Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў



Апошняя рыбалка дзядзькі Рыгора

У тую нядзелю, як, зрэшты, і ў будны дзень, вёска прачнулася рана: закукарэкалі пеўні, на розныя галасы забрахалі сабакі, забразгалі вёдрамі гаспадыні. У кожнай з іх былі свае справы, у нас з сябрукамі — свае. Мужчыны ў той дзень збіраліся пайсці на рыбалку, і нам, хлопцам, грэх было прапусціць такое відовішча. Мы рушылі ўслед за імі — у бок лазняку, праўда, трымаліся трохі паводдаль, бо ведалі, што дзядзька Рыгор (ён апошні ішоў, з таптухай) на рыбалцы гледачоў не любіць, а значыць, можа не проста шугануць нас, але і прагнаць дадому.

Дзякаваць богу, пранесла: хвілін праз дзесяць наша «працэсія» спынілася.

На беразе нехта з мужчын стаў надзяваць штаны са спецыяльна прарэзанымі дзіркамі, каб хутчэй вылівалася вада, нехта — абуваўся ў лапці, каб не параніць ногі...

Дзядзькі, як выглядала, загадзя размеркавалі і свае абавязкі, бо ні слова не кажучы трое мужчын з сеткай-таптухай адразу ж палезлі ў ваду (яе было дзе па пояс, а дзе і па шыю), чацвёрты заставаўся на беразе, каб збіраць гатовы ўлоў.

І вось «працэс» распачаўся. З кустоў мы ўважліва сачылі за ім. Найбольш — за дзядзькам Рыгорам. Бачылі, напрыклад, як ён тоўстым кіем «выганяе» рыбу з-пад берага, з-пад хмызняку, як тупае па дне нагамі — каламуціць ваду, чулі, як ён жа «размаўляе» з карасямі: я вам, маўляў, пакажу, будзеце ведаць, як у лозах хавацца... Ану ў таптуху...

Пасля гэтых ягоных слоў на бераг і сапраўды паляцелі першыя рыбіны. Яны, відаць, са страху таго, досыць высока падскоквалі на траве, паблісквалі на сонцы найчысцейшым срэбрам...

Але ж што гэта? Наш дзядзька Рыгор раптам змоўк, потым спыніўся, нікому нічога не кажучы, спешна рушыў да берага і потым гэтак жа спешна стаў выбірацца з вады. Праўда, зрабіць гэта было досыць складана, бо бераг слізкі, круты...

Нарэшце дзядзьку пашчасціла: ён вылез.

І тут мы заўважылі, што ў калашыне ягоных портак нешта... варушыцца, нават ходзіць хадуном. Падумалі, што гэта, мусіць, карась — праз адну дзірку ўлез, а вылезці не можа... Як раптам праз іншую дзірку сіганула... андатра.

Сказаць, што дзядзька Рыгор збялеў, спалохаўся і разгубіўся, значыць прамаўчаць. Мову яму адняло канкрэтна, рот сам па сабе адкрыўся, вочы глядзелі спачатку на ногі, потым на ваду, у якую сіганула андатра, а нарэшце — на мужыкоў:

— Хло-пцы, — па складах прамаўляў амаль знежывелы дзядзька, — я ж думаў, што гэта карась. А тутака...

Загнуўшы пару мацюкоў, ён злосна сплюнуў:

— Ды хай яна прападзе, гэта ваша рыба!

І сам амаль што подбегам рушыў у вёску.

Услед яму выбухнуў рогат — мужчынскі, раскацісты, гучны... Яму, здавалася, не будзе канца.

А таму не дзіва, што пра дзядзькаў «улоў» хвілін праз дзесяць пачула вёска, праз дваццаць — акруга. Размоў было — хоць адбаўляй, а ўжо смеху ды жартаў...

Стараніўся іх хіба дзядзька Рыгор, бо ён пасля гэтага выпадку на рыбалку — а тым больш з таптухай — болей не хадзіў.

Хоць лавіць рыбу і было дзе. Пакуль не асушылі балоты, шматлікія кар'еры, канавы і копанкі аж кішэлі рыбай... І галоўнае — не перасыхалі, бо сілкаваліся жывымі крыніцамі.

