Вы тут

Ніколі не позна


Хто можа адказаць на пытанне, чаму жаночыя мары здзяйсняюцца? Нават тыя, якія, здавалася, немагчыма і западозрыць у якім бы там ні было ажыццяўленні, раптам без асаблівай прычыны праяўляюць такую паслужлівасць...


Больш за дзесяць гадоў таму я толькі паблажліва ўсміхнулася ў адказ на адну жаночую прамову, а цяпер зразумела нават сэнс, які ў яе не ўкладаўся. Хіба ж магчыма было не ўсміхнуцца ў адказ на словы каляжанкі пра тое, што — увага! — ніякая жанчына, маючы нават добрага мужа, ніколі не павінна губляць надзею на... Як яна тады сказала? Надзею на новае прозвішча? Надзею на вясельную сукенку? Неяк так.

Памятаю, як прайшло з таго часу гадоў, можа, пяць, і ўжо новая каляжанка на новай рабоце, маючы, між іншым, добрага мужа, гартала каталог з вясельнымі сукенкамі.

Ну, а хто не ведае: калі жанчына гартае выявы прыгожых строяў, ніколі не абыходзіцца без таго, каб яна гэтыя строі хоць бы ва ўяўленні не прымярала. А гэтая каляжанка не проста іх прымярала — яна выбірала, інакш не скажаш. З процьмы вясельных сукенак, якія ёй, дызайнеру жаночага часопіса, трэба было адабраць для размяшчэння ў якасці рэкламы, яна выбірала тую, якая найбольш пасавала б ёй, а не старонкам часопіса. Больш за тое, яна не толькі выбірала сукенку сабе, яна яшчэ і суседак па кабінеце, можна сказаць, спакушала, бо каментарыямі пра тое, якой з нас які строй больш пасуе, сыпала налева і направа. Кароткія і доўгія, адкрытыя і закрытыя, прамыя і пышныя, сціплыя і не вельмі — кожную сукенку з таго каталога яна «прымервала» на кожную з нас.

І цяжка сказаць, чаго ў той працэдуры было болей — нечага такога, што нельга было патлумачыць, ці простай гарэзлівасці. Бо хто ведае, пра што можа думаць замужняя жанчына, разглядаючы шлюбныя строі?

І што? Не ведаю, як яна, але я праз роўна два гады не толькі выбірала сабе шлюбны строй, але і купляла яго. Проста аднойчы, праз дваццаць два гады сямейнага жыцця, атрымала прапанову стаць жонкай! Прычым, жонкай таго ж самага мужа, Яго жонкай, не толькі перад людзьмі, але і перад Богам. Шлюбны строй — доўгая прыгожая сукенка сметанковага колеру, такога пяшчотнага і такога высакароднага, — купляўся на вянчанне. І вязаліся маімі рукамі карункавыя беражкі для хусціначак, у якіх трымалі мы ў храме свечкі. І тады я ўспомніла і зразумела як дадзенае: ніякая жанчына, маючы нават добрага мужа, ніколі не павінна губляць надзею на вясельную сукенку.

...А раптам тая каляжанка сказала так не пра сукенку? Раптам кавалак той колішняй прамовы меў крыху іншы сэнс: ніякая жанчына, маючы нават добрага мужа, ніколі не павінна губляць надзею на новае прозвішча?

Месяц таму мяне ахапіў новы прыемны клопат: спісваючы ў штодзённіку старонку за старонкай, я прыдумляла сабе новы подпіс. Калі літару С (ад імя Святлана) выгнуць лацінкай, з яе можа атрымацца аснова для літары В (на якую пачынаецца прозвішча майго мужа), і ў выніку выйдзе чароўны вензель! Аказваецца, мяняць сваё дзявочае прозвішча, з якім не разлучалася больш за сорак гадоў, — не страшна, а страшна цікава і вельмі прыемна. І ніколі не позна. Яшчэ больш прыемна — калі гэта прозвішча адзінага каханага мужчыны, з якім і пра новую шлюбную сукенку марыць не грэх.

Свят­ла­на ВО­ЦІНАВА, га­лоў­ны рэ­дак­тар ча­со­пі­са «Ма­ла­досць»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.