Вы тут

У 2018 годзе ў Беларусі пачнуць выпускаць інсулін у картрыджах


У наступным годзе Белмедпрэпараты атрымаюць замежнае абсталяванне, якое дазволіць пачаць у 2018 годзе выпуск інсуліну новай, картрыджнай, формы.

Аб'ёмы выпуску будуць такімі, каб пакрываць не толькі патрэбы краіны, але і пастаўляць на экспарт у Расію. Больш за 80 працэнтаў інсулінаў у флаконах, неабходных хворым на цукровы дыябет, — айчыннай вытворчасці. Найбуйнейшае фармацэўтычнае прадпрыемства ў краіне забяспечвае дастатковую колькасць лекавых прэпаратаў для лячэння цукровага дыябету 1-га і 2-га тыпу, у тым ліку інсулінаў. Аднак сусветная фармацэўтыка развіваецца, і айчынная ахова здароўя імкнецца забяспечваць самыя сучасныя спосабы лячэння.


— Раней мы вывелі на рынак новы прэпарат кубінскай вытворчасці «Эберпрот», затрацілі значныя рэсурсы на правядзенне клінічных выпрабаванняў на базе 10-й клінікі Мінска, — кажа генеральны дырэктар РУП «Белмедпрэпараты» Павел КАХАВЕЦ. — Прэпарат гэты неабходны для лячэння пацыентаў з сіндромам дыябетычнай ступні. Кошт лячэння такіх пацыентаў досыць высокі — адзін курс абыходзіцца дзяржаве ў 3—4 тысячы долараў.

— Новыя формы і спосабы лячэння ўспрымаюцца як пацыентамі, так і ўрачамі даволі складана, — адзначае прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Ала ШАПЯЛЬКЕВІЧ. — Калісьці пацыенты былі катэгарычна настроены супраць генна-інжынернага інсуліну, які ў 2010-м прыйшоў на змену свіному. Многія прадузята ставяцца да айчынных лекаў, але мы праводзілі даследаванні і ўбачылі станоўчы вынік па айчынных інсулінах і адмоўны — па некаторых вырабленых за мяжой. Разам з тым частцы пацыентаў падыходзяць толькі прэпараты замежнай вытворчасці, і дзяржава забяспечвае імпартнымі аналагамі таксама.

У свеце з цукровым дыябетам жыве кожны 11-ты дарослы, а ў 2040 годзе, паводле прагнозаў, размова будзе ісці пра кожнага 10-га. У Беларусі пражывае каля 287 тысяч такіх хворых, і штогод іх колькасць прырастае на 8—10 працэнтаў. Вялікай праблемай застаецца значная колькасць людзей, якія трапляюць у поле зроку ўрачоў вельмі позна. Еўрапейскія эксперты перакананыя, што да 40 працэнтаў людзей з дыябетам жывуць, не здагадваючыся аб захворванні. Між тым магчымасці для ранняга выяўлення захворвання ёсць — рэгулярныя медагляды і аналіз крыві на глюкозу або на глікіраваны гемаглабін. Для гэтага не трэба шукаць эндакрынолага, а дастаткова візіту да ўрача-тэрапеўта або ўрача агульнай практыкі.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Новыя лекі для дыябетыкаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.