Вы тут

Фестываль «Лістапад» застаецца назаўсёды з тымі, хто яго датычны


Для каманды «Лістапада» праца над стварэннем праграмы, фарміраваннем журы, запрашэннем гасцей і арганізацыяй мерапрыемстваў ідзе цэлы год. Аматары фестывальнага кіно, што сочаць за галоўнай кінападзеяй года, атрымліваюць першыя весткі за два-тры месяцы да пачатку форуму. Фактычна «Лістапад» доўжыцца восем дзён, але з тымі, хто яго датычны, фестываль застаецца назаўсёды, бо не можа прайсці бясследна.


Сёлета на форуме паказалі больш за 160 карцін, з якіх каля 80 былі конкурснымі. Ён гасцінна прыняў канадскага рэжысёра Дэні Катэ, генеральнага сакратара міжнароднай федэрацыі кінапрэсы ФІПРЭССІ Клауса Эдэра, адборшчыка кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне Рабэрта Куэта, намінанта на Оскар грузінскага рэжысёра Зазу Урушадзэ, польскага рэжысёра Паўла Лазінскага, аўтараў, прадзюсараў і акцёраў фільмаў, што паказваліся на мінскіх пляцоўках. Форум паспяхова правёў мерапрыемствы Індустрыяльнай платформы, прызначанай ствараць у краіне адпаведны кантэкст — кінаіндустрыю. У рэшце рэшт, арганізаваў гледачу ўсе ўмовы для пашырэння свядомасці. Натуральна, «Лістапад» — не просто падзея месяца, гэта важная частка жыцця.

Так не па-лістападаўску падчас фестывалю выпаў снег. Гэта было вельмі прыгожа: мы абмяркоўвалі стужкі, якія толькі што паглядзелі, а на праспект Незалежнасці за акном падалі пушыстыя сняжынішчы. Дарэчы, Дэні Катэ нечым нагадвае Санта-Клауса, так у мяне ўвогуле склаўся чароўны калядны настрой. Падарункамі ў такім выпадку было, канешне ж, кіно. Вялікія вокны бара гасцініцы «Мінск» — пляцоўкі фестывальных вечароў, умоўнага «месца сустрэчы, якое змяніць нельга», куды вялі ўсе дарогі, — выходзяць на Плошчу Незалежнасці, і ў такое надвор'е гасцям адкрывалася цудоўнае відовішча. Пасля абмеркавання фільмаў, сусветнай кінаіндустрыі, прэзідэнцкіх выбараў у ЗША некаторыя фестывальныя госці выкарыстоўвалі магчымасць упершыню за шмат гадоў прагуляцца пад снегам. Ухутаны вартаўнік каля Дома ўрада жартаўліва раіў ім сядзець у такі час у кватэры, але ён жа разумеў, што для некаторых гэта — падзея.

Асноўны конкурс ігравога кіно і «Маладосць на маршы» паказваліся ў кінатэатры «Цэнтральны». Тут тусаваліся журы першай праграмы на чале з сур'ёзным, прадстаўнічым Зазам Урушадзэ і «рокеры» — журы «Маладосці» з Дэні Катэ ў якасці старшыні. Асноўны конкурс дакументальнага кіно дэманстраваўся ў «Міры», яго ацэншчыкі — у асноўным практыкуючыя кінематаграфісты — увесь час імкнуліся пераманціраваць конкурснае кіно і актыўна абмяркоўвалі, як яно зроблена. Напэўна, у польскай карціне «Прычасце» Ганны Замецкай і нямецкім «Аўстэрліцы» Сяргея Лазніцы ўсё было на сваім месцы, таму яны аказаліся ў фаварытах. Больш за ўсіх, як звычайна, працавала журы кінапрэсы, бо з раніцы да вечара глядзела два конкурсы ігравога кіно, з якога павінна было выбраць уладальніка «Срэбра Лістапада». І прызначыла яго карціне «Мімозы» Олівера Лакса — другой рабоце француза, які ўжо дзесяць гадоў жыве ў Марока.

Золата між тым было заслужана аддадзена карціне «Лілі Лейн», знятай у капрадукцыі Венгрыі, Германіі і Францыі. Дзіўны аповед пра стасункі Рэбекі са сваім сынам праз візуалізаваную падсвядомасць, мерны голас у скайпе, сумеснае баўленне часу. І геаграфічна, і па сутнасці фільм выбіваецца з праграмы Асноўнага конкурсу ігравога кіно, які з большага канцэнтруецца на чалавеку ў сістэме. Калі ў «Лілі Лейн» і ёсць нейкая сістэма, то гэта чароўны свет вобразаў, у якіх жывуць ці то маці, ці то сын, ці то яны абодва. Назва — гэта проста вуліца, звязаная з падзеямі ці здымкамі, але яна так пасуе магічнай атмасферы на экране. Бацька, з якім галоўная гераіня не жыве, аб'яўляецца толькі ў якасці голаса, памерлая бабуля існуе як прах у скрыні і пакінуты ў спадчыну дом. Апроч маці, сына і казкі, у якой Рэбека насамрэч распавядае гісторыю свайго жыцця, — больш нічога.

І ў каментарыях журналістам, і ў кулуарных размовах госці характарызавалі конкурсныя праграмы «Лістапада» адназначна — як вынік высакаякаснага, сістэмнага, прафесійнага адбору. Ды нам гэта ўжо даўно вядома — Мінскі кінафестываль становіцца ў пэўным сэнсе гарантам якасці. Так, ён не прапануе дарагіх цырымоній, Катрын Дэнёў, зорную чырвоную дарожку — замест гэтага застаецца, можна сказаць, чыстае мастацтва, пэўны абсалют, ад якога гучныя імёны не адцягнуць. Гэта вельмі камерная тусоўка, дзе абмяркоўваецца, вядома ж, сапраўднае мастацтва кіно і завязваюцца хутчэй моцныя сяброўскія сувязі, чым заключаюцца кантракты. У душы «Лістапада» маецца свой жанр.

І нельга без лыжкі дзёгцю: адкрыццё і закрыццё фестывалю выяўляюць, што цырымоніямі і кіно на «Лістападзе» займаюцца дыяметральна розныя людзі. Абавязковыя рытуалы так моцна дысануюць з інтэлектуальнай кінапраграмай, што аказваюцца на процілеглым полюсе пачуцця густу.

Тым не менш лыжка дзёгцю — адна, цырымоніі забудуцца, а кіно застанецца, бо, паўтаруся, «Лістапад» — гэта свята, якое заўсёды з табой.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Тыднёвы кінафестываль «Лістапад» насамрэч працягнецца на ўсё ваша жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?