе. А гэта, заўважце, XXVІ стагоддзе да нашай эры!

Як з іроніяй адзначыў гісторык Уладзімір ЗЕЛЯНКОЎ, нягледзячы на тое, што на нашых землях піраміды не будавалі, распаўсюджванне гэта «рамяство» атрымала вельмі шырокае. Траплялі ў яго па-рознаму, але часцей за ўсё — у пагоні за «прыгожым жыццём». Агенты хадзілі па вуліцах, прыкмячаючы дзяўчат, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і прапаноўвалі ім высокааплатную работу, якая прадугледжвае знаёмства з заможнымі мужчынамі. Тая ж схема дзейнічае і да гэтага часу, толькі цяпер такім чынам завабліваюць за мяжу. Існавалі і больш завуаліраваныя схемы: у газетах давалі аб'явы аб вакансіі пакаёўкі або эканомкі. Акрамя таго, быў і такі экстрэмальны спосаб «вярбоўкі» — проста схапіць дзяўчыну на вуліцы. На мяжы стагоддзяў у Беластоку існавала банда, якая дзейнічала менавіта такім чынам, пасля чаго перапраўляла «нявольніц» аж у Буэнас-Айрас. Аднак нельга сказаць, што Мінск выгадна выглядаў на фоне заходняга суседа. Напрыклад, у 1915 годзе ў «Нашай ніве» была апублікавана нататка аб тым, што на вакзале за адзін раз затрымалі 12 гандляроў «жывым таварам».

У канцы XІX стагоддзя ў Мінску пражывала каля 300 афіцыйна зарэгістраваных прастытутак. Пераважная большасць з іх былі з мяшчанскага асяроддзя, каля 20% — былыя сялянкі. Дзіўна, але дваранкі таксама сустракаліся — за вельмі рэдкім выключэннем. Што тычыцца паходжання, то каля паловы «дзяўчат лёгкіх паводзінаў» былі яўрэйкамі, што абумоўлена зусім не іх схільнасцю да гэтай справы, а было прама прапарцыянальна нацыянальнаму складу горада ў той час. На другім месцы па колькасці знаходзіліся рускія і беларускі, якія ў дакументах адносіліся да адной катэгорыі. Асаблівую нішу займалі немкі: такім чынам яны зараблялі сабе на пасаг і, адпаведна, былі адзінымі, хто ведаў, чым будуць займацца пасля заканчэння «кар'еры».

Пад прыкрыццём капялюшных майстэрняў

Пасля выхаду ў свет рамана Аляксандра Дзюма «Дама з камеліямі», сюжэт якога потым быў пакладзены ў аснову оперы «Травіята», слова «камелія» атрымала яшчэ адно значэнне. Так пачалі называць элітных гетэр. У Мінску гэтыя вытанчаныя прыгажуні сустракаліся не часта, бо на той момант гэта быў хоць і досыць вялікі, але ўсё ж яшчэ далёка не сталічны горад. У асноўным мясцовыя «начныя матылькі» ледзь зводзілі канцы з канцамі.

Праблем было шмат: усё залежала ад тыпу арганізацыі дзейнасці, а іх існавала некалькі. Па-першае, былі адзіночкі, якія працавалі на суценёра, ці, як тады яго звалі ў заходніх абласцях Расійскай імперыі, — фактара. Дарэчы, у Маскве ён атрымаў куды больш любоўную мянушку — кот. Ён займаўся арганізацыйнай працай: дамаўляўся з гасцініцамі, куды дзяўчат, калі ў іх не было заступніка, проста не пускалі. Увесь прыбытак фактар забіраў сабе, пакідаючы мінімум на пражыванне і «панчохі». Па-другое, многія арандавалі прыватныя кватэры, якія трымалі былыя «калегі». Умовы ў іх былі далёка не камфортнымі, што ніяк не суадносілася з вельмі высокай платай. Тым не менш знайсці іншае жыллё дзяўчыне з пэўным родам заняткаў і без «апекуна» было практычна не пад сілу. Самай нізкай катэгорыяй лічыліся «басаножкі», якія шукалі сабе заробак выключна на вуліцах горада.

Асабняком стаялі дамы цярпімасці. У іх для дзяўчат былі створаны найбольш прымальныя ўмовы жыцця. З заробку аўтаматычна вылічваліся грошы за прытулак, стол і вопратку, так што пра выжыванне размова не ішла, але і адкласці нейкую суму было практычна немагчыма. Таму вырвацца з гэтага кола ўдавалася адзінкам, астатнія з узростам звычайна апускаліся ўсё ніжэй, заканчваючы жыццё на вуліцы. Паказальны факт: на ўвесь Мінск у тыя часы ўсяго ў трох прадстаўніц гэтай прафесіі было сваё жыллё.

Нараўне з работай у адкрытую гэтую частку свайго жыцця многія дзяўчаты альбо спрабавалі прыкрыць добрапрыстойным заняткам, альбо сумяшчалі і тое, і іншае. Асабліва такая практыка была распаўсюджана сярод швачак і мадыстак. Менавіта таму за капялюшнымі майстэрнямі замацавалася ў цэлым неадназначная слава.

