Вы тут

Дзе не трэба шукаць жаніха


Гэтым разам дзённік журналісткі-авантурысткі, якая шукае патэнцыяльнага жаніха, папоўніўся неспрыяльнымі ўражаннямі ад пэўных месцаў знаёмстваў...


«Неспрыяльныя» месцы: 
медыцынская ўстанова, начны клуб, стадыён (спартбар), трэнажорная зала;

Абавязкова для выканання:
годныя паводзіны ў любой сітуацыі (нават калі вас «адшылі»);

Варта пазбягаць: 
няўпэўненых, раздражнёных і занятых мужчын; кавалераў з бацькамі, сяброўкамі, жонкамі, дзецьмі.

— Ён мне так і не патэлефанаваў, але нумар запісваў дакладна, — з жалем расказвала Надзька пра сваю чарговую правальную спробу пазнаёміцца з хлопцам у начным клубе. — Ну што са мной не так?

— А можа, табе проста месца знаёмстваў змяніць? — выказала здагадку я.

І, як высветлілася пазней, мела рацыю.

— Ну, не ідуць хлопцы ў клуб для таго, каб знайсці дзяўчыну на ўсё жыццё, — разгаварыўся мой стрыечны брат Андрэй. — І заручальны пярсцёнак на ўсялякі выпадак у кішэню не кладуць. 99% хлопцаў наведваюць падобныя ўстановы, каб выпіць, або знайсці дзяўчыну на адну ноч. Не бывае так, што пасля палкага пацалунка ў цемры дзесьці каля прыбіральняў нараджаецца вялікае і светлае пачуццё... Усё ж такі лепей знаёміцца пры добрым асвятленні і на цвярозую галаву...»

Яшчэ адно няўдалае месца для пошуку жаніха — медыцынскія ўстановы. Нармальны мужчына не любіць адчуваць сябе бездапаможным, слабым або хворым. І любыя спробы заваявання ўвагі ў такой сітуацыя яго толькі раззлуюць. Ёсць, зразумела, «парода» гуллівых дзядкоў — прафесіянальных вандроўнікаў па бальніцах, якія любяць паміж працэдурамі падлашчвацца да ўсіх жанчын у радыусе метра. Але такіх, на мой погляд, усё ж такі меншасць.

***

Білеты на футбол мы з Кацькай купілі за месяц да самога матча. Разам з гэтым раскашэлілася я і на новую спадніцу-міні. «Калі не спартыўнымі ведамі, дык адзеннем жаніхоў браць будзем», — выспяваў план у галаве.

— Малады чалавек, падкажыце, калі будзе перапынак? — запытала я ў кандыдата з шалікам у руках. — Я не часта на падобных мерапрыемствах бываю, а вы, відаць, сапраўдны заўзятар, усё тут ведаеце.

— Матч скончыцца праз 7 хвілін, — суха адказаў кавалер. — Не разумею, навошта вы сябе мучыце? Што вы тут забылі?

«А забылі мы тут вас, мужчыны! — злавалася я на сябе. — Усё ж здавалася так проста! Стадыёны, спартбары, гонкі і скачкі — высокая канцэнтрацыя жаніхоў. І ўсе актыўныя, адкрытыя, гатовыя пайсці на кантакт». Ды дзе там, практыка паказала іншае! Кавалеры ў момант назірання за выступленнем любімай каманды далёкія ад ўсяго на свеце, акрамя гэтай самай каманды. І якая б ні была на мне спадніца, для іх зараз у мільёны разоў важней, куды пабеглі брудныя і пакамечаныя шорты нападаючага.

— Прабачце, калі ласка, які лік? — звярнулася да чарговага прэтэндэнта ў цёмна-сіняй куртцы. — Мы па каву адбягалі...

