Вы тут

Як лёгкаатлетка з Пінска перамагла Ямайку і ЗША


Эльвіра Герман крок за крокам набліжаецца да эліты лёгкай атлетыкі і ўжо лічыцца адной з самых перспектыўных спартсменак краіны. Яе рух наперад пачаўся традыцыйна — з юніёрскіх стартаў. На чэмпіянаце свету ў Польшчы сёлета дзяўчына заваявала «золата», апярэдзіўшы спартсменак-аднагодак з краін, якія прынята лічыць самымі паспяховымі ў бегу на кароткія дыстанцыі — Ямайкі і ЗША. Гэта не першы поспех Эльвіры, год таму ў Швецыі яна заваявала званне чэмпіёнкі Еўропы сярод юніёраў на аналагічнай дыстанцыі — 100 метраў з бар'ерамі. Сёння Герман ужо ўваходзіць у дарослую нацыянальную каманду і рыхтуецца да адказных стартаў, у яе планах і Алімпійскія гульні ў Токіа.


— Эльвіра, у сваім юным узросце ты ўжо чэмпіёнка свету і Еўропы сярод аднагодак. Адчуваеш сябе «зоркай»?

— Дакладна не. Гэтыя поспехі сталі для мяне вельмі нечаканымі, доўга я не магла паверыць у тое, што ў мяне атрымалася дасягнуць вышынь, пра якія я так марыла і да якіх доўга ішла. Хоць і была праведзена вялікая работа, але не чакала, што змагу перамагчы. Калі ехала на юніёрскі чэмпіянат свету, практычна на 100 працэнтаў была ўпэўнена, што там мне нічога не свеціць, бо саперніцы былі вельмі моцныя, з добрымі вынікамі ў сезоне. Сябрам і родным казала, каб не разлічвалі на многае, але яны ўсё роўна за мяне балелі.

А што датычыцца «зорнасці», дык я, напэўна, і да гэтага часу не магу ўсвядоміць, што чэмпіёнка. Можа быць, таму што выразна разумею — наперадзе яшчэ шмат работы і вынікі, якія я паказваю цяпер, — гэта далёка не мяжа маіх магчымасцяў.

— Сёння ты ўжо член нацыянальнай каманды і чакаюць, напэўна, ад цябе ўжо зусім іншага?

— Так, я прайшла атэстацыю — гэта такі своеасаблівы пропуск у галоўную каманду. Трэнерскі штаб і кіраўніцтва разлічваюць на мяне ў выступленні праз 4 гады на Алімпіядзе-2020. Таму яны будуць укладваць у мяне ўсё па максімуме, ну а мне, у сваю чаргу, трэба паказваць усё лепшыя вынікі. Вядома, гэта адказнасць і, напэўна, крыху хвалююся, але я ўжо спрабавала сябе на стартах сярод дарослых. Летам удзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы ў Амстэрдаме. Прабілася ў паўфінал і заняла 16-е месца, у прынцыпе, нармальны вынік для пачатку, а галоўнае, я атрымала вопыт, таму што адна справа, калі ты сапернічаешь са сваімі аднагодкамі, і зусім іншая, калі бяжыш з лепшымі спартсменкамі кантынента. Ды і атмасфера зусім іншая. Мне з дарослымі змагацца спадабалася нашмат больш: вышэй канкурэнцыя, больш адрэналіну, гэта падганяе, стараешся бегчы яшчэ хутчэй. Напэўна, ужо час пераходзіць на новы ўзровень.

— Як правіла, маладыя спартсмены хвалююцца нашмат больш вопытных. Як з гэтым спраўляешся?

— Лічу, што прафесійны спартсмен не павінен дазваляць сабе хвалявацца. А тым больш не павінен дапускаць, каб падобныя рэчы ўплывалі на яго вынік.

Перад стартам трэба думаць толькі пра сваю справу, калі я станаўлюся ў калодку, думкі толькі пра тое, як павінна пераадолець кожны бар'ер, наколькі хутка прайсці дыстанцыю.

— Што важней у тваім відзе спорту — хуткасць або тэхніка?

— Гэта дзве рэчы, якія важныя ў роўных прапорцыях. У мяне пакуль хуткасць не такая, як хацелася б, а вось з тэхнікай справы куды лепш. Бар'еры я пераадольваю хутчэй, чым іншыя дзяўчаты. Зараз мы з трэнерам працуем над стартавым спрынтам. У нашым відзе важна ўсё ў сукупнасці, і сумяшчаць гэта, вядома, не заўсёды лёгка.

— Самі бар'еры не палохаюць? Часта даводзіцца бачыць, як дзяўчаты чапляюцца за іх, падаюць ...

