Вы тут

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» абвясціла Птушку-2017


Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абвясціла Птушку-2017. Героем наступнага года стане жаўрук-смяцюх, які ў народзе больш вядомы як чубаты жаўрук.


Птушка гэта не такая прыкметная, як яе папярэднікі, — гогаль і вушастая сава. Але ўвага яму патрэбна цяпер як ніколі, бо колькасць чубатых жаўрукоў у Еўропе за апошнія 30 гадоў скарацілася ажно на 95%. Так атрымалася, што і ў Беларусі смяцюх знікае і занесены ў Чырвоную кнігу. Таму ў наступным годзе мы і прапануем лепей даведацца пра тое, хто такі чубаты жаўрук, якія ў яго праблемы і які кожны з нас можа ўнесці ўклад у іх рашэнне. Як заўсёды, прыродаахоўнікі запрашаюць людзей не толькі больш даведацца пра птушку года, але і дапамагчы ёй справай.

Зімой яму і ў снезе хатка

— Чубаты жаўрук — адзін з 4 відаў жаўрукоў, якія сустракаюцца ў Беларусі. Акрамя яго у нас гняздуюцца палявы і лясны жаўрукі, а рагаты прылятае да нас на зіму з поўначы, — кажа каардынатар кампаніі АПБ «Птушка года» Карына Салавей.

Паводле яе слоў, гэтага чырвонакніжніка можна ўбачыць аднаго або парамі, радзей — невялікімі групкамі. У адрозненне ад іншых жаўрукоў, часта спявае на зямлі. Увогуле, чубаты жаўрук — аселы від: на зіму птушкі не ляцяць на поўдзень, таму яго можна ўбачыць круглы год. Моцная дзюба дазваляе раздрабняць насенне і насякомых, якія ўмерзлі ў глебу і ў лёд. У моцныя маразы начуе ў снезе. Таксама вядомыя выпадкі, калі чубаты жаўрук кідаецца і закопваецца ў снег, каб выратавацца ад ястрабаў і дзербнікаў.

Сярэдняя працягласць жыцця гэтай невялікай птушкі складае 5—7 гадоў, але сустракаюцца і доўгажыхары. Напрыклад, паводле інфармацыі кампаніі па кальцаванні, самаму старому чубатаму жаўруку было ажно 12 гадоў.

Наш смяцюх лічыцца ў крылатых сапраўдным франтам. Мае вялікі чуб, які востра заканчваецца. У маладых чуб невялікі. Калі ён «размаўляе», то голасам падобны да палявога жаўрука, але больш прарэзлівы і з больш частымі перапынкамі. Покліч — прарэзлівае «дзі-дзіі-трі» або «ірі-трі-тріэ», а таксама мяккае «джютт». Даўжыня цела яго 17—19 см, размах крылаў — 29—38 см.

Не сябруе з катамі

Актыўнае сямейнае жыццё з гнездаваннем у жаўрукоў дожыцца з красавіка па чэрвень. За сезон яны паспяваюць двойчы вывесці дзетак! Добра замаскіраванае гняздо птушка робіць прама на зямлі. У носцы да 5 яек, якія самка выседжвае 11—12 дзён. Птушаняты пакідаюць гняздо праз 8 дзён пасля вылуплення. «Малыя» яшчэ не ўмеюць лётаць, і ў гэты час асабліва ўразлівыя.

Узбочыны дарог, прамысловыя і жылыя зоны гарадоў з нізкай травой — так выглядае дом чубатага жаўрука ў населеных пунктах. Каб прагнаць канкурэнтаў са сваёй тэрыторыі, самец «глушыць» іх сваім спевам. Але ад яго голасу ўцякаюць далёка не ўсе...

— Адна з сур'ёзных пагроз для чубатага жаўрука і іншых птушак — каты, якія жывуць на вуліцы або выходзяць пагуляць. Калі ў вас ёсць кот — просім дапамагчы і надзець на гадаванца ашыйнік са званочкам. Тады ён не зможа папаляваць на птушку года і ўсіх іншых дзікіх птушак, — заклікае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы.

Вядома, што ў меню чубатага жаўрука насенне і зялёныя часткі раслін, а таксама бесхрыбетныя. Птушанят кормяць дажджавымі чарвякамі, жукамі, мухамі, матылькамі і іх гусеніцамі, часам слімакамі і павукамі.

Ідэальныя газоны — не даспадобы

У апошнія гады гэтых жаўрукоў у Еўропе засталіся адзінкі. Яны зніклі на гнездаванні ў Нарвегіі, Швецыі і Швейцарыі. Від стаў рэдкім у Беларусі і ўключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Пакуль яшчэ часцей сустракаецца на поўдні краіны, а ў цэнтральных і паўночных рэгіёнах — ужо вельмі рэдкі. Чаму яны знікаюць? Галоўныя пагрозы — змена месцаў пражывання: касьба ў гнездавы перыяд, пестыцыды, напады з боку хатніх гадаванцаў, неспакой у гнездавы перыяд.

— Таксама нам патрэбна дапамога людзей у складанні «чубатай» карты: калі ўбачыце птушку года — занясіце дадзеныя на www.florafauna.by. У Беларусі не так многа прадстаўнікоў гэтага віду, і кожная сустрэча важная, — звяртаецца да аматараў прыроды Сямён Левы.

Што яшчэ будзе адбывацца ў год чубатага жаўрука? Птушка-2017 атрымае «прапіску» на плакатах у метро, а таксама па традыцыі стане галоўным героем графіці на адным з дамоў Мінска. На якім — пакуль невядома. Але чытачы могуць прапаноўваць свае месцы. Сумесна з Нацыянальным банкам краіны, Белпоштай плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. У гарадах і райцэнтрах пройдуць экскурсіі «У пошуках птушкі года», а на клумбах і ў парках, якія прыйшліся па душы чубатай птушцы, з'явяцца папераджальныя таблічкі «Асцярожна, птушка года!». Дарэчы, спампаваць макет шыльды і паставіць у патрэбным месцы зможа кожны. У планах шмат акцый — сачыце і далучайцеся на www.ptushkі.org.

У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушастая сава і звычайны гогаль.

Даведка

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная мэта кампаніі — прыцягнуць увагу насельніцтва да прыгажосці прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць увесь год і даюць магчымасць паўдзельнічаць у акцыях вялікай колькасці чалавек рознага ўзросту, паспрабаваць сваю сілу не толькі ў творчых конкурсах, але і ў прыродаахоўных мерапрыемствах.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Жаўрук, што спявае на зямлі і не ляціць у вырай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?