Вы тут

Міліцыянеры знайшлі новыя звесткі пра подзвігі сваіх гераічных калег


Для ўвекавечвання памяці таварышаў па службе ўжо і так зроблена не мала. Ва ўпраўленні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама ёсць галерэя партрэтаў яго кіраўнікоў пачынаючы з 1938 года, працуе зала гісторыі гэтай службы, па ўсёй вобласці ўсталёўваюцца памятныя дошкі і адкрываюцца помнікі. Але ў гісторыі міліцыі, якая налета будзе адзначаць свой 100-гадовы юбілей, яшчэ хапае белых плям. У Магілёўскім інстытуце МУС за апошнія 4 гады ўстанавілі 14 раней невядомых імёнаў. А яшчэ знайшлі новыя звесткі пра батальён міліцыі капітана Уладзімірава, які амаль цалкам загінуў падчас абароны Магілёва.


Дзміт­рый Па­нуж­да­еў упэў­не­ны, што ве­дан­не гіс­то­рыі да­па­ма­гае стаць па­тры­ё­там.

Народжаная рэвалюцыяй

Намеснік начальніка інстытута па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Дзмітрый Пануждаеў над аднаўленнем гісторыі міліцыі працуе не першы год. На яго рахунку дзве напісаныя ў суаўтарстве кнігі, прысвечаныя гэтай службе, вялікі вопыт працы з першакрыніцамі ў архівах. Асабліва яму цікавы самы змрочны перыяд станаўлення гэтай службы — ліхія 20-я гады мінулага стагоддзя. Памятаеце тэлесерыял «Народжаная рэвалюцыяй»? Дарэчы, тыя 14 прозвішчаў супрацоўнікаў магілёўскай і бабруйскай міліцыі, якія аднавіў менавіта ён, якраз з гэтага перыяду. Малодшы пешы міліцыянер Еўстафій Півановіч знік без звестак 15 студзеня 1923 года, крыху пазней было знойдзена яго знявечанае цела. У схватцы з узброенымі дэзерцірамі ў раёне Асавецкага сельсавета на Бабруйшчыне 5 лістапада 1920 года загінулі адразу тры супрацоўнікі Бабруйскай павятовай міліцыі — Леонцій Рыбак, памочнік Уладзімір Дзятлаў, малодшы міліцыянер Мікалай Трусаў. Скупыя міліцэйскія зводкі — адзінае, што нагадвае сёння пра гэтых людзей. Амаль праз 100 гадоў пасля тых падзей практычна немагчыма знайсці інфармацыю, калі яны нарадзіліся, хто іх родныя.

— У 1920-я гады ў радах міліцыі была вялікая цякучка кадраў, пастаянныя чысткі, — кажа Дзмітрый Пануждаеў. — Асабісты склад у тыя гады абнаўляўся амаль на 90%. Час быў вельмі неспакойны, бандытызм квітнеў у поўную моц. Выклік новай уладзе кідалі не толькі крымінальныя асобы, часта так званымі народнымі мсціўцамі станавіліся дзеці заможных бацькоў. Савецкая ўлада з такімі, як вядома з гісторыі, не цырымонілася. Іх маглі адлічыць з інстытута, саслаць на катаргу. Яны збягалі, вярталіся дадому і збіралі вакол сябе аднадумцаў. І насельніцтва не заўсёды было супраць іх.

Аднойчы ў Нацыянальнай бібліятэцы палкоўніку трапіла на вочы рэдкая кніга 1927 года выдання пра першыя 10 год існавання савецкай міліцыі. Гэта была сапраўдная знаходка, бо ўтрымлівала ў сабе багаты факталагічны матэрыял. Ведаючы кошт такім выданням, Дзмітрый Пануждаеў скапіраваў яе з пачатку да канца. Але глядзець без дрыжыкаў гэтую кнігу цяжка — вельмі шмат фота з трунамі, у якіх ляжаць зусім яшчэ маладыя людзі. Тагачасныя летапісцы захавалі для будучых пакаленняў сваіх паслядоўнікаў каштоўны матэрыял. «Гісторыя дзесяцігоддзя патрабавала ад работнікаў міліцыі шмат ахвяр. Мы таксама не павінны забывацца: гісторыя рэвалюцыі не сёння, дык заўтра спытае гэтыя спіскі», — гаворыцца ў прэамбуле. Яны сталі па-сапраўднаму прароцкімі для сённяшняга пакалення міліцыі, якое па каліву вяртае зніклыя ў часе імёны.

— У главе, прысвечанай загінулым барацьбітам, я знайшоў успамін пра Якава Будагоўскага, — расказвае палкоўнік міліцыі. — У пачатку 2000-х мне давялося размаўляць з яго дачкой, яна даслала фота свайго бацькі. З дапамогай гэтай кнігі мы ўдакладнілі дату і абставіны гібелі яшчэ аднаго нашага калегі Царанкова. А на адным са здымкаў я ўбачыў каля труны твар знаёмага чалавека — Сямёна Файнштэйна. У 1924 годзе ён быў назначаны начальнікам акруговай міліцыі, якая ў той час аб'ядноўвала палову раёнаў Магілёўскай вобласці. З 1924-га па 1930 год да рэарганізацыі акруг у раёны ён кіраваў без аніякіх нараканняў. Усюды, дзе прыходзілася чытаць пра яго, гаворыцца, як ён якасна выконваў сваю работу. За старанні быў узнагароджаны срэбным гадзіннікам. У 1930 годзе сляды яго згубіліся. Цікава, што далей было з ім? У архіве знайшоўся дакумент, што ў 1965 годзе ў Самары яго віншавалі з 70-годдзем. Збіраемся папрасіць нашых самарскіх калег знайсці яго асабістую справу.

