Вы тут

Вяртаецца інтарэс грамадства да гісторыі краіны


Кніга Алеся Карлюкевіча “Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры” (Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, 2015 г.) – гэта краязнаўчы летапіс Пухавіччыны. Між тым аўтар задаецца пытаннем: “Літаратурная гісторыя аднаго раёна – ці можа гэта тэма быць прадметам асобнай, няхай нават і краязнаўчай кнігі?”. Безумоўна, можа, бо кожны артыкул, нібыта ў вір, зацягвае чытача і адкрывае цікавыя старонкі гісторыі ды забытыя імёны.


 

Тут трэба сказаць аб асобе Алеся Карлюкевіча – журналіст, пісьменнік і краязнаўца. Чалавек, улюбёны ў сваю малую радзіму. За краязнаўчую і публіцыстычную працу адзначаны Прэміяй Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. Ён напісаў некалькі кніжак, прысвечаных роднай Пухавіччыне і гістарычнай Ігуменшчыне. Потым, натуральна, інтарэсы пісьменніка пашырыліся і нават выйшлі за межы Беларусі – так з’явілася цудоўная кніга “У пошуках страчанага”, створаная ў супрацоўніцтве з Уладзімірам Ліхадзедавым і Паўлам Якубовічам. Потым публікацыі Алеся Карлюкевіча з газеты “Голас Радзімы” былі сабраны пад адной вокладкай – у кнізе “Знічкі Айчыны”. Гэта – вялікая даследчая праца, у якой распавядаецца пра 30 беларускіх гарадоў і іх ураджэнцаў. У 2011 годзе пабачыла свет кніга Алеся Карлюкевіча “Радзімазнаўства”. Такім чынам, робім выснову, што краязнаўства – сталая тэма аўтара.

На жаль, беларусы найчасцей прыніжаюць сябе, маўляў, што мы…, вось іншыя народы. А чаму так адбываецца? Таму, што мы мала пра сябе ведаем. Павандраваўшы па Беларусі, у тым ліку ў складзе турыстычных груп, заўсёды дзівілася з людзей, якія нават з недаверам адносіліся да таго, што на нашай зямлі нараджаліся і пэўны час жылі тыя, чые імёны сёння вядомы ўсяму свету. Такім людзям як раз добра было б прачытаць хаця б адну з кніг Алеся Карлюкевіча.

А мы пагартаем старонкі “Краязнаўчага рэсурсу ў вывучэнні беларускай літаратуры”. Напрыклад, артыкул “Дукора”. Сёння Дукора – аграгарадок з насельніцтвам крыху больш за 1200 чалавек. А якая ж слаўная гісторыя ў гэтага мястэчка! Вось піша Алесь Карлюкевіч пра трох братоў Чарных, вядомасць якіх распаўсюджваецца на Амерыку. Але ж юнацтва іх прайшло на нашай зямлі і пакінула адбітак на ўсё жыццё. А яшчэ Дукора – радзіма аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай драматургіі Васіля Гарбацэвіча і вядомага мовазнаўцы, доктара філалагічных навук Марыі Жыдовіч. Вельмі важна, што аўтар не піша пра тое, што і як магло быць, а вывучае першакрыніцы, адшуквае тых людзей, якія маюць дакладныя звесткі пра асоб і тыя ці іншыя падзеі. Акрамя размоў з мясцовымі краязнаўцамі, Алесь Карлюкевіч праштудзіраваў і друкаваныя крыніцы – мясцовую прэсу, у якой часта друкуюцца вельмі цікавыя матэрыялы.

А ці мае шырокую вядомасць вёска Балачанка? Ну, хіба што мясцовыя доўгажыхары ды неабыякавыя людзі з бліжэйшага наваколля ведаюць, што ў свой час тут працаваў Якуб Колас над 3-й кнігай трылогіі “На ростанях”. Міхась Лынькоў і Пятрусь Броўка прыязджалі да яго ў госці. Менавіта гэтай вёсачцы паэт прысвяціў верш “Зімой у Балачанцы”, таксама прыгадвае яе ў іншых творах.

Пятро Глебка на працягу трох гадоў наймаў лецішча ў вёсцы Падбярэжжа. І не толькі адпачываў, але і плённа працаваў. Калі паглядзець, дык кожная вёска Пухавіцкага раёна чымсьці адметная. Важна, каб людзі гэта ведалі і ганарыліся. Прафесар Адам Мальдзіс, які напісаў прадмову да кнігі “Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры”, лічыць, што “камернае краязнаўства” перарастае ў “радзімазнаўства, набывае глабальныя вымярэнні”. І гэта тое, што сёння беларусам неабходна як паветра.

У сучаснай гісторыі пікі краязнаўства прыходзяцца на гады нацыянальнага ўздыму: 20-я, 80-я і 90-я. Здаецца, што цяпер зноў вяртаецца інтарэс грамадства да гісторыі краіны, літаратуры. І таму кніга Алеся Карлюкевіча можа быць добрым дапаможнікам для настаўнікаў і цікавая ўсім, хто хоча ведаць як мага больш аб выбітных асобах Беларусі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.