Вы тут

Ці атрымаюць выпускнікі педагагічных класаў абяцаную льготу?


Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр ЖУК канстатуе: тон СМІ ў адносінах да прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі апошнім часам прыкметна змяніўся.


— І ў грамадстве сталі часцей казаць пра высокую місію педагога, пра перавагі настаўніцкай прафесіі: яе стабільнасць і сацыяльную абароненасць, працяглы летні адпачынак, — падкрэслівае ён. — Футуролагі сцвярджаюць, што ў сярэдзіне гэтага стагоддзя ў тройку самых запатрабаваных прафесій увойдуць тры: спецыяліст у сферы ІТ, урач і педагог. Таму застацца без работы шанцы ў настаўнікаў — мінімальныя...

Штогод універсітэты краіны абнаўляюць свой студэнцкі састаў на чвэрць. Для ВНУ, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, якасныя вынікі ўступнай кампаніі асабліва важныя, паколькі менавіта ад добрага выхавальніка і настаўніка залежыць у многім будучыня краіны.

Усе месцы занятыя!

Яшчэ тры гады таму сітуацыя з якасцю набору на педагагічныя спецыяльнасці была амаль крытычная: студэнтамі станавіліся абітурыенты з вельмі нізкімі прахаднымі баламі, а часта не маглі запоўніцца нават бюджэтныя месцы.

Але ў апошнія два гады сітуацыя сур'ёзна палепшылася. І конкурсы, і прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці растуць. Усё часцей іх выбіраюць школьныя медалісты і выпускнікі ліцэяў і гімназій. Аляксандр Жук прыводзіць гэтаму некалькі тлумачэнняў.

Па-першае, ВНУ, якія рыхтуюць педагогаў, сталі больш сур'ёзна ставіцца да прафарыентацыйнай работы, старанна яе планаваць, прымяняць новыя формы — дзейнічаць праз сацыяльныя сеткі, выкарыстоўваць для прыцягнення абітурыентаў установы адукацыі, дзе будучыя педагогі праходзяць педпрактыку, арганізоўваць «школы юных», экскурсіі для старшакласнікаў у ВНУ, сумесныя са школамі творчыя праекты і спартыўныя спаборніцтвы, удзельнічаць у падрыхтоўцы старшакласнікаў да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах навуковых работ, задзейнічаць школьнікаў у валанцёрскім руху.

Па-другое, важную ролю адыграў указ кіраўніка дзяржавы, у адпаведнасці з якім медалісты і ўладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай атрымалі права паступаць на шэраг педагагічных спецыяльнасцяў без уступных выпрабаванняў.

Калі ў 2013 годзе недабор ва ўніверсітэт склаў 264 чалавекі (141 — на дзённую форму і 123 — на завочную), то ў 2015 і 2016 гадах быў забяспечаны стапрацэнтны прыём на бюджэтныя месцы, прычым без абвяшчэння дадатковага набору. Пры гэтым сёлета на 1200 бюджэтных месцаў на дзённым і завочным аддзяленні было пададзена 3365 заяў, гэта значыць, што конкурс сфарміраваўся на ўсіх спецыяльнасцях (у сярэднім два чалавекі на месца).

Самыя высокія конкурсы на дзённую бюджэтную форму навучання склаліся па спецыяльнасцях «Псіхалогія» — 6,9 чалавека на месца, «Практычная псіхалогія» — 2,8, «Фізічная культура» — 2,7, «Лагапедыя» — 2,4, «Пачатковая адукацыя», «Біялогія і хімія» — 2,2 чалавека на месца.

Узнімаем планку

Па большасці спецыяльнасцяў дзённай (22 з 30) і завочнай (10 з 16) формаў навучання прахадныя балы ў БДПУ істотна выраслі ў параўнанні з папярэднім годам: на 50 балаў на «Лагапедыі», на 49 балаў — на спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова».

— Асабліва радуе нас рост прахадных балаў на спецыяльнасцях «Матэматыка і інфарматыка», «Фізіка і інфарматыка», «Пачатковая адукацыя», паколькі ў 2013 годзе па згаданых спецыяльнасцях БДПУ не выканаў план прыёму, а ў 2014 годзе, каб запоўніць бюджэтныя месцы, спатрэбіўся дадатковы набор, — падкрэслівае Аляксандр Жук.

Сёлета ў галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны паступілі 315 выпускнікоў ліцэяў і гімназій — гэта на 17 працэнтаў перавышае мінулагоднія лічбы і на 57% — паказчык 2014 года.

Вынікі апошняй прыёмнай кампаніі абвяргаюць стэрэатып пра тое, што прафесія педагога — пераважна, жаночая. У БДПУ назіраецца значнае павелічэнне сярод студэнтаў юнакоў. Сярод першакурснікаў узору 2016 года амаль 30 працэнтаў хлопцаў. На гістарычным і фізіка-матэматычным факультэтах іх больш як 40 працэнтаў, а на факультэце фізічнага выхавання хлопцаў больш як 60 працэнтаў ад агульнай колькасці навабранцаў.

