Вы тут

Як у Беларусі ў 1962 годзе зрабілі першую адкрытую аперацыю на сэрцы


Не так даўно лёс звёў мяне з урачом, які ўпершыню ў нашай краіне зрабіў адкрытую аперацыю на сэрцы. Было гэта ў Крупках, дзе ў далёкім 1962 годзе Мікалай Мікалаевіч Шчацінін працаваў хірургам, намеснікам галоўнага ўрача раённай бальніцы.


Неяк па восені туды прывезлі дзевяцікласніка з агнястрэльным раненнем. Трэба было тэрмінова вырашаць, што рабіць, як ратаваць...

У той час студэнтаў медыцынскага інстытута вучылі: дакранешся да сэрца — станеш забойцам, тым больш — ва ўмовах раённай бальніцы... А да ўсяго родныя падлетка сказалі няпраўду: быццам ён сам і выпадкова стрэліў у сябе. Толькі праз шмат гадоў высветлілася, што ў юнака стралялі... На той жа момант вельмі важна было ведаць напрамак кулі ў сэрцы, яе размяшчэнне...

На нарадзе калегі выказвалі розныя меркаванні. Адны папярэджвалі: «Не бярыся, бо дабром гэта не скончыцца», іншыя (іх была большасць) падтрымалі рашэнне Мікалая Мікалаевіча дзейнічаць. Аб гэтым жа на каленях маліла маці падлетка...

Скончылася ўсё добра: сын застаўся жыць. Хірург за высокае прафесійнае майстэрства быў узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога аддзела аховы здароўя і абкама прафсаюзаў медыцынскіх работнікаў. Да таго ж выдатна праведзеная аперацыя адкрыла Мікалаю Мікалаевічу дарогу ў аспірантуру: ён паступіў на кафедру агульнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. Разам з калегамі займаўся рэканструкцыйнай і аднаўленчай хірургіяй. У 1966 годзе разам з супрацоўнікамі рыхтаваў і ўдзельнічаў у ІV Усесаюзнай канферэнцыі, прысвечанай перасадцы органаў і тканак. На форуме выступіў з навуковай работай «Прафесійныя аспекты хірургічнай дэанталогіі», праводзіў аперацыі, планавыя кансультацыі, аўтар больш як 80 навуковых работ.

Цяпер Мікалай Мікалаевіч працуе ангіяхірургам у Мінскім кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры, праводзіць кансультацыі для ўрачоў — хірургаў і неўролагаў паліклінік сталіцы па захворваннях вен і артэрый, вядзе прыём. Цудоўна выглядае: адкрыты, заўсёды з гумарам і ўсмешкай. У вольны час, як прызнаецца, захапляецца літаратурай, асабіста ведаў Уладзіміра Караткевіча.

...Нядаўна Мікалай Мікалаевіч адзначыў 80-гадовы юбілей, і праз любімую «Звязду» я хачу пажадаць шаноўнаму доктару здароўя, актыўнага даўгалецця і плённай працы!

Вікторыя Аляксандрава,

г. Мінск.

Загаловак у газеце: Па-ранейшаму ў страі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?