У ма­гі­лёў­скай мі­лі­цыі — ба­га­тая гіс­то­рыя.

Без тэрміну даўнасці

Даследаванні дапамагаюць знайсці шмат цікавых, раней невядомых фактаў з біяграфіі былых супрацоўнікаў магілёўскай міліцыі. У Нацыянальнай бібліятэцы Дзмітрый Пануждаеў, гартаючы Веснік НКУС РСФСР, выпадкова наткнуўся на некралог Паўла Карбоўскага. Гэты чалавек меў непасрэднае дачыненне да Магілёва. Але праз памылку ў назве вобласці, дзе яна была пазначана як Магілянская, ён проста выпаў з гісторыі магілёўскай міліцыі. Сам факт існавання некралога ў такім аўтарытэтным выданні сведчыць, што чалавек быў паважаны.

Ёсць невядомы перыяд і ў біяграфіі Віктара Бальзоўскага, які пэўны час узначальваў магілёўскую акруговую міліцыю. Пасля паспяховага кар'ернага росту да начальніка Мінскай школы міліцыі ён нечакана ў 1944 годзе трапіў у спісы ворагаў народа і быў сасланы ў Сіблаг. У 1960 годзе быў рэабілітаваны пасмяротна.

Імя Дзмітрыя Вольскага ўвекавечана даўно. Ён загінуў у 1941-м пры абароне мосту цераз Днепр у Магілёве. Упраўленнем ДАІ Магілёўскага аблвыканкама нават праводзіцца конкурс на прыз гэтага героя. «Але пра яго доўгі час нічога не ведалі родныя, — расказвае Дзмітрый Пануждаеў. — Некалькі гадоў таму ў Магілёў прыязджала яго ўнучка. Яна расказала пра свайго бацьку — сына гэтага абаронцы. Ён доўгі час шукаў сляды Дзмітрыя Вольскага, але беспаспяхова. Сам прыехаць не змог, узрост не дазваляў ды яшчэ і аперацыя на сэрцы. А вось унучка героя паклала гваздзікі каля сімвалічнага каменя на Савецкай плошчы, якая сёння носіць імя Славы.

Па слядах батальёна капітана Уладзімірава

Гэта імя амаль свяшчэннае для Магілёва, а для міліцыі — яскравы прыклад самаахвярнасці і мужнасці. Пры абароне Магілёва ў ліпені 1941 года на чале міліцэйскага батальёна з 250 байцоў Канстанцін Уладзіміраў на працягу сямі дзён стрымліваў націск фашыстаў на паўночных подступах да горада. Калі сілы былі на зыходзе, паранены камандзір падняў апошніх байцоў батальёна ў атаку. Пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Штогод каля помніка батальёну міліцыі ў вёсцы Гаі адбываюцца ўрачыстыя мітынгі, але дагэтуль усё яшчэ існуюць стыхійныя пахаванні гэтых герояў. Невядомымі застаецца і большасць байцоў гэтага батальёна. Пакуль вядома толькі 41 прозвішча.

— Мы таксама займаліся пошукамі інфармацыі, апытвалі відавочцаў, — расказвае старшы інспектар па асобых даручэннях групы міжнароднага супрацоўніцтва інстытута МУС Аляксей ЦЮЦЮНКОЎ. — Цяпер паявіліся новыя звесткі. Відавочца гэтых падзей Браніслаў Дашкевіч, ураджэнец вёскі Гаі, быў на той час дзіцем, але ўдзельнічаў у пахаванні салдат і міліцыянераў. Расказаў, што на тэрыторыі самой вёскі трымалі абарону чырвонаармейцы, а міліцыянеры — на ўзвышшы. Пасля нямецкага артабстрэлу лясок на той вышыні амаль знік. Але байцы змагаліся да апошняга. Дзе мясцовыя закапалі загінулых міліцыянераў, ён не ўспомніў, затое паказаў месца пахавання чырвонаармейцаў. А вось відавочца Мікалай Сляпнёў паведаміў, што дапамагаў дарослым хаваць менавіта міліцыянераў. І нават паказаў тую траншэю, дзе, па яго словах, ляжыць 20 чалавек. У маі, як толькі надвор'е будзе спрыяць, збіраемся пачаць раскопкі з удзелам пошукавікоў з клуба ВІККРУ, 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна і нашых курсантаў.

Удзел у пошукавай дзейнасці для курсантаў інстытута гэта свайго роду пасвячэнне ў прафесію.

— Вучым іх навыкам работы з архіўнымі дакументамі, расказваем, як іх шукаць, што яны з сябе ўяўляюць. Усё гэта дапамагае маладым людзям адчуць сваё дачыненне да гісторыі і выхаваць любоў да справы, якой яны займаюцца, — кажа Дзмітрый Пануждаеў. — У будучыні мы збіраемся ўстанавіць па апісаннях за 1921 год, дзе ў Магілёве знаходзіліся аддзелы міліцыі. І тут зноў-такі вялікія надзеі ўскладаюцца на нашых курсантаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Імёны, упісаныя ў вечнасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.