Паспяховы школьнік — добры студэнт

— Тыя два гады, якія мінулі пасля ўнясення змяненняў у Правілы прыёму, пацвердзілі правільнасць рашэння аб увядзенні льгот для абітурыентаў-медалістаў, — сцвярджае Аляксандр Жук. — Сярод паступаючых на педагагічныя спецыяльнасці іх колькасць вырасла амаль у 1,5 раза практычна ва ўсіх ВНУ. Але многіх цікавіць пытанне, як жа яны навучаюцца? У БДПУ правялі маніторынг паспяховасці залічаных без уступных выпрабаванняў медалістаў. Сярэдні бал студэнтаў, якія паступілі ў 2015 годзе без экзаменаў, па выніках двух сесій склаў 7,9 бала. Прычым на гуманітарных спецыяльнасцях — больш як 8 і нават больш як 9 балаў. На факультэтах спецыяльнай адукацыі, пачатковай адукацыі і фізіка-матэматычным — каля 7 балаў.

У БДПУ прааналізавалі таксама і паспяховасць студэнтаў дзённай формы навучання, якія былі залічаны ва ўніверсітэт без экзаменаў у 2014 годзе. Сярэдні бал па выніках чатырох сесій такі самы — 7,9, але выразна прасочваецца дынаміка паляпшэння іх паспяховасці на другім курсе: з 7,5 да 8,2.

— Даныя маніторынгу сведчаць, што дзякуючы ўведзенай норме Правілаў прыёму мы атрымалі добрых студэнтаў з кола медалістаў, якія прызвычаіліся сістэматычна і адказна працаваць, пачынаючы з першага класа, і якія, я ўпэўнены, стануць добрымі педагогамі, — дадаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

Будучая змена

Асобна Аляксандр Жук спыніўся на стварэнні вучэбна-навуковага інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, адна з задач якога — прыцягненне ў педагагічную прафесію падрыхтаванай і матываванай моладзі. Размова ідзе пра арганізацыю профільнага навучання педагагічнай скіраванасці і адраджэнне педагагічных класаў.

Навучэнцы ў педагагічных класах і групах вывучаюць два-тры вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Як правіла, гэта тыя прадметы, настаўнікамі якіх яны плануюць стаць у будучыні. Акрамя таго, старшакласнікі павінны абавязкова засвоіць праграму факультатыву «Увядзенне ў педагагічную прафесію» аб'ёмам 140 вучэбных гадзін за два гады. Наведваць факультатыўны курс можна або цэлым класам, або ў складзе педагагічных груп з навучэнцаў розных класаў ці нават з розных школ, зацікаўленых у атрыманні педагагічнай прафесіі.

У 2015 годзе ў краіне было створана больш як 115 педагагічных класаў і груп з колькасцю навучэнцаў больш як 1600 чалавек. Лідарамі ў гэтым кірунку былі Віцебская, Мінская і Гродзенская вобласці. Пасля года работы педагагічных класаў і груп інтарэс да іх вырас удвая. У бягучым навучальным годзе колькасць педагагічных класаў і груп істотна павялічылася: усяго было створана 217 дзясятых педагагічных класаў. Такім чынам іх стала ўжо 319, а навучэнцаў — 3542.

Вынікі праведзенага маніторынгу парадавалі: трэцяя частка дзесяцікласнікаў ужо вызначылася з выбарам педагагічнай прафесіі (34%), прыкладна палова яшчэ думаюць і чакаюць унясення змяненняў у Правілы прыёму. Мяркуецца, што выпускнікі педагагічных класаў змогуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных іспытаў. Але для гэтага ім, акрамя абавязковага наведвання факультатыву, трэба мець па ўсіх прадметах у атэстаце адзнакі ад 7 да 10 балаў, а па профільных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, — не менш як 8 балаў.

Рэктар БДПУ лічыць, што гэта дастаткова жорсткія патрабаванні, паколькі нават у найлепшых ліцэях і гімназіях толькі крыху больш за палову выпускнікоў маюць па профільных прадметах ацэнкі вышэй за 8 балаў. І, нарэшце, кожны прэтэндэнт на льготу павінен будзе атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю, зацверджаную педсаветам. Гэта значыць, што школа нясе поўную адказнасць за аб'ектыўнасць выдадзенай рэкамендацыі. «Уключэнне гэтай нормы ў Правілы прыёму дазволіць вырашыць задачу, пастаўленую Прэзідэнтам, — адабраць на педагагічныя спецыяльнасці добра матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў», — падкрэслівае Аляксандр Жук.

Сёння 3,5 тысячы навучэнцаў, а таксама іх бацькі і педагогі чакаюць унясення змяненняў у Правілы прыёму. Першы масавы выпуск педагагічных класаў адбудзецца ў 2017 годзе. І хацелася б, каб абяцанні, дадзеныя падлеткам, не аказаліся пустымі словамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З медалём... у профіль

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.

Эканоміка

Навошта нам долары?

Навошта нам долары?

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц расказаў аб дэдаларызацыі эканомікі Беларусі Сыходзіць ад прывязкі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?