Вы тут

Як стаць найлепшым танцорам?


Лічыцца, што каб навучыцца прафесійна танцаваць у гэтым стылі, трэба абавязкова ехаць на майстар-класы ў Амерыку. А між іншым, найлепшы выканаўца хіп-хопа жыве... у Мінску. На чэмпіянаце свету, які праходзіў восенню ў Аўстрыі, «золата» ў сольных выступленнях сярод юніёраў заваявала 15-гадовая Сафія ГАГІНА, вучаніца 10 класа сталічнай школы №61. У перапынку паміж урокамі і трэніроўкамі дзяўчына знайшла час, каб расказаць пра сваё захапленне і планы на будучыню.


Займацца танцамі Сафія пачала ў трэцім класе.

— Падставай для гэтага стала мая гіперактыўнасць — звычайная справа для дзевяцігадовага дзіцяці, — расказвае школьніца. — Дагэтуль я каля трох гадоў хадзіла ў тэатральную студыю, так што танцы не былі маім першым творчым пачынаннем. Хіп-хоп не выбірала: што было блізка ад дома, туды мяне бацькі і аддалі.

Стыль дзяўчына асвойвала даволі лёгка. Яна добра адчувала музыку — а на першым этапе больш нічога і не патрабавалася.

За шэсць гадоў, што Сафія займаецца танцамі, яна паспела стаць абсалютнай чэмпіёнкай Беларусі па хіп-хопе, заваяваць «золата» ў дзвюх намінацыях у сёлетнім чэмпіянаце Еўропы па вулічных танцах. Дома на сцяне ў яе вісіць каля 40 медалёў! Але самы дарагі для дзяўчыны — менавіта апошні, атрыманы на сусветным чэмпіянаце.

Як мінскай школьніцы ўдалося дасягнуць такіх вынікаў? Сакрэтнай формулы поспеху ў Сафіі няма. Расказвае, што стараецца максімальна ўдзяляць увагу трэніроўкам. І хаця ў яе раскладзе значацца толькі два абавязковыя заняткі танцамі на тыдзень, яна дадаткова прыходзіць яшчэ разы тры. На канікулах, напрыклад, трэніруецца кожны дзень. Пра прыродны талент дзяўчына сціпла прамаўчала.

У адрозненне ад «бальнікаў», якім прыходзіцца аддаваць вялікія грошы на касцюмы, танцорам хіп-хопа сур'ёзна траціцца на форму не трэба.

— Касцюмаў нават і няма. Танцуеш у тым, у чым зручна, — у шырокім адзенні, якое не абмяжоўвае рухаў, — тлумачыць дзяўчына. — Большасць выдаткаў на танцы звязаны з паездкамі.

Абмяжоўваць сябе ў салодкім, каб быць трысціначкай на сцэне, не патрабуюць. І хаця сама Сафія — вельмі зграбная дзяўчына, яна заўважае, што ў хіп-хопе фігура не мае значэння: «Гэта не гімнастыка. Вага нічога не вырашае».

— На школьных дыскатэках ты, напэўна, заўсёды ў цэнтры ўвагі? — пытаюся ў Сафіі. Аказваецца, не: на тыя дыскатэкі дзяўчына не ходзіць. Няма там чаго рабіць...

Цікаўлюся, як дзяўчына за пастаяннымі трэніроўкамі і паездкамі на конкурсы паспявае вучыцца. Яе сярэдні бал за папярэдні дзявяты клас — 9,5! Але Сафія ацэньвае сябе даволі крытычна. «Адзнакі ў школе — гэта нешта абстрактнае. У вучобе ў мяне насамрэч практычна заўсёды лёгкі «завал». Шмат дамашніх заданняў, нецікавых урокаў... Але я не паспяваю не праз маю занятасць, а праз няўменне правільна размяркоўваць час».

— Чытала, што ты марыш стаць хімікам...

— Тое інтэрв'ю давала не я, а мой тата. Нашы ўяўленні аб маёй будучыні крыху не супадаюць, так што гэта праўда толькі часткова, — усміхаецца Сафія.

Па словах чэмпіёнкі, у яе ёсць некалькі варыянтаў, куды паступаць пасля школы, у тым ліку яна разглядае і спецыяльнасці, звязаныя з хіміяй. Але, як і многія старшакласнікі, дзяўчына пакуль што з прафесіяй не вызначылася.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У рытме хіп-хопа

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».