Вадзілася тады і шмат андатраў. Асобныя, седзячы на кладцы і звесіўшы хвост, старанна чысцілі свае футры. І толькі пачуўшы чалавека, сігалі, ныралі ў ваду.

Валерый Васілеўскі,

г/п Глуск.


Адно вока бачыць далёка...

Гэтым летам ехалі мы з братам з Глыбокага ў Мінск. Ехалі познім вечарам, і, каб, крый божа, не паснуць, расказвалі адзін аднаму розныя жыццёвыя гісторыі. Адна з тых, пачутых, мне спадабалася.

У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, расказваў брат, бухгалтарам у Глыбоцкім раённым аддзяленні Дзяржбанка працаваў стары халасцяк. Меў ён уласны дамок, невялікі гародчык, а са свойскай жывёлы — толькі ката. Ды такога ж памаўзлівага: то кавалак каўбасы са стала сапрэ, то, ловячы мух, вазоны паб'е, то з галавой залезе ў збанок з малаком і перакуліць... А неяк раз у суседзяў куранят падушыў...

Вось тут цярпенне ў гаспадара ўжо лопнула. Усё, падумаў, з мяне хопіць: трэба звозіць гэтага пустадом-
ка — і чым далей, тым лепей, бо, калі блізка, то яшчэ возьме ды вернецца.

Добрых дарог тады амаль не было, транспарту бракавала таксама і хадзіў ён рэдка. Таму банкаўскія работнікі, калі з'яўлялася патрэба ў далёкіх паездках, шукалі нешта спадарожнае. Напрыклад: ідзе з райспажыўсаюза машына ў абласны цэнтр (тады — гэта быў горад Маладзечна), значыць, можа некага падвезці — туды, потым назад.

Дык вось у нейкі з дзён выбраўся ў камандзіроўку і той халасцяк-бухгалтар. Ката таксама з сабой прыхапіў. Па дарозе сказаў кіроўцу:

— Я амаль да вечара ў банку прабуду. Справы там. На зваротным шляху ты мяне падбярэш. А зладзюжку вось гэтага дзе-небудзь у горадзе выпусці.

— Мясакамбінат падыдзе? — спытаў кіроўца.

— А чаму б і не, — згадзіўся гаспадар. — Там ён дакладна не прападзе.

Аднак пакрасці свежых каўбас кату не прывялося, бо кіроўца быў чалавекам з гумарам. Да таго ж у горадзе сустрэў калегу-земляка. Папытаўся:

— Ты ж у Глыбокае раней паедзеш? То зрабі мне ласку — захапі вось гэтую торбу.

Везці, як вядома, не несці — пуп не сарвеш. Так што згадзіўся чалавек. Торбу з катом паклаў у машыну, без прыгод даставіў да райцэнтра і выпусціў. Злодзей, апынуўшыся на волі, адразу падаўся дамоў.

...Туды ж бліжэй да вечара вяртаўся і бухгалтар. Настрой у яго, яшчэ мякка кажучы, быў паганы-паганы. Усю дарогу думаў чалавек, што ката за ягоныя паводзіны іншы гаспадар ад дома адлучыў бы даўно... Гэта — з аднаго боку. А з іншага — шкада валацугу... Ды і цікава, як ён — на новым месцы? Ці здабудзе сабе кавалачак мяса? Ці знойдзецца нейкая добрая душа, каб наліць яму малака, пагладзіць па спінцы?

І сябе самога бухгалтар шкадаваў таксама, бо як-ніяк меў у хаце жывую істотку, а вось зараз... Нават пасварыцца не будзе з кім!

Да хаты ногі яго не неслі, але ж неяк дайшоў і...

Вачам не паверыў: на ганку сядзеў яго кот і лапкай мыў за вушамі.

— Ты вярнуўся?! — узрадаваўся бухгалтар. — Знайшоў дарогу? Прыбег?..

