Вы тут

Хто стане "Студэнтам года"?


8 снежня ў Мінску адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года — 2016", ідэйным натхняльнікам якога выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. За ганаровы тытул будуць змагацца дзевяць найлепшых студэнтаў, якія перамаглі ў абласных і мінскім гарадскім этапах (па аднаму прадстаўніку ад вобласці і чатыры прадстаўнікі — ад сталіцы).


Каб стаць удзельнікам праекта "Студэнт года", вучэбны сярэдні бал канкурсанта не можа быць ніжэйшым за 8 балаў! Малады чалавек павінен актыўна праявіць сябе ў дзейнасці пярвічнай арганізацыі БРСМ, студэнцкім самакіраванні, раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, займацца навукова-даследчай дзейнасцю... А таксама мець здольнасці да творчага экспромту, высокую эрудыцыю, уменне весці палеміку і, самае галоўнае, — працаваць у камандзе, бо за кожным фіналістам стаіць вялікая каманда студэнтаў з яго ВНУ! Пазнаёмімся з фіналістамі бліжэй...

Дзмітрый КУКСО, студэнт чацвёртага курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, будучы эканаміст-менеджар, лічыць сябе грамадзянінам Свету з рознабаковымі інтарэсамі. Цэніць культуру сваёй краіны, сваёй малой радзімы, але пры гэтым паважае культуры іншых народаў. Шчыра верыць у навуку і перакананы ў тым, што чалавек варты большага, чым проста зарабляць сродкі на існаванне...

Будучы анестэзіёлаг-рэаніматолаг, студэнтка 6-га курса Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аліна ДАНІЛЬЧАНКА сцвярджае: "Медыцына — галоўнае маё захапленне!" Прычым ёй цікавы як яе навуковы, так і практычны складнік. Дзяўчына, між іншым, мае ўжо 15 навуковых публікацый, з'яўляецца старастай навуковага гуртка прапедэўтыкі ўнутраных захворванняў, сакратаром секцыі ўнутраных хвароб. Уваходзіць у перспектыўны кадравы рэзерв Гомельскага аблвыканкама.

Даяна РОШЧА, якая навучаецца ў Беларускай селькагаспадарчай акадэміі на другім курсе факультэта бухгалтарскага ўліку, упэўнена, што галоўнае — не ленавацца і знайсці сабе справу па душы, і тады жыццё стане больш яркім і шматгранным. Чытанне яна лічыць і хобі, і працай, паколькі чытаючы мы не толькі адпачываем, але і задумваемся над важнымі пытаннямі....

Будучы інжынер-эканаміст, чацвёртакурсніца Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (інжынер-эканаміст) Карына ЦЯЛЮШЧАНКА лічыць, што галоўнае ў жыцці — гэта сям'я. Падтрымка бацькоў і сяброў надае дзяўчыне свежых сіл для пакарэння новых вяршынь. У людзях яна цэніць шчырасць, уменне падтрымаць, дабрыню, клопат і цярплівасць.

А для Веранікі КАЖАНЕЎСКАЙ з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (будучага лагапеда) галоўныя чалавечыя якасці — спагадлівасць, крэатыўнасць, уменне працаваць у камандзе, адказнасць, дабрыня і аптымізм. У фінале яна збіраецца здзіўляць журы шматграннасцю сваіх талентаў. "Сюрпрызы на тое і сюрпрызы", — загадкава кажа дзяўчына. Вераніка спартсменка, актывістка, валанцёрка. Спявае, танцуе, іграе ў аркестры народных інструментаў. А яшчэ яна піша навуковыя артыкулы...

Уражвае і "паслужны спіс" Андрэя АНДРУКА, які навучаецца ў БДУІР толькі на другім курсе: малады чалавек з'яўляецца дыпламантам маладзёжнага інавацыйнага тыдня ІNMАХ2015, лаўрэатам навукова-тэхнічнай канферэнцыі аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў БДУІР, фіналістам рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі", валанцёрам руху "Добрае сэрца". А яшчэ хлопец абараняў гонар сваёй ВНУ на Рэспубліканскай студэнцкай універсіядзе — 2016 у складзе зборнай універсітэта па гандболе. З'яўляецца ўладальнікам тытула "Містар БДУІР — 2016".

Яшчэ адзін будучы медык — шасцікурснік медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ Яўген ТАНАНКА — захапляецца... шашкамі. Кажа, што мае першае агульнакаманднае месца ў гэтым відзе спорту сярод інтэрнатаў студэнцкай вёскі. Летам малады чалавек працаваў у складзе студэнцкага медыцынскага атрада. Любіць чытаць і сам піша вершы...

Студэнт другога курса Універсітэта грамадзянскай абароны Кірыл Дрозд — заўзяты прыхільнік здаровага ладу жыцця, што і нядзіўна для будучага ратавальніка. Кірыл з'яўляецца валанцёрам руху "Добрае сэрца", за высокія прафесійныя дасягненні ў сацыяльнай сферы ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Мінскага аблвыканкама. А свой вольны час прэтэндэнт на званне "Студэнт года" прысвячае рэканструкцыі рыцарскіх баёў...

Творчая натура, студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Анастасія ШПАКОЎСКАЯ з адзнакай закончыла музычную і мастацкую школы. Дзяўчына — удзельніца архітэктурных дабрачынных праектаў, такіх як аднаўленне Любчанскага і Крэўскага замкаў. Актыўная ўдзельніца Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў. У 2016 годзе ў складзе архітэктурнай камісіі прадстаўляла праект па паляпшэнні цэнтра сталіцы і выратаванні зялёнага дыяметра Мінска. Ведае, што поспех прыходзіць да тых, хто працуе з поўнай аддачай!

Імя пераможцы рэспубліканскага конкурсу стане вядомае зусім хутка. Але ўжо цяпер можна прагаласаваць за найлепшы відэаролік і вызначыць пераможцу ў намінацыі "Студэнт года ОNLІNЕ". Гумарыстычныя ролікі з'яўляюцца фактычна візітнай карткай фіналістаў, якія спрабуюць зачапіць увагу прыдзірлівага журы і балельшчыкаў.

Галасаванне праходзіць у групе "Моладзь Беларусі" ў сацыяльнай сетцы "УКантакце" (улічваюцца галасы толькі ад падпісчыкаў суполкі) і на канале відэахостынгу Yоutubе "Студэнт года" (улічваюцца "лайкі" — адзнакі "Мне падабаецца"). Пераможца будзе вызначаны шляхам падсумоўвання галасоў.

Галасаванне будзе спынена 8 снежня ў 18 гадзін.

Летась званне "Студэнт года — 2015" заваявала студэнтка 3 курса факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР Марыя МАРЧУК. Дзяўчыне ўдалося таксама перамагчы і ў намінацыі "Студэнт года ОNLІNЕ", дзе яе ролік перамог з вялікім адрывам.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».