Мужчына рэзка паварочваецца да мяне, ацэньвае поглядам і... з усёй сілы пачынае біць у барабан. У гэты момант да «важака» далучаюцца яшчэ некалькі «стадыённых музыкантаў». «Свабодных месцаў у гэтым «ансамблі» няма», — з расчараваннем разумею я.

Аналізуючы свой правал, наткнулася на некалькі цікавых гісторый на форумах у інтэрнэце. Хітрыя жанчыны спрабуюць абудзіць да сябе інтарэс, пагружаючыся разам з патэнцыйнымі жаніхамі ў дэталі спартыўнага жыцця. Яны вучаць невымоўныя прозвішчы гульцоў і старанна запаўняюць квадрацікі турнірнай табліцы. І ўсё, здавалася б, ідзе добра. Кавалеры пачынаюць іх паважаць, купляюць ім білеты на самыя лепшыя месцы і нават дасылаюць на асабістую пошту тэксты новых крычалак. Аднак пра адносіны мужчыны і жанчыны тут нават і гаворкі не ідзе. Ты проста становішся «сваім хлопцам». Вам ГЭТА трэба?

***

— Прабачце, а на якую групу мышцаў вы зараз робіце практыкаванне? — звяртаюся да сімпатычнага кандыдата ў трэнажорнай зале. — Шукаю для сябе нешта новае. Мабыць дапаможаце?

— Я? Дзяўчына, ды з мяне восьмы пот сыходзіць і мне не да размоў, — чую я ў адказ. — Найміце сабе трэнера!

«Дык я хацела, каб ім стаў ты!», — прамільгнула думка ў галаве. Але адказваць было ўжо позна: кандыдат стаяў перад люстэркам і старанна выціраў лоб ручніком. І сапраўды, знаёміцца з дзяўчынай, калі ты толькі падняў штангу і стаіш з пылаючым ад нагрузкі тварам, не вельмі прыемна.

Так, калі мужчыну застаюць у не самым выгадным для яго свеце, ён становіцца дрэнным субяседнікам. На гэты конт зусім нядаўна размаўляла з сябрам, які вельмі нядобразычліва «праехаўся» па звычках некаторых дзяўчат знаёміцца там, дзе гэта проста недарэчна.

— Вось уяві, стаіць на абочыне загарэлы мускулісты прыгажун і задуменна корпаецца ў сваёй машыне. Тут побач спыняецца яшчэ адно аўто, з яго выходзіць даўганогая лэдзі і кажа: «Гэй, валадар дарог, у мяне ёсць усё, што табе трэба для шчасця, — тры літры тасола для твайго перагрэтага матора!» І як ты думаеш, хлопец узрадуецца? Вось так адразу прыме дапамогу і запросіць сваю выратавальніцу на спатканне? Ніколі! Бо яна была сведкай яго бездапаможнасці!»

***

— А дзе ж тады знаёміцца з мужчынамі?! — адрасавала я пытанне тату. — Тут вы не гатовыя, тут вас няма, а тут вы ў думках чорт ведае дзе...

— Вось ён, самы вялікі сакрэт: сапраўдныя мужчыны шукаюць самі. Ты, галоўнае, не перашкаджай ім...

ВЫВАДЫ:

  • Забараняецца знаёміцца ў сітуацыях, калі мужчына не можа праявіць сябе або знаходзіцца ў нявыгадным для яго стане.
  • Пры знаёмстве нельга імкнуцца рабіць за кавалера «яго справу». Гэтым вы толькі падкрэсліце бездапаможнасць мужчыны.
  • Не варта пры першай сустрэчы спрабаваць накарміць і абагрэць мужчыну. Ён можа падумаць, што выклікае ў вас толькі пачуццё жалю.
  • Лепш пазбягаць месцаў, дзе мужчына поўнасцю раствараецца ў сваім хобі і яму проста не да вас. Дачакайцеся, напрыклад, пакуль матч скончыцца, і падпільнуйце кандыдата каля выхаду.

Сафія ГРОМАВА

grоmаvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не там, дзе трэба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».