Вы тут

У сабакі вочы пазычыўшы


Сёння першы дзень зімы. Я села за камп'ютар, поўная рашучасці напісаць лірычныя нататкі пра снег, тым больш што ў Брэсце мы яго да гэтай пары, лічы, не бачылі: сняжынкі закружылі толькі на гэтым тыдні. Але прыйшла калега і, усміхнуўшыся, параіла: «Напішы лепей пра даму з сабачкам, сёння ў зводцы здарэнняў паявілася інфармацыя». Сапраўды, з сайта УУС навіна імкліва кацілася па прасторах «павуціння»... І снег я пакінула да наступнага разу.


У жыхаркі Брэста ўкралі двух сабак пароды французскі бульдог. Фактам крадзяжу, вядома, цяпер нікога не здзівіш. Тут цікава, пры якіх абставінах адбылася непрыемнасць. Ну а пачыналася ўсё вельмі нават прыстойна. Дама выйшла з дому пагуляць з сабачкамі. Пазней яна ацэніць сваіх гадаванцаў у дзве з паловай тысячы долараў. Калі ў цябе ў кішэні, альбо, як у нашым выпадку, на павадку, такая каштоўнасць, то, згадзіцеся, нейкія, ну хоць самыя маленечкія меры бяспекі трэба выконваць. Але наша гераіня не такая. Нібы ілюстрацыя да аднаго не вельмі высокамастацкага твора мінулага стагоддзя, дзе сказана: «Свабодны чалавек свабоднай краіны ішоў насустрач сонцу з раскрытай душой», яна рухалася насустрач прыгодам. Карацей кажучы, кабета сустрэла знаёмага і прапанавала яму прагуляцца ў краму. Як стане вядома пазней, не за цукеркамі. З пляшкай у руках тым дваім зрабілася яшчэ весялей, і, па ўсёй бачнасці, захацелася падзяліцца настроем з іншымі. Таму нясумная пара запрасіла далучыцца да іх двух хлопцаў, якія тапталіся каля вінна-гарэлачнага аддзела. Усе разам рушылі ўглыб двара па вуліцы Ленінградскай, і, як кажуць у такіх сітуацыях, добра пасядзелі.

Ці тым выпадковым сабутэльнікам адразу запалі ў душу чужыя сабакі, ці яны спантанна вырашылі ўзяць з сабой жывёлін, хто цяпер ведае? Хіба следчы, які вядзе справу. Але хлопцы ўзялі сабак за павадкі ды і рушылі з месца вулічнага застолля. Гаспадыня аказалася не настолькі спартыўнай і рухомай, каб дагнаць зламыснікаў па гарачых слядах на першым снезе. А назаўтра яна звярнулася ў міліцыю.

Аператыўнік, якому даручылі разгляд справы, праглядаючы зводкі ДАІ, заўважыў, што побач з месцам здарэння дарожны інспектар аштрафаваў п'янага пешахода на праезнай частцы. Інтуіцыя падказала, што трэба праверыць кліента, і яна, інтуіцыя, як аказалася, не падвяла. Калі затрымалі першага фігуранта справы, ён адпірацца не стаў, указаў на сябрука, а там і бедныя сабачкі знайшліся. Бульдогаў, вядома, аддалі гаспадыні. А ў дачыненні да маладых людзей завялі справу за групавое рабаванне. Артыкул сур'ёзны, сума нарабаванага фігуруе вядома якая, так што выкрадальнікам свеціць тэрмін, і не малы.

Гэта ж колькі сіл і сродкаў праваахоўнікаў было і будзе яшчэ задзейнічана, каб раскрыць злачынства, а потым давесці яго да лагічнага завяршэння, гэта значыць суда! А што наша дамачка? Яе, хутчэй за ўсё, сумленне не тузае, нібы галодны сабака за павадок. Як свабодны чалавек свабоднай краіны, яна можа піць гарэлку з любымі хлопцамі хоць на Ленінградскай, хоць на Гродзенскай альбо на Луцкай. А ўжо справа міліцыі шукаць украдзеных сабак. Так яна, хутчэй за ўсё, і лічыць.

Гэта я так доўга падступаюся да тэмы барацьбы з п'янствам. Тэмы, як паказвае практыка, вечнай. Нядаўна пра яе загаварылі ў асобных камісіях новага парламента, крыху раней па СМІ пракацілася хваля абмеркаванняў наконт абмежавання часу продажу спіртнога, ствараюцца новыя планы мерапрыемстваў, месячнікаў, кампаній. На маёй памяці барацьба вядзецца з гістарычнай Пастановы ЦК КПСС 1985 года, а дабіліся не вельмі многа. Вось вынікі адной з такіх кампаній лістапада 2016 у адным асобным рэгіёне: «У ходзе дэкады «Цвярозасць на дарогах» выяўлена 100 п'яных вадзіцеляў і 500 нецвярозых пешаходаў».

Усе разумеюць, што нешта з гэтым трэба рабіць, а што і як — дакладна ніхто не ведае. За апошнія тры дзесяцігоддзі спісаны тоны паперы, выдаткаваны немалыя сродкі, а дзейсны спосаб барацьбы адшукаць не ўдаецца. Горш за ўсё, што бадзяцца п'янымі на дарозе, як тыя 500 пешаходаў, піць нават у падваротнях і бясконца заліваць вочы па месцы жыхарства стала не сорамна. Наадварот, саромеюцца тыя, хто нейкім чынам выкрывае грамадскую загану. Я ўжо пісала пра канфуз аднаго госця ў памесці Дзеда Мароза. Групу расійскіх турыстаў, як звычайна, вітаў пушчанскі Дзед, распытваў малых пра поспехі ў школе, пра заняткі ў гуртках. А хлопчык гадоў шасці як закрычыць: «Тата, а Дзед Мароз цвярозы!» Бацька ж адразу засаромеўся, стаў прасіць прабачэння, маўляў, не звяртайце ўвагі на неразумнае дзіця: «Мы кожны год заказваем паслугу віншавання. Да нас прыязджае Дзед... Ну, вы разумееце. Дык малы і падумаў, што навагодні персанаж заўсёды знаходзіцца ў стане «адзначыўшы свята».

...Пакуль пісала, выраз «500 пешаходаў» жыццё ўдакладніла: у Баранавіцкім раёне ў вёсцы каля плоту спалі трое хлопцаў нагамі на праезную частку, пакуль іх не разбудзілі даішнікі. І смешна, і не надта.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.