На вуліцы Вясёлай

Калі гаварыць пра мінскія «кварталы чырвоных ліхтароў», то адным з самых знакамітых быў участак ад вуліцы Багадзельнай да Губернатарскай, ці, кажучы сучаснай мовай, ад Камсамольскай да Леніна. Тут размяшчалася мноства, каля 20, мэбляваных пакояў з рамантычнымі назвамі «Гамбург», «Страла», «Маларосія», «Аўстрыя», якія знаходзіліся пад кантролем фактараў. Нягледзячы на верагоднасць штрафаў, уладальнікі гасцініц таксама скрозь пальцы, у якія капалі нядрэнныя працэнты, глядзелі на тое, што адбывалася ў іх пад носам.

Летам дамы адпаведных паводзін шпацыравалі па Аляксандраўскім скверы. Уладальніцы больш высокага дастатку маглі дазволіць сабе аплаціць уваход на трэк у Губернатарскім садзе, цяперашнім парку Горкага, дзе збіралася свецкая публіка. У халодны час года «матылькі» перамяшчаліся ў кандытарскія і рэстараны.

Асяродкам дамоў цярпімасці былі Нова-Чырвоная і Вясёлая вуліцы. Нова-Чырвоная знаходзілася на месцы цяперашняй вуліцы М.Танка, дзе па меры набліжэння да татарскай слабады, у бок Свіслачы, сяліліся ўсё больш бедныя «паўшыя» жанчыны. Вуліца Вясёлая, больш вядомая для цяперашніх мінчан пад назвай Першамайская, як і Скобелеўская — Чырвонаармейская, знаходзіліся паблізу салдацкіх казармаў і афіцэрскіх дамоў. Доля ваенных сярод наведвальнікаў падобных устаноў была настолькі высокая, што, калі летам яны адпраўляліся на зборы, прастытутак у горадзе практычна не заставалася — тыя накіроўваліся ўслед за гарнізонамі.

Усё пад кантролем

Гэтую сферу паводле роду сваіх заняткаў актыўна вывучаў першы санітарны ўрач Мінска Пётр Грацыянаў, а затым і яго пераемнік — Сяргей Урванцоў. Пётр Грацыянаў нават адкрыў першы ў Мінску спецыялізаваны шпіталь для прастытутак у сваім ўласным доме, які, нібы па іроніі, знаходзіўся на вуліцы Вясёлай. Бальніца фінансавалася са сродкаў горада, у ёй было 25 ложкаў плюс два запасныя, аднак гэтай колькасці часта было недастаткова.

Як адзначаў Грацыянаў, калі «дзяўчаты лёгкіх паводзінаў» лячыліся ў агульных шпіталях, яны лічыліся самым адчайным і недысцыплінаваным народам, але як толькі ў іх з'явілася свая медыцынская ўстанова,  паступова змяніліся і не мелі права з'яўляцца туды ў п'яным выглядзе або дэбашырыць. Амаль усе ахвотна працавалі, шылі, вышывалі крыжыкам, любілі чытанне, аднак нельга было не адзначыць цяжкі псіхалагічны стан, практычна зломленую волю. У большасці назіралася схільнасць да рамантызму: яны выбіралі «свайго» кавалера, якому дарылі падарункі, захоўвалі яго фота і шчыра марылі пра каханне.

Ужо ў той час вяліся гарачыя спрэчкі аб тым, ці варта легалізаваць прастытуцыю. Звычайна гэта «рамяство» знаходзілася пад кантролем паліцыі, а ў Мінску — яшчэ і санітарнага камітэта. Ён быў створаны ў 1891 годзе па ініцыятыве гарадскога кіраўніка Караля Чапскага. Прадстаўнікі арганізацыі склалі велізарную пастанову на 48 пунктаў аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй. Строгія меры далі свой плён: у Мінскай губерні быў адзін з самых нізкіх па ўсёй Расійскай імперыі ўзровень распаўсюджвання венерычных захворванняў.

У дзяўчат, якія траплялі ў афіцыйны спіс, адбіралі пашпарт і выдавалі «жоўты білет». Пазбавіцца ад яго можна было толькі па прычыне смерці, замужжа або афіцыйнага прашэння. З замужжам сітуацыя складвалася неадназначная: нярэдка ўжо праз месяц наваспечаная жонка вярталася да звыклага ладу жыцця. Афіцыйнае прашэнне падавалі, калі планавалі канчаткова змяніць род заняткаў. Падставы для яго адабрэння разглядаліся на пасяджэнні санітарнага камітэта.

Нягледзячы на дазвол займацца гэтай дзейнасцю, любыя яе сляды павінны былі быць прыкрытыя: ніякага крыклівага знешняга выгляду, гуляць у горадзе — толькі да гадзіны ночы, вокны дамоў цярпімасці заўсёды занавешаныя. Дарэчы, гэтыя «ўстановы» не маглі знаходзіцца ў цэнтры, а таксама ў жылых дамах. Таму легенда пра тое, што стары будынак журфака па вуліцы Мяснікова мае цёмную гісторыю, — хутчэй за ўсё выдумка, бо там размяшчаліся кватэры. Строга каралася сувязь з непаўналетнімі, а таксама суседства дамоў цярпімасці з піцейнымі ўстановамі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Лёс «белых нявольніц»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?