Вы тут

У чым інтрыга перамоў па Украіне?


29 лістапада ў Мінску зноў адбыліся перамовы ў нармандскім фармаце на высокім узроўні. Ужо зыходзячы з таго, што яны праводзіліся не на вышэйшым узроўні (у перамовах прымалі ўдзел міністры замежных спраў, а не прэзідэнты і прэм'ер-міністры), асаблівых чаканняў па прарыўных рашэннях не было. Калі б быў хоць бы намёк на такую магчымасць, перамовы праходзілі б на вышэйшым узроўні, каб поспех прынёс дадатковыя бонусы самым важным удзельнікам у іх пазіцыянаванні як паспяховых лідараў на ўнутрыпалітычным і знешнепалітычным напрамках. Адзіная інтрыга была ў тым, што гэта першыя перамовы па Украіне на такім высокім узроўні пасля таго, як свет даведаўся пра вынікі амерыканскіх прэзідэнцкіх выбараў.


Зусім не сакрэт, што непадатлівасць украінскіх перамоўшчыкаў тлумачыцца досыць проста — яны працуюць у цесным кантакце з Вашынгтонам, а ЗША пры прэзідэнцтве Барака Абамы цвёрда агучылі пазіцыю — ніякіх саступак Расіі, толькі магутны націск на Маскву. Адсюль ключ да разумення інакш неспасціжнай сітуацыі — у лютым 2015 года ў Мінску было дасягнута пагадненне аб тым, як Украіне вярнуць назад свае тэрыторыі, якія зараз утрымліваюцца ДНР і ЛНР, а Кіеў да гэтага часу так і не зрабіў ні аднаго кроку са свайго боку ў гэтым кірунку. Хуткі прыход да ўлады ў ЗША Трампа, які выразна агучыў гатоўнасць менш увагі ўдзяляць свету і больш Амерыцы, пахіснулі пазіцыі Кіева на перамовах. Украінскім элітам незразумела, наколькі саслабне падтрымка амерыканцамі Кіева, і ці будзе яна наогул, ці рэалізуе Трамп свае намеры палепшыць адносіны з Расіяй, што можа адбыцца ў шкоду адносінам з Украінай. Зрэшты, гэта тая інтрыга, якая не вырашыцца раней першых крокаў Трампа ў якасці прэзідэнта ЗША, а гэтага яшчэ чакаць сем тыдняў.

У выніку амерыканскіх выбараў на перамовах 29 лістапада пазіцыі ўкраінскай дэлегацыі пахіснуліся, а расійскай — умацаваліся. Але гэта не спрыяла сапраўды сур'ёзным зменам. Можна прааналізаваць вынікі перамоў з пункту гледжання замежнай прэсы.

Расійская дзелавая газета «Взгляд» адзначае, што, па словах міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, на сустрэчы ў Мінску не было дасягнута ніякіх прарываў. Таксама журналісты выдання робяць акцэнт на заяве міністра замежных спраў Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера, па словах якога, да дасягнення палітычнага рашэння па Украіне яшчэ вельмі далёка.

З пункту гледжання аглядальнікаў BBС, не ўсё так дрэнна. Яны каментуюць заяву кіраўніка МЗС Германіі Штайнмаера, што на перамовах удалося дабіцца прагрэсу па пытанні абмену палоннымі, яшчэ адным ключавым пункце мінскіх пагадненняў. Існуе магчымасць, што бакі дамовяцца аб усеагульным абмене да канца года пры дапамозе Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Акрамя таго, міністр замежных спраў Германіі паведаміў, што бакі на сустрэчы дамовіліся аб адводзе тэхнікі яшчэ з чатырох кропак на лініі судакранання. Ёсць пэўны аптымізм і ў міністра замежных спраў Францыі. Па словах Жан-Марка Эйра, нават калі весці дыялог вельмі цяжка, усё ж механізм перамоў не зламаны і мінскія пагадненні 2015 года трэба выконваць.

Журналісты Nеw Yоrk Tіmеs зрабілі галоўны акцэнт на негатыўных момантах сустрэчы. У артыкуле па выніках перамоў была прыведзена цытата з выступлення міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна пра тое, што Расія не пагадзілася ні з адным з ключавых прыярытэтаў падчас перамоў. Паміж Расіяй і Украінай захоўваюцца фундаментальныя адрозненні наконт таго, якім чынам рэалізоўваць дарожную карту па мірным урэгуляванні.

На думку аглядальнікаў Wаshіngtоn Роst, перамовы ў Мінску не прынеслі пазітыву. Яны адзначылі, што міністр замежных спраў Расіі абвінаваціў украінскі бок у адсутнасці прагрэсу па палітычных рэформах, прадугледжаных у пагадненнях лютага 2015 года. Украінскі бок, у сваю чаргу, адказаў абвінавачваннямі ў тым, што расійская армія ўсё яшчэ не выведзена з усходу Украіны.

Dеutsсhе Wеllе апублікавала вялікае інтэрв'ю з экспертам Штэфанам Майстэрам. На яго думку, прагрэсу на перамовах няма, таму што расійскі бок чакае ўступлення новага амерыканскага прэзідэнта на пасаду, разлічваючы на адмен санкцый і паляпшэнне перамоўнай пазіцыі.

Украінскае выданне Весці-UА працытавала выключна пазіцыю міністра замежных спраў Украіны аб тым, што няма згоды па ўсіх прынцыповых пытаннях.

Тэлеканал 112 Украіна трансляваў выніковае інтэрв'ю міністра замежных спраў Украіны, на думку якога Расія «хоча фактычна легітымізаваць свой пратэктарат або калонію на Данбасе, не здзяйсняючы крокаў па перадачы кантролю над тэрыторыяй акупаванага Данбаса міжнароднай супольнасці, АБСЕ, не здзяйсняючы крокаў па паляпшэнні бяспекі, не ажыццяўляючы гуманітарныя крокі».

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».