Вы тут

Пагуляем у каханне?


Што ні кажыце, а мужчыны пайшлі не тыя — драбнаватыя нейкія. Не ў фізічным сэнсе — з гэтым яшчэ так-сяк мірыцца можна. А ў плане, так бы мовіць, «начынкі», зместу, шырыні натуры...


Не, напачатку знаёмства ўсё адбываецца як мае быць. Ён з'яўляецца на першае спатканне ў начышчаных да бляску чаравіках, дастае з кішэні два білеты ў тэатр, потым запрашае куды-небудзь павячэраць... Наступны раз усё паўтараецца, толькі ўжо без білетаў... А потым ён і ўвогуле не з'яўляецца на прызначаную сустрэчу. Ты прыходзіш, бітую гадзіну разглядаеш шыльду якога-небудзь моднага італьянскага рэстаранчыка, нервуешся, уяўляеш сабе ўсялякія жахі («трапіў у аварыю», «злёг з тэмпературай», «пакахаў іншую» і да т. п.). Пры гэтым твой мабільны тэлефон маўчыць, а «абанент» увесь час недаступны... Нарэшце, ты вяртаешся дадому, не ведаючы, што і думаць. Пачуццё страху выцясняецца злосцю, злосць змяняецца рэўнасцю, а рэўнасць — прылівамі пяшчоты («ён абавязкова знойдзецца і ўсё растлумачыць!»). Праз тры гадзіны, калі нервовае напружанне дасягае свайго апагея, на ватных нагах падыходзіш да тэлефона, каб пазваніць, скажам, у морг (не разумею, чаму ўсе жанчыны кідаюцца тэлефанаваць менавіта ў морг?). І тут злавесная цішыня лопаецца ад званка мабільніка. «Ну, як справы? — цікавіцца твой каханы, быццам нічога не здарылася і ніякай ранейшай дамоўленасці паміж вамі не існавала. — Яшчэ не спіш? Дзівачка. А я ўжо кладуся... Чаму не прыехаў на сустрэчу? М-м-м... Ну... там такое надвор'е сёння, снег з дажджом... Падумаў, ты ўсё роўна не прыйдзеш. Прыходзіла? Хвалявалася? У бальніцу хацела тэлефанаваць?.. Ну, не можаце вы, жанчыны, без крайнасцяў...»

Мне адна мая сяброўка каштоўную параду дала: хочаш, сустракаючыся з мужчынам, зберагчы здароўе і нервы — стаўся да вашых адносін з пэўнай доляй гумару, як да гульні.

Не будзь занадта сур'ёзнай, не прымай нічога блізка да сэрца, не паглыбляйся ў пачуцці — не зацыклівайся... Інакш прападзеш ні за што...

Я доўга не магла зразумець, як можна не паглыбляцца ў пачуцці. Яны або ёсць, або іх няма. І што гэта за каханне такое — нібыта «другога гатунку»? Сёння ў мяне ёсць настрой і час — мы сустракаемся. Заўтра няма ні настрою, ні часу — гуд бай, хлопчык, аўфвідэрзэен, арыведэрчы? А як жа быць з адказнасцю за таго, каго прыручаеш?..

Карацей кажучы, я так доўга насілася з гэтай сваёй адказнасцю, што... сама сабе надакучыла. У рэшце рэшт, нічога страшнага не здарыцца, падумала я, калі сапраўды ўнесці ў адносіны долю здаровага пафігізму. Напрыклад, перастаць яму штодзень тэлефанаваць, задаваць традыцыйнае пытанне «як справы?», выслухоўваць падрабязныя і нікому (акрамя мяне) не патрэбныя справаздачы аб гэтых самых справах, супакойваць з нагоды дробязных (не кажучы аб буйных) непрыемнасцяў на рабоце, падсілкоўваць яго «эга» дыфірамбамі ў адрас існуючых (а яшчэ больш — неіснуючых) вартасцяў...

