Вы тут

Сёлета Форум маладых журналістаў прайшоў ужо пяты раз


Сёлета Форум маладых журналістаў прайшоў ужо пяты раз. Пераможцамі конкурсу «Дэбют», які штогод праходзіць у яго рамках, сталі некалькі дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат — юных супрацоўнікаў СМІ. Гэта амаль што цэлая рэдакцыя! А значыць, можна падводзіць пэўныя вынікі. 

Аб высновах мы пагаварылі з Сяргеем Сверкуновым, намеснікам старшыні Беларускага саюза журналістаў.


У пошуках ісціны

Ініцыятыва стварыць такую пляцоўку для абмену вопытам паміж сталымі і маладымі супрацоўнікамі СМІ належыць Міністэрству інфармацыі і Беларускаму саюзу журналістаў. Сяргей Дзмітрыевіч расказвае, што паміж тымі юнакамі і дзяўчатамі, якія падавалі свае работы пяць гадоў таму, і сёлетнімі ўдзельнікамі прагледжваецца значны прафесійны рост.

— Сёння мы бачым, што конкурс набраў сілу. Работы, якія нам даслалі, вылучаюцца высокай якасцю. Штогод мы прымаем іх каля 30—40. Больш за палову — з рэгіянальных СМІ, у тым ліку з мясцовага тэлебачання. Калі іх параўноўваць з тымі, першымі, мы бачым, што гэтыя гады не прайшлі дарэмна. Я лічу, што конкурс карысны ў першую чаргу для тых, хто змог паўнавартасна паўдзельнічаць ва ўсёй праграме форуму. У іх быў час пазнаёміцца, абмяняцца кантактамі і стварыць сваеасаблівую прафесійную сетку. Гэта ўжо калегі, якія абмяркоўваюць разам праблемы і дасягненні.

— На другім форуме, у Магілёве, я ўдзельнічаў у ток-шоу, — працягвае Сяргей Сверкуноў, — і адказваў на пытанне «Якое крэда павінна быць у журналіста?». Упэўнены, што на першае месца трэба ставіць праўду і аб'ектыўнасць. Ісціну знайсці цяжка, але праўду трэба гаворыць заўсёды. Галоўнае — пісаць, не скажаючы факты.

Сустрэнемся ў прэс-клубе

У конкурсе «Дэбют» могуць удзельнічаць маладыя журналісты да 33 гадоў. Тлумачыцца гэта ў тым ліку тым, што не ўсе прыходзяць у прафесію адразу пасля інстытута. Ёсць даволі шмат моладзі з прафесійным вопытам у іншых сферах. Яны ўжо папрацавалі на вытворчасці ці ў сельскай гаспадарцы, а зараз вырашылі паспрабаваць сябе ў журналістыцы. У іх таксама ёсць магчымасць праявіць сябе на конкурсе.

Адзін з трэндаў — прывабліванне юнакоў і дзяўчат, якія працуюць у інтэрнэце. На жаль, зараз для іх няма асобнай намінацыі, але тыя, хто робіць інфаграфіку, дызайн сайта ці іншым чынам візуалізуе інфармацыю, могуць дасылаць свае работы ў намінацыю «Лепшы фотакарэспандэнт». Конкурс імкнецца ісці ў нагу з часам, бо маладым спецыялістам ёсць за што пазмагацца: пераможцаў чакае не толькі дыплом, але і грашовая прэмія!

Важна, што ў гэтых мерапрыемствах за пяць гадоў паўдзельнічалі не толькі беларускія юнакі і дзяўчаты. На пляцоўках форуму таксама збіраліся расіяне, казахі і армяне. Саюз журналістаў чакае, што ў бліжэйшыя гады ў ім прымуць удзел і нашы калегі з Кітая. Другой навіной на форуме стала тое, што ў будучым годзе плануецца адкрыць прэс-клуб для маладых супрацоўнікаў СМІ пад назвай «Журналіст». Аб гэтым на пленарным пасяджэнні расказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч, але падрабязнасці праекта пакуль што трымаюцца ў сакрэце.

Спецыяліст па «вузкіх» тэмах

— Адно з нашых дасягненняў — своеасаблівы «Клуб настаўнікаў». Галоўнае на форуме — гэта магчымасць атрымаць веды ад прафесіяналаў сваёй справы. Абласныя арганізацыі накіроўваюць вопытных журналістаў, каб тыя перадавалі маладым калегам свой вопыт. Часам нават невялікая падказка можа дапамагчы разабрацца ў складанай праблеме. Такія педагогі атрымалі дыплом журналіста-настаўніка. За гэты час ім узнагародзілі каля 30 чалавек, — падкрэслівае Сяргей Сверкуноў.

Саюз журналістаў сочыць за дасягненнямі сваіх пераможцаў. Напрыклад, Вольга Кімель, якая пяць гадоў таму стала лаўрэатам, зараз кіруе «Горецким вестником». Сярод педагогаў мой суразмоўца таксама адзначыў некалькі імёнаў: галоўных рэдактараў «Лепельскага краю» Уладзіміра Шаўчэнку і «Чырвонага праменя» (газета Чашніцкага раёна) Міхаіла Дзеравягу, якія выступалі на пасяджэннях клуба.

Сёлета падчас форуму абмяркоўваліся пытанні маральнага выбару журналіста. А сярод удзельнікаў праводзілася апытанне: якія праблемы ёсць у журналістыцы сёння і якой яна будзе заўтра? Маладыя карэспандэнты адзначаюць, што ім не хапае спецыялізацыі. Свет такі шырокі, што аднаму чалавеку цяжка яго ахапіць. Юнакі і дзяўчаты прадбачаць, што ў будучыні будуць вельмі запатрабаваныя спецыялісты, якія змогуць пісаць на вузкія тэмы, і такіх трэба ўжо сёння рыхтаваць ва ўніверсітэтах.

Надзея АНІСОВІЧ

anіsovіch@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Заўсёды гаварыць праўду

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?