Вы тут

Беларускія музыкі запішуць новы альбом на «чыстай энергіі»


«Размову» вядуць перкусія, бас-гітара і акардэон... Слухачы, якія змаглі патрапіць у агульны з гэтай музыкай настрой, кажуць, што тая здольная гіпнатызаваць, як спевы шаманаў альбо полымя вогнішча.

Некалькі гадоў таму музыкі Аляксей Варсоба, Сяргей Краўчанка і Аляксей Ванчук ужо спрабавалі запісваць кампазіцыі ў «натуральным» асяродку, для чаго вывезлі абсталяванне музычнай студыі ў лес пад Мінскам. Так альбом «Thou» набыў незвычайнае гучанне і перамог у галоўнай намінацыі «Альбом года» на сайце Experty.by, дзе ўлічваліся водгукі музычных крытыкаў з Беларусі і замежжа. Свой новы альбом удзельнікі гурта Port Mone вырашылі запісваць на «зялёнай» энергіі. Замест студыі — парк з сонечнымі панэлямі ці вольны прастор ветрапарку. Як акампанемент — гудзенне ветракоў і галасы птушак.


Сяргей Краўчанка, перкусіяніст: З ідэяй запісу альбома на ўзнаўляльнай энергіі мы спачатку пайшлі па камерцыйных арганізацыях, але не адчулі падтрымкі. Нам прапанавалі цалкам лагічнае выйсце: калі гэта праект аб экалогіі ў самым шырокім сэнсе слова, то і аб'ядноўвацца трэба з тымі, хто працуе ў гэтым кірунку. Так мы выйшлі на таварыства «Зялёная сетка». Праект стаў адным з пераможцаў экалагічнага конкурсу «Зялёнка», так што частка сродкаў на яго ажыццяўленне ўжо ёсць. Мяркуем, што астатнюю суму нам дапаможа сабраць запушчаная на платформе Talaka.by краўдфандынг-кампанія.

Падаецца, у Беларусі не самыя спрыяльныя ўмовы для ўзнаўляльнай энергетыкі: цяжка знайсці мясціны, дзе б дзьмулі пастаянныя моцныя вятры, ды і сонца ледзь не паўгода хаваецца за хмарамі, аднак музыканты абвяргаюць гэтыя міфы.

Аляксей Ванчук, бас-гітара: Насамрэч, магчымасць выкарыстання энергіі ветру ў нашай краіне — вельмі перспектыўны кірунак. Сонечным батарэям таксама не патрэбна толькі яснае надвор'е. Напрыклад, у Скандынаўскіх краінах, дзе ўзнаўляльная энергетыка ў пашане, сонца яшчэ меней, а вятры дзьмуць прыкладна як і ў нас.

Сяргей: Мы, калі шукалі матэрыялы для ідэі альбома, дазналіся пра многае. Я, напрыклад, «нагугліў» ветракі пад Навагрудкам ледзь не ў сто метраў вышынёй. Але справа не толькі ў недасведчанасці. Смецце, кінутае на вуліцы, дым, што ідзе з трубы завода, насамрэч куды мацней звязаны з нашым светаўспрыманнем, чым можа падацца напачатку.

Музыкі не бяруцца павучаць. Іх мэта іншая: расказаць пра праблемы не толькі прыродныя, але і агульначалавечыя, закрануць «экалогію душы». Рабочая назва будучага альбома «Whіsper». Сяргей Краўчанка тлумачыць, чаму размову пра важнае музыканты будуць весці «шэптам»:

— Каб пачуць ціха сказаныя словы, трэба прыслухоўвацца. Спрабаваць нешта змяняць разам, размаўляючы ціха, амаль шэптам, значна прасцей, чым калі вакол грукат, усе крычаць, ты крычыш, і перамены атрымліваюцца такімі ж няўстойлівымі, як і асяроддзе, якое іх нарадзіла. Чым легкадумней ставішся да інфармацыі, якая пранікае ў цябе, тым мацней верагоднасць, што большая частка з накопленага будзе баластам, смеццем. А смецце ў думках нараджае канфлікты.

Каб адшукаць будучыя пляцоўкі для запісу, гурт сёлета выправіўся ў падарожжа па краіне. Музыкі шукалі мясціны, дзе выпрацоўваецца ўзнаўляльная энергія, сустракаліся з аматарамі-вынаходнікамі, якія «прыручылі» вецер.

Сяргей: У вандроўцы мы не засяроджваліся на тым, колькі кілават выпрацоўвае вятрак. Цікавіла месца, яго атмасфера, ну і, вядома, візуальныя і аўдыяльныя паказчыкі. Нядаўна прыгадваў, якія гукі мне падабаюцца, і ўсвядоміў, што яны звязаныя з дзяцінствам. Люблю гук аўтастрады, калі ты ідзеш па лесе, а дарога знаходзіцца за тры кіламетры ад цябе. Памятаю, як шумяць трубы, калі ты ныраеш у ванну з галавой. Яшчэ падабаецца, як човен слізгае па лістах гарлачыкаў.

Цяпер я слухаў, як працуюць ветрагенератары, і гэта таксама чароўна. Гук падобны на ўзмах рукі велікана, гэткае веліканскае кунг-фу.

Стваральнікі парку каля Нарачы пайшлі выканаўцам насустрач і пагадзіліся змайстраваць спецыяльную «разетку», каб можна было падключыць абсталяванне да сонечных батарэй.

Аляксей: Акрамя атмасферы, паміж адкрытай прасторай і студыяй ёсць адрозненні чыста тэхнічныя. Акустычныя ўласцівасці незамкнёнай прасторы вырашаюць, якім атрымаецца гучанне інструментаў падчас запісу. Музыка на прыродзе вучыць цябе гнуткасці і «ўключанасці». Мы не супраць студыі, але нам цікавей эксперыментаваць.

Канешне, не так проста вывезці тэхніку, арганізаваць запіс у «натуральных» умовах, але мы робім гэта ўжо не ўпершыню.

Пра пераадоленне цяжкасцяў раскажа дакументальны фільм. Украінец Вадзім Ількоў з гуртам Port Mone знаёмы ўжо шэсць гадоў. Калі музыкам прыйшла думка зняць яшчэ і фільм, то з кандыдатурай рэжысёра доўга не вагаліся.

Сяргей: Падаецца, што яго падыход да здымак у нечым падобны на наш да музыкі: прысутнічае элемент імправізацыі.

Паміж фільмам і музычным альбомам, безумоўна, будзе сувязь, але відэа ні ў якім разе не стане звычайным кліпам. Мяркуецца, што відэаматэрыял потым будзе ўдзельнічаць у розных кінаконкурсах.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Шэптам пра Сусвет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?