Вы тут

Якія дасягненні і перспектывы ёсць у Хоцімскага раёна?


Калі б можна было адным словам ахарактарызаваць кожны раён Магілёўскай вобласці, то Хоцімскі атрымаў бы назву лірычны. Тут няма буйных прадпрыемстваў, але шмат прывабных куточкаў з бярозавымі гаямі і сінявокімі азёрамі. Напэўна, таму гэты край з'яўляецца сталіцай самага душэўнага свята — перазвону. А яшчэ тут шмат калектываў, якія прапагандуюць народныя традыцыі і мясцовы фальклор. Дарэчы, песню «Касіў Ясь канюшыну» «Песняры» запазычылі менавіта ў хоцімскіх аматараў. Вядомы беларускі пісьменнік Аляксей Пысін нават засведчыў у адным са сваіх эсэ гэты факт. Тут сур'ёзна працуюць над адраджэннем нацыянальнай кухні, збіраюцца стварыць хлебны фестываль... Больш падрабязна пра тутэйшыя дасягненні і перспектывы мы пагутарылі з намеснікам старшыні Хоцімскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Мікалаем Хучавым.


— Хоцімскія майстры лічацца аднымі з лепшых у вобласці. Сёлета Гран-пры і тытул абсалютнага пераможцы фінальнага этапу абласнога агляду-конкурсу «Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі» атрымала менавіта майстрыха хоцімскага Дома рамёстваў Таццяна Навумава. Якім наогул быў гэты год для творчых калектываў вашага раёна?

— Дарэчы, перамога Таццяны Навумавай не адзіная на рахунку хоцімскага Дома рамёстваў. Навучэнка студыі «Чароўная саломка» Маргарыта Лупекіна стала другой у міжнародным конкурсе «Дыпломафф», які праводзіўся ў Краснаярску. Яе выкладчыца таксама атрымала дыплом за належную падрыхтоўку ўдзельніцы конкурсу.

Мы папулярызуем нашу народную творчасць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Падчас пятага Міжнароднага форуму «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» народны фальклорны калектыў «Вербіца» Іванаўскага сельскага дома культуры быў заўважаны гасцямі з Бранскай вобласці і атрымаў запрашэнне на іх фальклорны фестываль «Дзяснянскі карагод», які адбудзецца налета.

Далёка за межамі раёна вядомы народны ансамбль «Спадчына» Забялышынскага сельскага дома культуры, народны тэатральны калектыў «Прамень». Падзячныя лісты з міжнароднага фестывалю народнай творчасці «Нашы старажытныя сталіцы», які праходзіў у Кастраме, прывезлі ў Хоцімск народны фальклорны ансамбль «Адраджэнне» і мужчынскае трыа «Хлопцы пасялковыя». «Адраджэнне» таксама адзначана дыпломам удзельніка Міжнароднага фестывалю этнічнай музыкі і рамёстваў «Свет Сібіры», які праходзіў у сяле Шушанскім Краснаярскага краю.

— Прыемна было даведацца, што падрастаючае пакаленне ў Хоцімскім раёне не толькі далучаецца да сваіх спрадвечных каранёў, але і стабільна дэманструе добрыя вынікі ў круглагадовай спартакіядзе школьнікаў. У чым яшчэ лідзіруюць вашы навучэнцы?

— Сёлета аддзел адукацыі, спорту і турызму нашага райвыканкама восьмы раз заняў прызавое месца сярод раёнаў вобласці па спартакіядзе. Акрамя гэтага, нашы вучні маюць пэўныя поспехі ў галіне навуковых даследаванняў. Мы ганарымся навучэнцамі хоцімскай школы №2 Дзмітрыем Хучавым і Кірылам Старасценкам, якія атрымалі дыпломы 3-й ступені ў секцыі «Беларуская мова» рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ. Школьнікі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Гэта сведчыць, што ўзровень нашых педагогаў досыць высокі. Як прыклад, магу адзначыць нядаўнюю перамогу настаўніка-дэфектолага гэтай жа школы Наталлі Макаранкі на 3-м этапе адкрытага дыстанцыйнага культурна-інфармацыйнага марафону «Культ-пра-Свет». Яе замалёўка «Прайшла дарогамі вайны» прызнана лепшай у намінацыі «КультСлоў».

— Цяпер шмат увагі надаецца турызму і аграэкасядзібам. Ваш раён самы экалагічна чысты і адзін з самых прыгожых. Чым прывабліваеце турыстаў?

— Вялікім попытам карыстаецца аграсядзіба братоў Марыфа і Арыфа Аліевых, якія займаюцца аграэкатурызмам. Яна знаходзіцца ў маляўнічым месцы ў лесе, побач лазня, возера. Трымаюць у гаспадарцы бычкоў, кароў, зарыбілі сажалку. Прымаюць удзел ва ўсіх мясцовых святах, іх падворак заўсёды шматлюдны. Летась Арыф выкупіў будынак у Хоцімску, дзе збіраецца рабіць маладзёжную і дзіцячаю кавярню з нацыянальнай кухняй.

А вось кавярня Шаміля Сулейманава ўжо паспяхова працуе. Прадпрымальнік спецыялізуецца на вырошчванні авечак, і ў яго кавярні можна пакаштаваць сапраўдны азербайджанскі шашлык і плоў, які робяць толькі на Каўказе. Гэта той чалавек, які не баіцца шукаць найбольш перспектыўныя шляхі свайго развіцця. Спрабаваў займацца піламатэрыяламі, вырошчваў бычкоў. Цяпер прапануе паляванне на фазанаў. Стараецца прывабіць турыстаў экзотыкай.

Яшчэ адзін прадпрымальнік Аляксандр Кастэнка нядаўна прэзентаваў аграсядзібу «Белы лебедзь» — у яго адбудаваны цэлы комплекс для адпачынку з альтанкамі, лазняй, спальнымі пакоямі. І ўсё гэта з відам на возера, дзе шмат лебедзяў. Адным словам, умовы для прыёму турыстаў ёсць. Прыязджайце, не пашкадуеце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ясь касіў канюшыну... у Хоцімскім раёне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.