Вы тут

Як «Экастарт» змяняе жыццё: гісторыі выпускнікоў


У гэтым годзе маладзёжны экалагічны цэнтр «Экастарт» адзначыў свой юбілей. На працягу пяці гадоў Цэнтр экалагічных рашэнняў праводзіць курсы для тых, хто неабыякавы да экалагічных праблем і хоча зрабіць свой побыт больш «зялёным».


Кожны год у сярэдзіне кастрычніка праходзіць набор у «Экастарт». Каб стаць удзельнікам, неабходна запоўніць анкету, па якой арганізатары ацэняць матывацыю жадаючых. На працягу сямі месяцаў праводзяцца заняткі для тых, хто прайшоў адборачны тур. Вучоба для пятага набору пачалася ў лістападзе. З 91 заяўкі было прынята 47. Для параўнання: у 2014 годзе група складалася ўсяго толькі з 23 чалавек.

— З кожным годам да нас прыходзіць усё больш заявак, адпаведна, і адбіраць цяжэй, — расказала Марыя Рудзь, каардынатар і былая студэнтка «Экастарта». — Мы стараемся даць шанц большай колькасці чалавек, таму і групы растуць. Радуе, што многія ўжо знаёмыя з экалагічнымі праблемамі. І наша школа для іх — гэта магчымасць знайсці аднадумцаў і рэалізаваць запланаваныя праекты. У гэтым годзе да нас хацеў прыйсці вучыцца хлопец пятнаццаці гадоў, у якога быў план па выратаванні возера. На жаль, мы не можам прымаць непаўналетніх. Але, спадзяёмся, ён не страціцца і захавае сваё жаданне рабіць навакольны свет лепшым.

Вопыт мінулых гадоў даказвае, што «Экастарт» цікавы як для тых, хто толькі пачынае спасцігаць асновы экалагічнай тэматыкі, так і для тых, хто імкнецца весці экалагічны лад жыцця. Акрамя лекцый па водных рэсурсах, энергазберажэнні, адходах і шматлікіх іншых тэмах, удзельнікаў чакаюць экскурсіі, майстар-класы, цікавыя заданні. Таксама кожны студэнт мае магчымасць рэалізаваць уласны экалагічны праект.

— Экалогія для мяне — гэта паважлівае стаўленне да месца, дзе ты жывеш, і да самога сябе. Я думаю, што ніхто не захоча прыходзіць у дом, дзе паўсюль смецце і пыл. Ніхто не захоча і сам быць у гразі. Нават калі чалавеку ўсё роўна, у якім стане планета, яму ніколі не будзе ўсё роўна, у якім стане яго знешнасць. А без разумення экалагічнага ладу жыцця немагчыма быць прыгожым ні звонку, ні знутры. Зараз мае веды ў галіне экалогіі павярхоўныя. Таму я чакаю ад «Экастарту» карысных ведаў, якімі змагу карыстацца сама і перадаваць іншым, — падзялілася меркаваннем Анастасія Хрышчановіч, новая ўдзельніца «Экастарту».

«Экастарт» змяняе жыццё», — сцвярджаюць студэнты мінулых гадоў. Мы даведаліся ў выпускнікоў, якімі яны былі да школы і што змянілася пасля, якія праекты ім удалося рэалізаваць.

Карына Маліноўская, праект «Экалагічныя майстэрні для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі», працуе з прыхільнікамі Цэнтра экалагічных рашэнняў:

— Да «Экастарту» мяне цікавілі больш глабальныя праблемы. Пасля яго я зразумела, што трэба пачаць з сябе. Людзі, якія думаюць, што адзін чалавек нічога не можа, памыляюцца. Такая простая рэч, як сартаванне смецця дома, — патрэбная і карысная справа. Акрамя ЦЭРа, я была валанцёрам і ў дзіцячым хоспісе, таму мне прыйшла ідэя арганізаваць экалагічныя мерапрыемствы для гэтых дзетак і шматдзетных сем'яў. Пры дапамозе Цэнтра экалагічных рашэнняў праект быў паспяхова рэалізаваны.

Павел Коўшаль, арганізатар экапунктаў на розных фестывалях:

— На «Экастарт» я прыйшоў з мэтай разабрацца ў экалагічных праблемах, аб якіх меў павярхоўнае ўяўленне. І я атрымаў неабходныя веды. Але галоўнае — «Экастарт» дапамог зразумець, у якім кірунку я хачу рухацца далей. Акрамя гэтага, я пазнаёміўся з вялікай колькасцю аднадумцаў. А хто яшчэ можа натхніць на новыя актыўнасці? Вядома, «Экастарт» змяніў маё жыццё. Спачатку было вельмі цяжка псіхалагічна. Пастаянна трапляліся на вочы «экаграхі», якія шкодзяць нашай планеце. Але складаней было бачыць іх нават не ў іншых людзях, а ў сабе. Прыйшлося шмат ад чаго адмовіцца. Аднак паступова прыйшло філасофскае стаўленне: немагчыма ўсё змяніць у адно імгненне, трэба ісці маленькімі крокамі. Думаю, з часам людзі зразумеюць, як трэба ставіцца да прыроды, а мы, экаактывісты, павінны ім у гэтым дапамагчы. Адсюль і мой праект — экапункты. Я хачу, каб людзі на розных фестывалях, святах не толькі адпачывалі, але і атрымлівалі карысную інфармацыю.

Лізавета Раманоўская, арганізатар «ВелаЭкаКвэста-2»:

— Пра «Экастарт» я даведалася на першым «ВелаЭкаКвэсце», дзе нас пазнаёмілі з экалагічнымі арганізацыямі Мінска. Маладзёжны цэнтр даў мне неабходную інфармацыю і сродкі для рэалізацыі задуманага праекта «ВелаЭкаКвэста-2». Ён праходзіў у прамысловым раёне Шабаны. Мае аднагрупнікі дапамаглі прыдумаць заданні і правесці гэтае мерапрыемства. «Экастарт» напоўніў маё жыццё яркімі падзеямі: «зялёныя» Каляды, выпускны на казінай ферме. Калі вас цікавіць насычанае жыццё — не прапусціце такую магчымасць, станавіцеся ўдзельнікамі «Экастарту»!

Калі вы не паспелі падаць заяўку на «Экастарт» у гэтым годзе, то ў вас ёсць шанц стаць удзельнікам маладзёжнага адукацыйнага цэнтра ў наступным. «Экастарт» можа змяніць і ваша жыццё!

Кацярына КІРЭЕВА

Загаловак у газеце: Паспрабуйце пачаць з сябе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.