Потым ён, вядома ж, зразумеў, што не такі ўжо злодзей і спрытны: хлопцы пажартавалі. Але ж крыўдзіцца на кіроўцу не стаў. Наадварот: збіраўся чарку наліць, бо як ні круці, адно вока бачыць далёка, а два — яшчэ далей. І напару — нават з катом — лепш, чым аднаму.

П.І. Браток,

г. Мінск.


Каму чорт дзяцей люляе

...Чалавек той быў, можна сказаць, ніхто. Хаця — не: мянушку меў досыць гучную — Заправіла. А ўсё таму, што працаваў ён у калгасе загадчыкам склада гаруча-змазачных матэрыялаў.

Пасада як пасада, здавалася б, нічога асаблівага — ні цяпер, ні ў савецкія часы. Але ж гэты чалавек думаў іначай. Ён лічыў сябе пупам Зямлі, а, можа, нават сусвету, хоць пра яго нічога, відаць, не ведаў, бо замест «малпа» казаў «налпа», а двойчы два складаў у слупок.

Як жа, спытаеце, гэткі «матэматык» мог займаць адказную пасаду? Ды, як казаў Шэрлак Холмс, элементарна. Ён з патрэбнымі людзьмі добра знаўся: у лазню да сябе запрашаў, смачна паіў ды карміў, з сабою шмат што даваў. У яго для гэтага досыць моцная гаспадарка была: кароў трымаў, свіней, розную птушку, пасеку меў, самагонны апарат...

Яно б і няхай, на здароўе, як той казаў, калі б гэты «руплівец» сам працаваў. А то ж усё жыццё пад'язджаў на некім — дурных шукаў. І за ўсе паслугі разлічваўся аднолькава: гарэлкай, бо дурням жа больш нічога не трэба.

Дык вось. Неяк раз тыя самыя дурні навазілі яму поўны падворак дроў — парэзаных. Гаспадару заставалася толькі пакалоць і, вядома ж, не сваімі рукамі. Ён для гэтага зноў дурных пашукаў. Тых ці іншых якіх, — не так ужо і важна. Важна, што адзін з іх раптам сказаў:

— Ну і свалата ж гэты Заправіла! Не, каб нам за нашу працу рублём заплаціць ці нашым дзецям мёду якога даць, дык не. За людзей нас не лічыць, хоча на халяву ўсё. Прывык, бач, абдурваць... Мужыкі, а давайце і мы яго...

— А як? — загарэліся вочы ў хлопцаў.

— План такі: палову калодак мы паколем, а астатнія — дровамі закідаем.

І закасалі яны рукавы, і закіпела работа. Мужчынам нават курыць не хацелася — такі энтузіязм з'явіўся...

Факт, што гаспадар з работы вярнуўся і аж шапку зняў:

— Малайцы, — сказаў, — стаханаўцы, хутка справіліся. Я нават не чакаў...

Потым — як і абяцаў — гарэлкі вынес.

Мужчыны яе з ахвотай выпілі і з падворка сышлі пераможцамі.

Адзінае, што пахадзілі ў іх нядоўга, бо лета ж на дварэ — сонейка, ветрык. Дровы як бачыш высахлі: іх трэба было знасіць у дрывотню, акуратненька скласці.

Каб зрабіць гэта, Заправіла зноў паклікаў «стаханаўцаў» — тых самых мужыкоў-пераможцаў.

Яны, бедныя, доўга аднекваліся — не хацелі згаджацца. Але ж гэта каханне да мужчын прыходзіць і сыходзіць, а вось выпіць ім хочацца заўжды.

Таму «стаханаўцы» ўрэшце згадзіліся.

Заправіла, праўда, не зразумеў, чаму дровы насіць яны прыйшлі з сякерамі...

Потым вельмі здзівіўся, што так доўга складалі — нават даўжэй, чым секлі...

Але ж абяцаны разлік ім выдаў.

Так што прымаўка пра тое, што скупы плаціць двойчы, на мой погляд, не заўсёды праўдзівая, а вось што багатаму і чорт дзяцей люляе, мусіць, заўжды.

А. Ліпень,

Іўеўскі раён.


Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар


 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.