Вы тут

У музеі гісторыі ВАВ адкрылася выстава, прысвечаная Янку Купалу


Вялікая Айчынная вайна стала асабістай трагедыяй для першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Ён вымушаны быў з'ехаць, страціць свой дом, лецішча, а разам з ім і ўнікальны архіў, бібліятэку. Але больш за ўсё класік айчыннай літаратуры перажываў за тое, што ў акупаваным Мінску засталася яго маці...


Яны больш так і не ўбачыліся. Выпадковасць ці не, але жыццё Бянігны Іванаўны, маці Янкі Купалы, абарвалася на другі дзень, як не стала яе сына. Згодна з афіцыйнай версіяй, на той свет яна пайшла, так і не атрымаўшы сумнай навіны. У Мінску ўжо ведалі пра тое, што паэта не стала, але ёй проста баяліся пра гэта казаць.

Іх хавалі ў адзін дзень — 1 ліпеня 1942 года. Янку Купалу — у Маскве, Бянігну Іванаўну — у Мінску. Праз 20 гадоў маці і сын «сустрэліся» на Вайсковых могілках беларускай сталіцы.

І дагэтуль няма адзінай версіі, што здарылася ў той ракавы чэрвеньскі вечар, які стаў апошнім для паэта. Кавалак паркету з гасцініцы «Масква», дзе абарвалася жыццё класіка, экспануецца на выставе «На мой кліч вечавы...», якая размясцілася ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці першага народнага паэта Беларусі ў перадваенны час і ў першыя гады Вялікай Айчыннай, — сумесны праект музея з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

— Янку Купалу было наканавана лёсам стаць сведкам дзвюх сусветных войнаў, жудасных войнаў, якія пракаціліся па тэрыторыі Беларусі, — адзначыў падчас адкрыцця выставы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый ШЛЯХЦІН. — Паэт заўсёды быў вялікім гуманістам. А калі даведаўся, што ў гады Вялікай Айчыннай адбываецца на Радзіме, стаў змагаром за свабоду і шчасце беларускага народа. Яго зброяй было палымянае слова. Творы, напісаныя Янкам Купалам у гады Вялікай Айчыннай вайны, — маніфесты сапраўднага патрыёта.

Выстава адлюстроўвае, як Іван Дамінікавіч успрымаў вайну, як рэагаваў на падзеі, што адбываліся вакол, увогуле, як вайна паўплывала на лёс паэта. Па словах куратара выставы Паўла КАРАЛЁВА, яна проста памяняла жыццё класіка. «Чалавек амаль у 60-гадовым узросце быў вымушаны нанова перажыць вайну, — гаворыць куратар выставы. — Дом пісьменніка пацярпеў у час першай бамбёжкі Мінска (ён стаяў на месцы сённяшняга Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы). Паэт вельмі перажываў, аб чым сведчыць тое, што ў першы год ад'езду ён увесь час успамінаў свой дом».

Пачатак Другой сусветнай Янка Купала сустрэў у Коўна (цяперашні Каўнас), дзе знаходзіўся па рабочых справах. На трэці дзень вайны ён едзе на сваё лецішча ў Ляўкі, што пад Оршай. У гэтых мясцінах пісьменнік любіў бавіць час кожнае лета. Карціна Івана Пратасені «Развітанне ў Ляўках Купалы і Коласа», якая экспануецца на выставе, расказвае наведвальнікам аб тым, што менавіта тут у размовах і абмеркаваннях правялі ноч з 26
на 27 чэрвеня 1941 года класікі айчыннай літаратуры, пасля чаго назаўжды пакінулі Беларусь. Дарэчы, у наступным годзе будзем святкаваць 135-годдзе з дня нараджэння пісьменнікаў.

Пасля актыўнага, але невялікага перыяду творчасці ў Маскве, Янка Купала накіроўваецца ў Казань. Але да месца прызначэння ён так і не даехаў. Каб дабрацца да горада, трэба было пераадолець Волгу. Пакуль чакаў сваёй чаргі ў пасёлку Пячышчы, што недалёка ад Казані, атрымаў запрашэнне ад начальніка мясцовага мукамольнага завода.

Іван Наякшын, які добра ведаў творчасць Янкі Купалы, сагрэў паэта гарбатай і сказаў, што ў Казань лепш не ехаць, паколькі там шмат эвакуяваных, і прапанаваў пісьменніку застацца на заводзе, дзе для яго адвялі пакой. Успаміны Наякшына аб той сустрэчы прадстаўлены на выставе. Як і фотаздымак 1942 года, на якім можна ўбачыць, як выглядаў пакой класіка ў Пячышчах.

Цікава, што над ложкам Купалы вісела карта свету. На ёй пісьменнік пазначаў ход ваенных дзеянняў. Ёсць звесткі, што калі са зводак навін ён чуў аб вызваленні пэўнага горада, назва якога падавалася ў выглядзе адной літары, то адразу падбіраў да іх назвы беларускіх гарадоў. Так хацелася Купалу вярнуцца ў Беларусь, але да вызвалення Радзімы было яшчэ далёка...

У экспазіцыі — асабістыя рэчы класіка. У прыватнасці, прылада для галення, пачкі ад цыгарэт, камінчыкі для запальнічак, аскепак вазы, які знайшлі на папялішчы Купалавага дома, кіёк, які падарылі паэту ў Пячышчах (сёння ў тым пакоі, дзе ён жыў, знаходзіцца музей).

Увагу прыцягвае самавар. У той складаны час гэта была проста неабходная рэч. Захаваўся ліст, у якім у красавіку 1942 года Янка Купала звяртаецца да сваіх даўніх знаёмых, дзе просіць даслаць яму самавар. Даслоўна: «Дашліце, калі ласка, самавар. Без яго мы проста гінем...» І каб той належна даехаў, прапаноўвае загарнуць яго ў свой касцюм.

— Янка Купала пасмяротна атрымаў медаль «За абарону Масквы», — расказвае куратар выставы. — Ён тушыў бомбы, якія запальваліся на дахах горада. У фондах музея захоўваецца расклад, па якім кожны жыхар кватэры дзяжурыў на даху. Там ёсць і прозвішча паэта.

У экспазіцыі — і рэчы пляменніцы пісьменніка Яніны Раманоўскай. Будучы на фронце палявым хірургам, яна ўратавала не адно жыццё. Янка Купала займаўся выхаваннем сваячкі і ў пэўным сэнсе замяніў ёй бацьку, якога рэпрэсавалі.

Пляменнік класіка Янка Раманоўскі быў мастаком. Ён часта пісаў свайго знакамітага дзядзьку. Некалькі яго твораў экспануюцца побач з работамі, створанымі майстрамі жывапісу. Па меркаванні экспертаў, адзін з найлепшых партрэтаў Купалы належыць пэндзлю народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага.

На выставе можна ўбачыць нумары знакамітага выдання — газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны друкаваліся творы Янкі Купалы. На жаль, песняру не наканавана было прычакаць вызвалення сваёй любай Беларусі...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Зноў будзем шчасце мець і волю...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».