Вы тут

Віцэ-прэм'ер і міністры адказалі на пытанні парламентарыяў


Учора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі новага склікання ўпершыню правялі сумеснае пасяджэнне і задалі свае пытанні прадстаўнікам урада. З дакладам перад парламентарыямі выступіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль КАЛІНІН, які расказаў пра перспектывы развіцця сфер транспарту, сувязі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва.


 Транспарт прыцягвае валюту

— Мы павінны быць падрыхтаванымі да работы ва ўмовах складанай знешняй кан'юнктуры, — заявіў Анатоль Калінін. — Гэта значыць, больш эфектыўна канкурыраваць на знешніх рынках. У такіх умовах многае залежыць ад работы інфраструктурных галін. Асаблівае месца тут займае транспартная сфера, паколькі геапалітычнае становішча Беларусі робіць нас важным камунікацыйным цэнтрам. Мы збіраемся і надалей развіваць гэту перавагу.

Па словах віцэ-прэм'ера, унёсак транспартнага комплексу ў валавы ўнутраны прадукт складае прыкладна 6 працэнтаў. Ён жа з'яўляецца адной з асноўных крыніц паступлення валюты.

Член Савета Рэспублікі ад Мінскай вобласці Сяргей ГАЙДУКЕВІЧ задаў пытанне пра экспарт паслуг. Анатоль Калінін расказаў, што ў гэтым кірунку айчынныя арганізацыі працуюць у Расіі, Польшчы, Украіне, Венесуэле, Эквадоры...

— Асноўны рынак для нас — Расійская Федэрацыя. Толькі ў гэтай краіне па дарожным будаўніцтве ў наступным годзе мы плануем прыбавіць аб'ём эспартных паслуг прыкладна на 100 мільёнаў долараў.

Жыллё з дзяржпадтрымкай патаннее

Віцэ-прэм'ер таксама паведаміў, што жыллё з дзяржпадтрымкай можа будавацца па цане не больш за 280 долараў за квадратны метр. Анатоль Калінін бачыць рэзервы для таго, каб знізіць выдаткі на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай і прапанаваць больш камфортныя ўмовы па кошце квадратнага метра. На гэты момант кошт аднаго квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай складае каля 340 долараў.

Дэпутат ад Васняцоўскай выбарчай акругі №93 (г. Мінск) Валерый БАРАДЗЕНЯ звярнуў увагу на тое, што ў сталіцы даўно не рухаецца чарга на паляпшэнне жыллёвых умоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Віцэ-прэм'ер паведаміў, што сёлета ўрад удзяліў асноўную ўвагу шматдзетным сем'ям.

— Прычына — у абмежаванасці нашых магчымасцяў. Дастаткова складана вядзецца дыялог па праграме «Жыллё-2017», запрашаю дэпутацкі корпус далучыцца да абмеркавання. Але ні ў якім разе не здымаецца з парадку дня забяспечанасць жыллём сірот і прыроўненых да іх катэгорый грамадзян, — сказаў ён.

Не рэформа, а пераўтварэнні

Алег ЛЕЎШУНОЎ, дэпутат ад Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №33, пацікавіўся, наколькі паспяхова праходзіць рэформа ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Казаць, што ідзе рэформа — няправільна, — звярнуў увагу Анатоль Калінін. — Праходзіць пэўнае пераўтварэнне ў рамках выпрацаваных рашэнняў. На жаль, пакуль зроблена не ўсё. Мы маглі б зрабіць нашмат больш, калі б мелі дадатковы інвестыцыйны рэсурс. Пераўтварэнні ў сферы ЖКГ мы праводзім з улікам фінансавых магчымасцяў. Самае галоўнае — я сам бачу, што ЖКГ-паслугі ў нашай краіне аказваюцца ўсюды на неабходным узроўні.

Дэпутат ад Брэсцкай-Заходняй выбарчай акругі №1 Леанід БРЫЧ спытаў пра тое, што можна зрабіць, каб паскорыць працэс разліку гандлёвых сетак з вытворцамі. Па яго словах, для прадпрыемстваў гэта — вельмі балючая тэма.

— Трэба, каб Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю літаральна зараз зрабіла нейкія тэрміновыя крокі, а не спасылалася на тое, што яно плануе ўнесці пэўныя змены і дапаўненні ў Закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання». Натуральна, што змены ў закон патрэбныя, але гэта зойме час. На сёння гандлёвыя прадпрыемствы маюць вельмі вялікую дэбіторскую запазычанасць, у тым ліку пратэрмінаваную, за пастаўлены айчыннымі вытворцамі тавар. Гэта, відаць, тычыцца буйных гандлёвых сетак, якія сёння займаюць дамінуючае становішча на рынку нашай дзяржавы. Трэба, каб урад, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю зрабілі больш сур'ёзныя намаганні, каб вырашыць гэту праблему.

Уладзімір КАЛТОВІЧ, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, звярнуў увагу на тое, што дзяржава не заўсёды павінна ўмешвацца ва ўзаемаадносіны паміж вытворцамі тавараў і гандлёвымі сеткамі. На яго думку, падобныя пытанні арганізацыі павінны вучыцца вырашаць самастойна.

Надзея ЮШКЕВІЧ

уushkеvісh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Трэба вучыцца канкурыраваць — ва ўсіх сферах

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».