Прызнаюся шчыра: першыя дні, тыдні і нават месяцы мне было невыносна цяжка выкрэсліваць сябе з яго жыцця, пераключацца з сур'ёзных пачуццяў на «гульню». «Куды ты знікла?» — пытаўся ён пасля тыдня майго маўчання. «Ды так... ведаеш, — як мага больш раўнадушна адказвала я, ахутваючы сябе флёрам загадкавасці, — было некалькі важных сустрэч, мяне літаральна разрывалі на часткі!» (Не магла ж я прызнацца, што ўсе гэтыя праклятыя сем дзён трэніравала сваю волю, хаваючы мабільнік у пральнай машыне, каб лішні раз не ўзнікла спакусы патэлефанаваць...) «А-а-а, — супакойваўся ён. — Ну, вельмі рады за цябе. Бывай!» «Бывай-бывай!» — весела развітвалася я, выключала тэлефон і куляй неслася ў ванны пакой — рыдаць... Гульні не атрымлівалася, яго браня здавалася непрабівальнай у параўнанні з маімі кволымі даспехамі... Тады я павялічыла тэрмін свайго маўчання, адсекла ўсе магчымыя кантакты праз інтэрнэт... Я чакала, што гэта падштурхне яго да больш актыўных дзеянняў, прымусіць хвалявацца, нервавацца, шукаць сустрэч... Дні праходзілі за днямі, тыдні за тыднямі... «Ну што, выкінула яго з галавы?» — дапытвалася сяброўка. «Не!» — упарта адказвала я. «Тады гэта несапраўдная гульня. Ён адчувае твае флюіды. Працуй над сабой, займайся аўтатрэнінгам. Хадзі ў спартзалу — на фітнес ці яшчэ куды...» Я працавала, займалася то шэйпінгам, то шопінгам, знаёмілася з цікавымі людзьмі... Здавалася, яшчэ крыху — і я зацісну свае пачуцці ў кулак і змагу кіраваць імі. Але... упарта прачыналася і клалася спаць з яго імем.

Надышоў дзень майго нараджэння — і адначасова дзень, калі мы пазнаёміліся. Адразу нахлынулі ўспаміны — пяшчотныя хвалькі па-здрадніцку казыталі сэрца. І яно не вытрымала — паддалося. «Усё, хопіць сябе катаваць, — вырашыла я. — Няхай толькі патэлефануе, і я раскажу яму пра сваё каханне і выкажу ўсё-ўсё, што назапасілася за доўгія тыдні маўчання!»

Але ён не патэлефанаваў. Ні раніцай, ні днём, ні ўвечары. Ні заўтра, ні паслязаўтра, ні праз тыдзень... Гэта быў сапраўдны шок, дараваць такое я ўжо не магла, тым больш — паставіцца да гэтага з гумарам. Шоры ўпалі, ружовыя акуляры разляцеліся на дробныя кавалкі, і я нарэшце зразумела, што змагалася за пачуццё, якое... сама сабе прыдумала. Так бывае — траціш гады на спасціжэнне ісціны, а потым у адно імгненне робішся мудрым. Я проста фізічна адчула, як адыходзіць каханне. Адвальваецца, як сухая корка ад дрэва. Вось так. Лёгка. Без болю і надрыву.

...А роўна праз год на мой дзень нараджэння — я якраз была на рабоце — дзверы ў кабінет расчыніліся, і на парозе ўзнікла знаёмая постаць. З букетам хрызантэм майго любімага колеру. Ён падышоў і паклаў іх на стол. Потым прысунуў крэсла і сеў побач. «Ну, як справы?» — спытаў упэўнена, быццам мы развіталіся толькі ўчора. «Слухай, — не вытрымала я. — Ты не з'яўляўся цэлы год!» «Няўжо? — шчыра здзівіўся ён. — Хоць магчыма... А што гэта мяняе?»

Мы папілі каву з прынесенымі ім цукеркамі і пагаварылі адно з адным так, быццам сапраўды нічога не здарылася...

«Да заўтра?» — спытаў ён на развітанне. Усміхнуўся, пацалаваў мяне доўгім-доўгім пацалункам і знік. З таго часу мінула не год і не два. Але я не здзіўлюся, калі аднойчы, у дзень майго нараджэння... Не, лепш не загадваць. Дастаткова ўспамінаў. І надзеі, якую ён мне пакінуў. І сухіх хрызантэм у шклянцы.

Не так ужо і мала, каб адчуваць сябе шчаслівай. Ці не праўда?

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».