— Гэта насамрэч так. Нядаўна вось нават алімпійская чэмпіёнка Салі Пірсан спатыкнулася, упала і зламала руку. У нас бываюць траўмы, як і ва ўсіх відах спорту. Вялікая нагрузка ідзе на пазваночнік у паяснічным аддзеле, многія спартсменкі пакутуюць ад гэтага, але спорт — гэта выбар кожнага. У дзяцінстве хадзіла і на танцы, і на плаванне, і на баскетбол, можа быць, яны былі б больш бяспечнымі, але я абрала лёгкую атлетыку. Заўсёды хацелася паспрабаваць менавіта бег з бар'ерамі, але мой першы трэнер — Аляксандр Аляксеевіч Сінкевіч, не хацеў мяне туды пускаць. Баяўся, што я маленькая, магу зачапіць бар'ер, упасці. Адзін раз усё ж здаўся і дазволіў. Я так удала прабегла, што стала займацца менавіта гэтым відам лёгкай атлетыкі, так усё і пачалося.

— Са сваёй старэйшай і больш тытулаванай калегай Алінай Талай сябруеш?

— Перасякаемся толькі на зборах. Перажывала за Аліну на Алімпіядзе. Крыўдна, вядома, што яна збіла бар'ер, калі б не гэтая памылка, то трапіла б у фінал, і я нават упэўненая, што месца на п'едэстале яна заняла б.

— Расці ў яе цені складана ці, наадварот?

— У СМІ пра мяне кажуць не так шмат, як пра Аліну, і гэта абсалютна справядліва. Наогул мая мама любіць паўтараць адну фразу: «Цішыня любіць чэмпіёнаў», таму тое, што мне надаюць не так шмат увагі, не хвалюе, а нават наадварот.

— Хто сёння твае самыя сур'ёзныя канкурэнткі?

— У маім узросце ў Беларусі — віцяблянка Руслана Рашкаван. У нас з ёй вельмі добрая канкурэнцыя, якая дапамагае абедзвюм расці, паляпшаць свае вынікі. У свеце гэта, вядома, спартсменкі з ЗША і Ямайкі, цяпер з'явілася моцная дзяўчына з Нігерыі. Ужо ўсе прывыклі да таго, што цемнаскурыя атлеткі вельмі моцныя ў спорце, дзе трэба паказваць высокую хуткасць. Кажуць, што ў іх вельмі добрая генетыка, іншая будова цела, можа быць, і ў трэніровачным працэсе ёсць нейкія сакрэты. Да таго ж калі браць афрыканскія краіны, то ўзровень жыцця там ніжэй, чым, напрыклад, у Еўропе, і гэта дае дадатковы стымул дамагчыся высокага выніку ў спорце, як правіла, у іх вельмі моцны характар. Але і мы сёння ў сілах дагнаць лідараў.

— Існуе меркаванне, што спартсменам прыходзіцца шмат чым ахвяраваць у звычайным жыцці.

— Паўтаруся, мы ж самі выбіраем такі лад жыцця, таму, чаго скардзіцца? Да таго ж не сказала б, што даводзіцца чымсьці ўжо моцна ахвяраваць. Можа, у мяне менш вольнага часу, чым у маіх сяброў, якія не займаюцца спортам. Але пасля трэніровак і сіл асабліва няма, каб гуляць, таму такое жаданне ўзнікае не часта. Для мяне лепш пасядзець дома, паспаць, пачытаць. Хатняя атмасфера ўвогуле падабаецца больш. Сёлета я паступіла ў БДУФК на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці трэнер-выкладчык. Пакуль ніякіх складанасцяў з вучобай не адчуваю — сесія пачынаецца толькі ў студзені. Ці змагу стаць трэнерам, пакуль сказаць складана, усё можа памяняцца, але вышэйшая адукацыя — гэта заўсёды добра.

— Што можна знайсці сярод тваіх кніг?

— У асноўным я аддаю перавагу раманам. Зараз чытаю «Над зязюліным гняздом» Кена Кізі, да гэтага былі «Знесеныя ветрам» Маргарэт Мітчэл, «Гонар і перакананне» Джэйн Осцін. У планах яшчэ прачытаць «451 градус па Фарэнгейце» і «Ганну Карэніну».

— Сама ты з Пінска. Як правінцыяльную дзяўчыну прыняла сталіца?

— У Мінску жыву ўжо чацвёрты год, у інтэрнаце. Адразу ў гэтым вялікім горадзе адчувала сябе нязвыкла, а цяпер тут мне нават падабаецца. У Пінску таксама бываю, праўда, не вельмі часта. Родны горад па-ранейшаму застаецца вельмі цёплым і ўтульным для мяне, заўсёды прыемна туды прыязджаць.

— Да старту сезона яшчэ шмат часу, чым плануеш займацца?

— Цяпер трэніруюся, рыхтуюся да спаборніцтваў, якія адбудуцца ўжо ў наступным годзе. Бліжэйшыя сур'ёзныя старты, у якіх планую прыняць удзел, — гэта чэмпіянат Еўропы ў памяшканні сярод дарослых, ён пройдзе ў сакавіку 2017 года. Потым, спадзяюся, буду ўдзельнічаць у маладзёжным чэмпіянаце Еўропы і ў дарослым чэмпіянаце свету. Гэта, мабыць, будуць самыя важныя турніры для мяне ў наступным сезоне.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пераадольваючы бар'еры

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.